Квітнеючая Нікарагуа і беларускі досвед
Усё ж на БТ не хлусяць, калі кажуць, што беларускі вопыт запатрабаваны за мяжой. У Нікарагуа за апошні месяц паліцыя затрымала пятага апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты краіны.
Выбары ў Нікарагуа павінны адбыцца 7 лістапада, што вельмі сімвалічна. Дата 7 лістапада — ў тым ліку сімвал рэвалюцыі, кропкі пералому. І, падаецца, у Нікарагуа ўсё таксама ідзе да нейкай маштабнай канфрантацыі. Прычым ідзе вельмі дынамічна.
За апошні месяц пяць кандыдатаў ад апазіцыі аказаліся за кратамі. І гэта без уліку актывістаў «другога эшалона». Акрамя таго, пачалося расследаванне дзейнасці найбуйнейшай некамерцыйнай арганізацыі ў сувязі з абвінавачаннем у атрыманні ёю фінансавых сродкаў ад ЗША. Пракуратура сцвярджае, што Вашынгтон выдаваў гранты з мэтай аказання ўплыву на ўнутраную палітыку краіны.
Што тычыцца затрыманых, то ім прад’яўляюцца абвінавачанні ў парушэнні артыкулаў «Закона аб абароне права народа на незалежнасць, суверэнітэт і самавызначэнне ў імя міру». Закон вельмі супярэчлівы, аднак дазваляе лёгка затрымаць любога праціўніка рэжыму. Зрэшты, магчыма, у справе з’явяцца і новыя артыкулы. Спікеры адміністрацыі прэзідэнта гавораць, што арыштаваныя рыхтавалі пераварот, заказчыкамі якога з’яўляюцца тэрарысты і арганізаваны крымінал.
У прынцыпе, такіх фокусаў ад прэзідэнта Даніэля Артэгі трэба было чакаць. Многія яшчэ памятаюць падрабязнасці папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі. Напярэдадні старту тых выбараў Канстытуцыйны суд забараніў папулярнаму апазіцыйнаму палітыку-лібералу Эдуарду Монтэалегрэ не толькі ўдзельнічаць у выбарах, але нават і ўзначальваць партыю.
Апазіцыя імгненна абвясціла кастынг, на якім перамог Луіса Калеяса. Адгадайце, як у адказ паступіў Артэга? Правільна, праз суд забараніў таму балатавацца. У выніку атрымалася дамагчыся, каб у выбарчыя бюлетэні патрапілі фігуры палітыкаў, апрыёры не здольных скласці канкурэнцыі дзеючаму прэзідэнту.
Падобныя крокі, відавочна, не выклікалі захаплення ў лідараў заходніх дэмакратый. Што ўжо казаць пра рэакцыю на апошнія навіны з Манагуа. Прафілактычныя арышты патэнцыйных кандыдатаў наогул выклікалі асцярогі за лёс дэмакратыі ў гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне. Многія згодныя з тэзісам апазіцыі, што ўлада ідзе па шляху пабудовы палітычнай дынастыі, якая нічым не адрозніваецца ад клана Самоса, які быў зрынуты сандынісцкай рэвалюцыяй.
Тое, што Даніэль Артэга, былы змагар з дыктатурай, калі стаў прэзідэнтам, вырашыў ужываць дыктатарскі інструментарый, — у чымсьці парадокс. Больш за тое, Артэга нават пераследуе былых таварышаў па руху сандыністаў. Напрыклад, па выніках апошняга хапуна ў турме аказалася легендарная баец сандыністаў Дора Марыя Тэлез.
Далей за ўсіх у ацэнках таго, што адбываецца ў Нікарагуа, ідзе прэса кубінскай эміграцыі ў Фларыдзе. Тут 7 лістапада разглядаюць як нейкую гістарычную мяжу. Калі Артэга здолее выйграць выбары, то Нікарагуа, маўляў, пачне трансфармавацца ў аналаг Кубы.
Што дае дазвол нікарагуанскім уладам праводзіць такі жорсткі рэпрэсіўны курс, яўна рызыкуючы пры гэтым нарвацца на знешнія санкцыі? Інстынкт палітычнага выжывання любым чынам? На самой справе, нейкая логіка тут прысутнічае. Магчыма, Артэга спадзяецца, што большасць нікарагуанцаў праігнаруюць заявы апазіцыі пра фальсіфікацыі выбараў.
Па-першае, за кошт сацыяльных праграм і прагматычнай эканамічнай палітыкі Артэга стварыў сабе ядзерную групу падтрымкі. Па-другое, афіцыйныя СМІ ставяць электарат перад катэгарычнай дылемай: або Артэга, або хаос. Сапраўды, у адрозненне ад суседзяў, краіна здолела пазбегнуць усплёску злачыннасці, які накрыў многія дзяржавы Цэнтральнай Амерыкі. Мясцовыя наркабароны не ўяўляюць такой пагрозы грамадству, як у той жа Мексіцы.
Як вынік нейкай адноснай стабільнасці — плынь нелегальнай міграцыі ў ЗША з Нікарагуа не такая вялікая. Гэты момант дазваляе спадзявацца, што Вашынгтон, які з вялікай цяжкасцю стрымлівае націск мігрантаў, заплюшчыць у лістападзе вочы на чарговую элегантную перамогу Артэгі. Акрамя таго, геапалітычнае плячо рэжыму гатовыя падставіць як мінімум Венесуэла, Балівія, Мексіка і Кітай.
Аднак усё ж называць рэжым Артэгі занадта стабільным не атрымліваецца. Сістэмнае маніпуляванне прэзідэнцкага клана судовай сістэмай, выбарчымі органамі і сілавымі структурамі, кумаўство — усё гэта многім не падабаецца.
Каштоўнасці і традыцыі сандынісцкай рэвалюцыі, на якой спекулююць ўладныя ідэолагі, не вельмі зразумелыя маладым нікарагуанцам — прадукту эпохі інтэрнэту і сацыяльных сетак. Менавіта моладзь складала касцяк вулічных пратэстаў у 2018-м, ліквідаваць якія аказалася не так проста. Менавіта па слядах гэтых падзей была сфармірцаваная кааліцыя «Адзінства сініх і белых», якая спрабуе аб’яднаць ідэалагічна стракатую апазіцыю на платформе агульных дэмакратычных патрабаванняў.
Цікава, што прыкметнае месца ў агітацыйных матэрыялах апазіцыі займае Расарыя Мурыльё — жонка прэзідэнта, стыль паводзінаў якой можна параўнаць са стылем Раісы Гарбачовай. Сеньёра Мурыльё ведае ўсё — і, адпаведна, любіць даваць інструкцыі па ўсіх праблемах. У народзе папулярная тэма: першая лэдзі настолькі маніпулюе прэзідэнтам, што той гатовы абвясціць яе сваім пераемнікам.
Ці могуць раздражненне, якое выклікае асоба першай лэдзі, ды іншыя правалы рэжыму канвертавацца ў лістападзе ў масавыя пратэсты? У любым выпадку, для пачатку нікарагуанскай апазіцыі трэба абзавесціся сваім кандыдатам, што ў цяперашніх ўмовах будзе няпроста. Хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам патрабаванні апазіцыі і міжнародных арганізацый будуць тычыцца забеспячэння сумленнай арганізацыі выбарчага працэсу.