Народнае антыкрызіснае ўпраўленне стварае Музей вольнай Беларусі і збірае артэфакты пратэстаў
Асновай Музея вольнай Беларусі павінны стаць дакументы і артэфакты падзей 2020-21 гадоў.
Дакументы, звязаныя з выбарамі-2020, лісты і малюнкі палітвязняў, улёткі, плакаты, сцягі і іншая пратэставая атрыбутыка, кіна- і фотадакументы. Гэта і многае іншае — дакументальныя сведчанні найважнейшых гістарычных падзей, перадае «Радыё Свабода».
«Мы разумеем, што збіраць і захоўваць такія прадметы ў Беларусі цяпер небяспечна. Частка прадметаў таемна захоўваецца ў дамах вольных беларусаў, іншыя вывезены з краіны. Таму мы абвяшчаем пра запуск новага праекта — Музея вольнай Беларусі. Гаворка пра збор прадметаў музейнага значэння, звязаных з пратэставым рухам у Беларусі 2020-2021 гадоў для запуску часовай экспазіцыі, а таксама стварэння лічбавых копій для сайта музея», — адзначаецца ў анонсе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Усе звесткі пра людзей, якія перадалі інфармацыю аб прадметах праз чат-бот, застануцца, пры жаданні, ананімнымі. Гарантуецца бяспечны збор, часовае захоўванне i захаванасць прадметаў і іх копій.
Экспазіцыя Музея вольнай Беларусі па першым часе будзе размяшчацца ў Польшчы з наступным перамяшчэннем экспанатаў у новую Беларусь, неўзабаве запрацуе адмысловы сайт.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне накіравала запыт аб падтрымцы праекта ў Камітэт мемарыяльных музеяў памяці ахвяр публічных злачынстваў Міжнароднай рады музеяў (ICOM).
Стварэнне Музея вольнай Беларусі падтрымалі Беларуская рада культуры і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Далучыцца да ініцыятывы арганізатары заклікаюць дэмакратычныя сілы і ўсіх свабодных беларусаў.