«Першая куля прайшла па датычнай і параніла сабаку» — жонка інкасатара пра іх затрыманне са стралянінай

Анастасія не ведае, за што маглі затрымаць мужа і адмаўляе, што ён збіраўся ехаць ваяваць за Украіну. Да 2 верасня ў яго не было праблем з законам. Аднак яна мяркуе, што затрыманне можа быць звязана з ваенным мінулым мужа. Яе муж шэсць гадоў працаваў інкасатарам у «Белаграпрамбанку», не раз займаў першыя месцы ў прафесійных спаборніцтвах. 

У пачатку верасня ў Мінску затрымалі сям’ю: дваіх братоў і жонку аднаго з іх. Гэта прыкладна супала па даце з затрыманнем як мінімум дзесяці інкасатараў з «Белгазпрамбанка».

«М*дыязона» высветліла, што адзін з братоў, Ян Папковіч, таксама працаваў на такой пасадзе ў гэтым банку, але пры затрыманні, са слоў яго жонкі, аб працы гаворка не заходзіла — ад мужа патрабавалі расказаць, «як ён збіраўся ехаць ва Украіну». Журналісты пагаварылі з Анастасіяй Папковіч — пра параненага падчас затрымання сабаку, допыт у вайсковай частцы на Маякоўскага і крымінальную справу супраць мужа і яго брата.

У пачатку верасня тэлеграм-канал валанцёрскай ініцыятывы «Спісы затрыманых» апублікаваў інфармацыю пра затрыманне цэлай сям’і: Яна, Анастасіі і Алеся Папковічаў.

Сваякі расказалі «М*дыязоне», што раней Ян працаваў інкасатарам у «Белгазпрамбанку». Ён звольніўся 31 жніўня і 3 верасня з жонкай Анастасіяй планаваў з’ехаць у Польшчу, дзе жыве яго старэйшы брат Станіслаў. Аднак 2 верасня ў кватэру да Яна з ператрусам прыйшлі сілавікі. Анастасію затрымалі разам з мужам, але адпусцілі ў той жа дзень. Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў бяспецы.

Паводле яе слоў, усё адбылося 2 верасня раніцай у Заводскім раёне Мінска.

— Мы жылі не там, дзе прапісаны муж, а ў сябра дзяцінства мужа — на той жа вуліцы. Мы збіраліся з’язджаць з 2 на 3 верасня ўначы ў Польшчу. Там жыве старэйшы брат мужа Стас, ён арандаваў дом на ўсіх нас, і мы нават ужо былі ўпісаныя ў дамову арэнды, — расказвае Анастасія. — Другога мы прачнуліся а дзявятай раніцы, муж устаў з ложка, пайшоў па ручнік, і мы чуем, што адкрываюцца ключом уваходныя дзверы. Хлопец, з якім мы жылі, у гэты час не мог прыйсці наогул ні пры якіх умовах. Ну і ўсё. Мы з мужам глядзім адно на аднаго. Чакаем. А калі заходзіш у кватэру, першыя дзверы — у пакой, дзе жыў гэты хлопец, а па калідоры ў канцы нашыя з мужам. І я проста чую, як з нагі выбіваюцца першыя дзверы. Там гук характэрны, зразумець можна. І потым следам выбіваюцца з нагі нашыя дзверы.

Паводле слоў Анастасіі, яны нават не паспелі апрануцца пасля сну, як у пакой уварваліся два сілавікі ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі, і чатыры чалавекі ў чорнай форме. Акрамя Анастасіі і Яна ў пакоі начаваў іх пітбуль, які пачаў брахаць на незнаёмых людзей. Адзін з сілавікоў, па сцвярджэнні дзяўчыны, стрэліў у сабаку з аўтамата.

— Ён не нападае, ён проста спалохаўся і пачаў гаўкаць. І яны страляюць у сабаку. У мяне муж забірае сабаку, каб ён не пабег на іх, і кладзецца на яе. Сілавікі страляюць ўжо другі раз, у мужа. Я пачула, як ён крычыць: «Не, не, не страляйце. Я зараз прыбяру сабаку». Я паглядзела, што ў сабаку яны пацэлілі.

Першая куля прайшла па датычнай і параніла сабаку ў пысу. Старэйшы брат Яна Станіслаў даслаў «Медыязоне» фотаздымак ранення, зроблены ўжо пасля таго, як жывёле ў ветэрынарнай клініцы наклалі швы.

Сабака Яна і Анастасіі пасля здарэння. Фота: асабісты архіў

Другая куля прайшла міма сабакі і Яна, кажа Анастасія. Пасля стральбы двое сілавікоў у экіпіроўцы доўга хадзілі па пакоі і шукалі адстраляныя гільзы.

Мужу дазволілі вывесці сабаку на балкон. Я толькі ўбачыла, што сабака ўвесь у крыві. Муж зразумеў, што прыйшлі па яго, і ён проста лёг на падлогу і склаў рукі за галаву. Гэтыя, якія былі ў чорным, адразу пачалі крычаць: «Ляжаць, не рухацца, не дрыгацца, нікуды не глядзець, дзе тэлефоны?». Тэлефоны на стале ляжалі. Яны ўзялі ў мужа, пачалі пытацца пароль. Ён яго назваў, сказаў пароль ад тэлеграма, але як толькі яны ўвайшлі ў тэлеграм, ён у мужа «вылецеў». Мой тэлефон проста разблакавалі, але не палезлі далей, — успамінае Анастасія Папковіч.

Пасля гэтага пары дазволілі апрануцца. Яна адвялі ў іншы пакой і, па словах Анастасіі, доўга збівалі. Дзяўчына сцвярджае, што сілавікі абвінавачвалі яе мужа, што гэта ён нешта зрабіў з тэлеграмам на тэлефоне і пыталіся, каму ён пісаў апошняе паведамленне. Гэтыя ж пытанні пазней задавалі і самой Анастасіі.

— Я кажу, што ён тэлефон у рукі не браў, вы ж усё бачылі. Яны яго вельмі доўга білі. Мне пагражалі, але не чапалі. У мужа засталіся дзеці ад першага шлюбу, якія жылі з былой жонкай. Але яны думалі, што гэта мае дзеці і абяцалі забраць іх у прытулак, а мяне пасадзіць на дзесяць гадоў. Потым пачаўся ператрус. Сілавікі да мяне падыходзілі і казалі пастаянна: «Ну што, твой муж фашыст? Значыць, і ты таксама фашыстка, выходзіць?». У мяне ёсць татуіроўкі. Пачалі пра татуіроўкі пытацца. Гэтым людзям складана было растлумачыць, што гэта руны, а не свастыка.

Падчас ператрусу са здымнай кватэры Папковічаў канфіскавалі тэхніку. Пасля пару вывелі на вуліцу. Анастасія ў гэты момант заўважыла, што муж моцна збіты. Удваіх іх адвезлі ў частку ўнутраных войскаў на Маякоўскага. Там дзяўчыне сказалі чакаць у альтанцы на вуліцы і рыхтавацца да размовы. На яе просьбу патэлефанаваць бацькам сілавікі адказалі: «Калі нам спадабаецца з табой размова, то патэлефануеш, а калі не спадабаецца, то ніхто не будзе ведаць, дзе ты».

Потым мяне паклікалі ў гэты будынак. І там у першым кабінеце я ўбачыла мужа. Ён ляжаў на падлозе ў кайданках. Мяне завялі ў іншы кабінет. Там следчы кажа: «Ну расказвай, як вы збіраліся ехаць ва Украіну?» Я спрабавала растлумачыць, што мы ў Польшчу збіраліся, што ў нас там ужо нават дом арандаваны, і мы ў дамову арэнды ўпісаныя. Навошта нам ва Украіну? Мне пачалі тлумачыць, што ў мяне муж адбіты, ён фашыст, ён супраць дзяржавы, у яго няправільныя думкі, што ён будзе за гэта сядзець вельмі доўга. І наогул ён збіраўся ехаць наймітам, а я павінна была ехаць туды медсястрой. Я кажу, што ў мяне медыцынскай адукацыі нават няма. Яны: «Ну, валанцёрам бы пайшла», — пераказвае размову Папковіч.

Пасля ператрусу на здымнай кватэры сілавікі паехалі па месцы прапіскі Яна, дзе жылі яго бацькі, працягвае Анастасія. За 20 хвілін да прыезду сілавікоў да іх прыйшоў Алесь, другі старэйшы брат Яна. Па словах дзяўчыны, ён зайшоў праведаць бацькоў і прынёс ім прадукты.

Алесь збіраўся з’язджаць у Польшчу разам з ёй і Янам. Калі ў кватэру да бацькоў братоў прыйшлі сілавікі, яны перш за ўсё спыталі ў Алеся: «Ты таксама збіраешся з’язджаць?» Пасля сцвярджальнага адказу пачалі збіваць маладога чалавека пры бацьках, кажа Анастасія Папковіч.

Я яшчэ калі сядзела ў гэтай вайсковай частцы, гляджу — Алесь. Але падумала, што можа паказанні нейкія прывезлі даваць? Янаў брат як-ніяк. Потым прыгледзелася, а Алесь сядзіць у кайданках. Відавочна, не сведкавыя паказанні прыйшоў даваць. Мой муж, верагодна, больш небяспечны, бо ў мужа кайданкі былі за спінай зашпіленыя, а ў Алеся спераду, — разважае Анастасія.

Пасля працяглай гутаркі пра тое, што Анастасія «яшчэ маладая, хоча сапсаваць сабе жыццё» і гэтак далей, дзяўчыну адпусцілі дадому. На выхадзе з часткі ёй «параілі» нікуды не з’язджаць, нікому нічога не расказваць, бо «цябе мы таксама закрыем».

Гэта было 2 верасня, у пятніцу. І толькі ў сераду мне паведамілі, што Яна перавезлі ў СІЗА КДБ. А дзе ён быў увесь гэты час? Ніхто не кажа, ніхто нічога не ведае. Да яго таты ў панядзелак прыязджаў следчы. Таксама пытаўся пра Украіну, як сын збіраўся ехаць, ці вёў дома размовы. Пра прычыну затрымання нам сказалі, што «намеры на здзяйсненне злачынства». А на якое злачынства — ніхто нічога не сказаў. У яго тыпу ў тэлефоне знайшлі інструкцыю па перасячэнні мяжы. Я кажу, дзякуй Богу, што не метадычку.

Дыплом Яна Папковіча. Фота: асабісты архіў

Анастасія не ведае, за што ў рэчаіснасці маглі затрымаць мужа і ў чарговы раз адмаўляе, што ён збіраўся ехаць ваяваць за Украіну. Да 2 верасня ў яго не было праблем з законам. Аднак яна мяркуе, што затрыманне можа быць звязана з ваенным мінулым мужа.

Потым высветлілася, што да хлопца, у якога мы жылі, на працу на завод прыйшлі кадэбэшнікі і пачалі ўсіх правяраць. І яму сказалі, маўляў, здай каго-небудзь, інакш мы цябе прыцягнем за пратэсты ў 2020-м. Ну і вось ён сказаў, што ў мяне ёсць сябар, які ў мяне жыве, ён хадзіў на пратэсты, а цяпер збіраецца з’язджаць у Польшчу. А муж у мяне адслужыў у спецназе ў Мар’інай Горцы. Вельмі шмат разоў яго клікалі і працаваць і ў «Альфу», і ў СБП, і ў АСАМ, і ва ўсе гэтыя месцы. Ён працуе восем гадоў інкасатарам, то-бок чалавек, які ўмее страляць. Ён у мяне выступаў на спаборніцтвах па боксе. Поўны пакет пагроз. А яшчэ збіраўся з’язджаць, — расказвае Анастасія Папковіч.

Яе муж шэсць гадоў працаваў інкасатарам у «Белаграпрамбанку», не раз займаў першыя месцы ў прафесійных спаборніцтвах. Два гады таму ён перайшоў на працу ў «Белгазпрамбанк». У жніўні 2022 года Ян стаў найлепшым інкасатарам банка.

У пачатку верасня ў «Белгазпрамбанку» затрымалі як мінімум дзесяць інкасатараў. Работнікі банка расказвалі «З*ркалу», што іх затрыманне можа быць звязана з абразай Лукашэнкі ва ўнутраным чаце інкасатараў.

У нас з мужам адно ад аднаго ніколі ніякіх сакрэтаў не было. І я ведаю, што такога чата інкасатараў не існуе, — сцвярджае Анастасія Папковіч. — Ну, яго няма. Я так разумею, што гэта нейкая спецыяльна заказная была штука з затрыманнямі. Я там амаль усіх ведаю, і там сярод інкасатараў 90 адсоткаў — гэта 50-гадовыя былыя мянты і суддзі. Каго і за што там затрымліваць? — здзіўляецца Анастасія.

Паводле яе інфармацыі, цяпер яе мужа і яго брата падазраюць у грубым парушэнні парадку (нягледзячы на дзве папярэднія версіі прычын затрымання Яна). Паводле яе слоў, у тэлефоне Алеся сілавікі знайшлі фота з пратэстаў, дзе ён з братам і Анастасіяй стаяць на праезнай частцы. Ці мае Ян Папковіч дачыненне да справы інкасатараў «Белгазпрамбанка», невядома. Яго затрымалі 2 верасня, а іншых інкасатараў банка, паводле інфармацыі «З*ркала», — 6 верасня.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: