Афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана: Затрыманне дыпламаткі ЕС будзе мець цяжкія наступствы

У каментарыі для «Deutsche Welle» еўрапейскі чыноўнік сказаў, што Еўропа не будзе мірыцца з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана

Афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана


Амаль тыдзень таму пасля суда над праваабаронцамі ля будынка Мінскага гарадскога суда сілавікі «зладзілі хапун» і затрымалі некалькі чалавек, сярод якіх аказалася і намесніца кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц. Пры гэтым, паводле слоў самой дыпламаткі, яна неаднаразова давала зразумець, што валодае дыпламатычнай недатыкальнасцю.
Праз некалькі гадзін Шульц адпусцілі, але да таго запісалі на камеру момант падпісання пратакола. Пасля ганебнага затрымання ЕС выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі ў Бруселі.


Афіцыйны прадстаўнік ЕС па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана пракаментаваў «DW» затрыманне Эвеліны Шульц:
«Мы прымем меры, каб паказаць, што абсалютна не згодныя мірыцца з падобнымі рэчамі. Тое, што адбылося, будзе мець вельмі цяжкія наступствы. Зноў жа, на дыпламатычным узроўні, але мы выразна далі зразумець, што падобнае непрымальна і больш не павінна паўтарацца».
Ён таксама сказаў, што тое, што адбылося, добра паказвае сутнасць беларускага рэжыму. З аднаго боку, беларускія ўлады гавораць пра амністыю, з іншага — ладзяць палітычныя судовыя працэсы за зачыненымі дзвярыма.