Хроніка рэпрэсій. Irdorath — на волю, «вясноўцаў» — у калонію
З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ склалі карціну чарговага дня палітычнага пераследу беларусаў з боку ўладаў 21 красавіка.

Музыкі гуртаIrdorathУладзімір і Надзея Калач — на волі. Як паведамляюць праваабаронцы, 20 красавіка муж і жонка выйшлі з калоній, цалкам адбыўшы свой тэрмін. За кратамі яны знаходзіліся 1 год, 8 месяцаў і 19 дзён.

* * *
Магілёўскі абласны суд вынес 27-гадоваму Алегу Зубовічу, які працаваў участковым, прысуд яшчэ ў канцы снежня мінулага года, але праваабаронцы даведаліся пра гэта толькі цяпер.
Суддзя прызнаў экс-міліцыянта вінаватым паводле артыкулаў «распальванне сацыяльнай варожасці» і «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці». І прысудзіў яму 6 гадоў узмоцненага рэжыму. Пацярпелымі па справе выступалі былыя калегі Алега Зубовіча, якія таксама патрабавалі кампенсацыю маральнай шкоды.
Вядома, што пры затрыманні Зубовіч быў моцна збіты.
* * *
* * *

* * *
Эканамічны суд Мінска запланаваў на 2 траўня пасяджэнне паводле пазову Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш вядомых папулярызатараў перакладной сусветнай літаратуры Змітра Коласа. Выдавец раней затрымліваўся КДБ.
Будзе разгледжана пытанне аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца.
* * *
Старэйшыну баптысцкай царквы «Новая зямля» і яго жонку прысудзілі да «хатняй хіміі». Андрэя і Веру Мамойку затрымалі 1 лютага ў Мінску. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле «народнага» артыкула 342 КК — папярэдне, за фатаграфію на дарозе падчас пратэстаў 2020 года.
Палітвязні з'яўляюцца вядомымі музыкамі, якія прынялі ўдзел у запісе некалькіх альбомаў хрысціянскай музыкі. Апошнім часам Андрэй Мамойка працаваў распрацоўшчыкам у адной з ІТ-кампаній у Беларусі.
Як паведамляюць праваабаронцы, 20 красавіка Мінскі суд прызначыў сямейнай пары па 2,5 года «хатняй хіміі». Мужа і жонку вызвалілі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.
* * *
Ва Ушачах пад рэпрэсіі ў барацьбе з «экстрэмізмам» трапіла выбітны педагог Ірына Леснічэнка. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў знакамітай Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся, да прыкладу, паэт Рыгор Барадулін, падрыхтавала многіх дыпламантаў Рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове. У 2020 годзе Ірына Уладзіміраўна была занесена на Дошку гонару Ушацкага раёна.
5 красавіка жанчына была асуджаная паводле арт.19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Рашэнне суда невядома, але 3 мая ў абласным судзе адбудзецца разгляд скаргі на пастанову першай інстанцыі.
* * *
У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе «Вясны» суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка. Паводле гэтага прысуду, тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі.
Апеляцыйныя скаргі «вясноўцаў» і іх абаронцаў, як і пратэст пракурора, пакінутыя без задавальнення. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў набыў моц — хутка іх этапуюць у калоніі. У дачыненні да Дзмітрыя Салаўёва, якога асудзілі да 8 гадоў завочна, прысуд уступіў у сілу 3 сакавіка, бо ён не падаваў апеляцыйную скаргу.

* * *
У Оршы і Талачыне працягваюць судзіць за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У Аршанскім судзе чарговы адміністрацыйны працэс адбыўся 7 красавіка. Аршанец, паводле версіі абвінавачання, быў у іншым горадзе і ў інстраграме апублікаваў матэрыял сайта Zerkalo. У выніку мужчыну абвінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкай» інфармацыі і асудзілі на 25 базавых велічынь.
Тое ж самае абвінавачанне выставілі жыхарцы Талачына, якая яшчэ ў 2020 годзе перапосціла з «экстрэмісцкага» чата інфармацыю ў тэлеграм. Талачынскі суд пакараў жанчыну 7 суткамі арышту.
* * *
18 красавіка палітзняволенаму адміністратару суполкі «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі» Уладзіміру Буцькаўцу Вярхоўны суд замяніў 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 3 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
У лукашэнкаўскай судовай практыцы істотнае памяншэнне апеляцыйнымі ўстановамі прысудаў, раней вынесеных палітзняволеным судамі першай інстанцыі, — крайне рэдкі, калі не ўнікальны выпадак.
* * *
У Віцебску жанчыну затрымалі проста на працы. Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сёння на працоўным месцы затрымалі жыхарку Віцебска Іну Хадарэнка.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінаваны арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).