Лідарам гурта Irdorath Надзеі і Уладзіміру Калачам прысудзілі па два гады калоніі

Надзея і Уладзімір разам з калегамі ўдзельнічалі ў маршах пратэсту, на якіх гралі папулярную музыку. 

_5314652820982577005_121.jpg

У судзе Савецкага раёна Мінска 14 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Уладзіміра і Надзеі Калач, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу такіх дзеяннях, а роўна фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч.2 арт. 342 КК).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Вольга Емельянчанка, піша «Вясна».

Мужа і жонку Уладзіміра і Надзею Калачоў  і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 года на святкаванні дня народзінаў Надзеі.

Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты дома пад Мінскам. А потым стала вядома, што на шасцярых з іх завялі крымінальныя справы. Да суда Уладімір і Надзея ўтрымліваліся ў СІЗА №1 Мінска.

Згодна з матэрыяламі следства, Уладзіміра і Надзею Калачаў абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове.

На судовым пасяджэнні прадстаўнік пракуратуры Вольга Емельянчанка запрасіла для абвінавачаных па два гады пазбаўлення волі

Суддзя пагадзіўся з прапановай абвінавачання і вынес прысуд: па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

З улікам часу, што музыкі правялі ў СІЗА, тэрмін зняволення складзе 1,5 года.

Яшчэ трое музыкаў з Irdorath, затрыманых 2 жніўня, – Пётр і Юлія Марчанкі, Антон Шніп – застаюцца ў СІЗА на Валадарскага ў чаканні суда.