У Швецыі паставілі спектакль пра беларускую турму словамі Алеся Бяляцкага і Максіма Знака
Прэм’ера спектакля-чыткі «Бяляцкі, прасі літасці!» прайшла 20 красавіка ў Каралеўскім драматычным тэатры «Драматэн» у Стакгольме. У межах праекта «Драматэн.doc» чацвёра артыстаў прадставілі інсцэніроўку паводле твораў «Бяляцкі, пішыце прашэнне аб памілаванні» праваабронцы Алеся Бяляцкага» і «Зэкамерон» адваката Максіма Знака.
Нагадаем, што яны абодва зараз з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Аб прэм’еры і праекце на Радыё Унэт распавёў мастацкі кіраўнік dramaten.doc Дзмітрый Плакс.
— Чаму я спалучыў гэтыя два творы? Таму што мне падалося, што яны дапаўняюць адзін аднаго вельмі цікавым чынам. Бо для Бяляцкага турма і адсідкі — гэта частка яго жыцця. Гэта яго выбар свядомы. Уласна кажучы, пра гэта ў яго тэксце і ідзе размова, калі яму прапануюць напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і ён адмаўляецца. Гэта пра яго папярэднюю адсідку. Як мы ведаем, ён гэтага тады так і не зрабіў і адсядзеў увесь тэрмін. Бо яго стаўленне прынцыповае: тое за што ён сядзіць, пакутуе, яно як бы больш за яго. Эсэ ў гэтым сэнсе мае такі філасофскі характар.
Што тычыцца тэксту кнігі Знака «Зэкамерон», то яна напісана, як мне падаецца, з пункту гледжання чалавека, які ніколі ў жыцці нават не дапускаў такой магчымасці — трапіць у турму. Гэта замалёўкі такога побытавага характару пра тое, якім абсурдным светам ёсць турма.
Гэтыя два тэксты ў спалучэнні, а я зрабіў, вядома, драматургічную апрацоўку, то-бок у спалучэнні і апрацоўцы раскрываюць для мяне гэтую тэму з двух бакоў. З аднаго боку, гэтая абсурднасць і саркастычны тон Максіма Знака, які апісвае штодзённасць у турме, а з другога боку — такі погляд, не тое, што звонку, але зверху, напэўна, на гэты феномен як такі. Бяляцкі распавядае «чаму», а Знак – «як».
Тут яшчэ ёсць момант. Перад самой п’есай я яшчэ выкарыстоўваю тэкст Нобелеўскай прамовы, з якой жонка Бяляцкага Наталля Пінчук выступала ў Осла падчас уручэння прэміі міру. Я зрабіў таксама, з дазволу Наталлі, вядома, апрацоўку гэтага тэксту. Ён складаецца таксама з дзвюх частак — з уласна слоў самой Наталлі і з той кампіляцыі слоў Алеся, якую яна зрабіла. Для мяне гэта вельмі моцная прамова і яна адразу стварае кантэкст.
— Акрамя шведскага гледача, на каго яшчэ разлічаны гэты спектакль-чытка?
— Гэта Каралеўскі драматычны тэатр, то бок Нацыянальны тэатр Швецыі. Ён, вядома, паказвае спектаклі для шведскай публікі, гэта ж па-шведску.
— Не плануецца нейкім чынам распаўсюдзіць? Праз YouTube, напрыклад?
— Мы рабілі гэта калісьці, калі я колькі год таму, два гады з гакам недзе, ставіў спектакль Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Беларусь (-ія)» тут у «Драматэне» таксама, то тады мы гэта зрабілі. Зрабілі здымкі, потым мантаж, потым пераклалі, субтытры і гэтак далей. Але гэта занадта складана. Тэатр не зусім у стане такія рэчы рабіць.