Тэрміны «занадта мяккія»? Пракурор падаў пратэст на прысуд па «справе Вясны»

Пракурор прынёс апеляцыйны пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам прызначаныя жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі.

Калаж з праваабарончага сайту

Калаж з праваабарончага сайту


Пра гэта паведаміў у лісце на волю асуджаны да дзевяці гадоў калоніі Валянцін Стэфановіч. Нагадаем, абвінаваўца Аляксандр Кароль запрашваў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Дата разгляду пратэсту пакуль невядомая.

«Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, 3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прызначыла заснавальніку праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі, намесніку Бяляцкага і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі. Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў быў асуджаны завочна на 8 гадоў калоніі.

Іх прызналі іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «фінансаванне пратэстаў» у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за «кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай». Усім, акрамя Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 тысяч беларускіх рублёў), старшыні «Вясны» прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 долараў) якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.

Праваабаронцы не прызналі сваёй віны. На судзе ніводнае іх хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй.


Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што дзейнасць праваабаронцаў легітымная і законная, яна ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах.

«Я яшчэ раз паўтару: кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях (артыкул 1 Дэкларацыі). А згодна артыкулам 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло», — зазначыў ён.

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса: «Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму што гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі».

Пад вартай праваабаронцы ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.