Хронікі рэпрэсій за 28 сакавіка. З акна калоніі выкінуўся зняволены, асуджаны за палітыку

Масавыя затрыманні ў Круглым, здзекі з жанчын у гомельскай калоніі, Марыя Калеснікава — у ПКТ, расследавальніку «НЧ» Дзянісу Івашыну зменшылі атаварку, журналісты Павел Падабед і Вячаслаў Лазараў прызнаны палітвязнямі... Гэта толькі некаторыя факты палітычнага пераследу беларусаў 28 сакавіка.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

З акна калоніі ў Навасадах выкінуўся зняволены, асуджаны за палітыку?

Праваабаронцам вядома, што праз жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў ПК № 14 у Навасадах 26 сакавіка выкінуўся з акна з другога паверха адзін са зняволеных. Вядома імя пацярпелага — Іпатаў Уладзімір Уладзіміравіч. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі Барысава.

Крыніца, якая паведаміла пра здарэнне, сцвярджае, што ў яго праблемы з пазваночнікам і ён асуджаны па палітычным артыкуле.

У папраўчай калоніі №14 свае тэрміны адбываюць пяць палітвязняў, сярод якіх шматдзетны бацька Зміцер Дашкевіч.

Палітзняволенаму журналісту, расследавальніку «Новага Часу» Дзянісу Івашыну ў калоніі скарацілі норму атаваркі

Пра гэта напісала ў сацсетках ягоная жонка Вольга. Яна паведамляе, што цяпер яму дазволена атаварвацца ў турэмнай краме толькі на дзве базавыя велічыні (74 рублі) замест пяці.

Звычайна такія абмежаванні ўжываюцца ў дачыненні да тых вязняў, якіх адміністрацыя прызнае «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Таксама Вольга піша, што Дзяніс хацеў аформіць падпіску на газету «Белорусы и рынок», бо не ведаў, што выдавецтва спыніла сваю працу праз пазбаўленне рэгістрацыі.

Затрымалі сына Анатоля Лябедзькі — Арцёма Лябедзьку

Пра затрыманне сына паведаміў Анатоль Лябедзька.


Марыя Калеснікава знаходзіцца ў ПКТ

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага калоніяй парадку.

Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на шэсць месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу.

Прымушаюць анучамі прыбіраць дасуха лужыны — што адбываецца ў гомельскай жаночай калоніі?

Праваабаронцам сталі вядомы дэталі здзекаў са зняволеных у гомельскай жаночай калоніі.

Узімку зняволеныя прыбіраюць снег са «страявовага пляца» з дапамогай мяшкоў. Калі пасля ўборкі снегу застаюцца лужыны — іх прыбіраюць анучамі.

Калектыўная адказнасць: калі хтосьці правініўся — могуць пакараць увесь атрад. Пакаранне спецыфічнае: асуджаныя скручваюць свае матрацы і з імі ходзяць вакол назіральнай вежы. Паставіць матрац на зямлю і адпачыць нельга — пакараюць. Па часе гэтая акцыя можа быць неабмежаванай, пакуль не пачнецца праца.

Нават падчас медыцынскай аперацыі ў «палітычных» у палаце знаходзіцца ахоўнік, а пасля палітзняволеную прыкоўваюць да ложка кайданкамі.

Журналісты Павел Падабед і Вячаслаў Лазараў прызнаны палітвязнямі

Павел Падабед — відэааператар, які супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ. Раней журналіста неаднаразова затрымлівалі падчас асвятлення палітычных акцый у Беларусі, у тым ліку пасля 2020 года. Яго затрымалі 9 лютага пасля правядзення ператрусу ў яго доме, падчас якога былі адабраны мабільныя тэлефоны і відэакамера. Пасля стала вядома, што Паўлу прад'яўлены абвінавачанні па ч.1 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Вячаслаў Лазараў — журналіст-фрылансер, якога ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе падчас асвятлення пратэсных акцый. Яго таксама затрымалі 9 лютага і інкрымінуюць ч.1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

У Мінску судзяць пяць палітвязняў, якія вывесілі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны

20 сакавіка справу пачала разглядаць суддзя Дзіна Кучук у Мінгарсудзе ў закрытым рэжыме.

У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Супраць іх распачалі крымінальную справу за «злоснае хуліганства». Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі.

Цяпер іх абвінавачваюць па ч.3 арт. 361–1 («Стварэнне або ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні») і ч.2 арт. 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

22-гадовага палітвязня Данііла Вітунова асудзілі па «народным» артыкуле на год калоніі

У Кастрычніцкім судзе Мінска вынеслі прысуд палітзняволенаму Даніілу Вітунову — паводле ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская.

Хлопца затрымалі 13 кастрычніка 2022 года і першапачаткова асудзілі да адміністрацыйнага арышту. Затым яго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

Пачалі судзіць фатографку, якую затрымалі з мужам па вяртанні з Польшчы

Сёння, 28 сакавіка, пачынаецца суд над Варварай Мядзведзевай, якую затрымалі пасля вяртання з Польшчы. Жанчыну абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.

Варвара і Павел Мядзведзевы вярнуліся дадому ў Мінск на лячэнне. Паводле даных прапагандысцкіх крыніц, сям'я два гады жыла за мяжой, а па вяртанні ў Беларусь іх затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года, дзейнасць «у складзе дыяспар» і негатыўныя каментары ў інтэрнэце. Паведамляецца, што пара вярнулася ў Мінск на лячэнне. Спачатку мужа і жонку асудзілі да адміністрацыйнага арышту. Але Варвара пасля «сутак» на волю так і не выйшла — супраць яе завялі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1.


Прызначана дата суда над Анастасіяй Падгайскай за перасыл інфармацыі пра абстаноўку на вайсковых палігонах

Брэсцкі абласны суд 4 красавіка пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 31-гадовай жыхаркі Баранавічаў Анастасіі Падгайскай, якая размяшчала ў тэлеграм-каналах звесткі аб становішчы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Яе абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК).

Справу будзе разглядаць суддзя Андрэй Васілюк.

Згодна з абвінавачаннем, Падгайская ў кастрычніку 2022 года неаднаразова перасылала фота- і відэафайлы з тэкставымі паведамленнямі ў бот «дэструктыўнага Telegram-канала экстрэмісцкага фарміравання».

Па справе дыверсіі ў Мачулішчах былі затрыманы муж і жонка

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра тое, што 3 сакавіка супрацоўнікамі КДБ па справе дыверсіі ў Мачулішчах быў затрыманы Максім Лапацін. Мужчыну трымаюць у СІЗА КДБ. Пра Лапаціна ў сваім фільме па БТ згадвалі прапагандысты.

23 сакавіка затрымалі і жонку Максіма — Людмілу Лапаціну. І Максіму, і Людміле інкрымінаваны арт. 289 КК — «Тэрарызм». Варта адзначыць, што ў сужэнцаў двое непаўналетніх дзяцей.

На мяжы з Літвой быў затрыманы 28-гадовы жыхар Гомеля

Стала вядома, што яшчэ на пачатку сакавіка ў раёне Воранава (Гродзенская вобласць), быў затрыманы Віктар Залатарэўскі. Мужчына спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву. Пры аглядзе яго мабільнага тэлефона супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзены падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Пазней Віктар Залатарэўскі быў арыштаваны паводле арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

10 сакавіка, у дзень вызвалення, яму былі прад'яўлены абвінавачанні па арт. 361-1 і арт. 361-4 КК РБ за нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога». Віктар знаходзіцца ў СІЗА Гродна.

Вядома, што да падзей сакавіка мужчына працаваў у Мінску ў адной з дзяржаўных арганізацый і пражываў у інтэрнаце. Пасля затрымання быў звольнены.

Масавыя затрыманні ў Круглым

Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні шасцярых чалавек у гарадскім пасёлку Круглае. Меркаваная прычына затрымання — удзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Адна з затрыманых — Аліна Горава. Увечары 27 сакавіка яна пайшла ў Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла — была затрымана на трое сутак.

Палітвязень Пётр Канстанцінаў выйшаў на волю

Жлобінскі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі быў затрыманы на пачатку чэрвеня 2021 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Жлобіне. 6 жніўня 2021 года суддзя суда Жлобінскага раёна Мікалай Сергяевіч прызначыў Канстанцінаву два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пакаранне палітвязень нёс у барысаўскай калоніі № 14, адкуль нядаўна выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.