Затрымалі сына Анатоля Лябедзькі: «Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька»

Палітык Анатоль Лябедзька, былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паведаміў, што сёння ў Беларусі затрымалі яго сына.

Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота

Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота

Апазіцыйны палітык, былы кіраўнік АГП, а цяпер прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парламенцкай супольнасцю Анатоль Лябедзька паведаміў у сацсетках пра затрыманне ў Беларусі сына Арцёма, які прынцыпова не хацеў з’язджаць з краіны.

«Сёння забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх. Сын не з’язджаў з Беларусі, таму што хацеў жыць там, таму што перакананы, што яму няма чаго прад’явіць акрамя таго, што ён сын свайго бацькі!

Спрабую загасіць у сабе нянавісць і злосць, але нешта не атрымоўваецца... Дай нам, Божа, сілы і моцы. Я люблю цябе, сын!» — напісаў Лябедзька.

Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне сына Анатоля Лябедзькі

«Анатоль паведаміў, што яго сына затрымалі ў Беларусі. Сына Анатоля затрымалі толькі за тое, што ён — сын свайго бацькі.

На жаль, я добра разумею гэты боль, калі твой блізкі чалавек знаходзіцца за кратамі ні за што. Анатоль, сіл вам і вытрымкі».

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Анатоль Лябедзька верыць, што беларусы неўзабаве здолеюць вярнуцца на Радзіму, бо «не можа гэта працягвацца бясконца. Ні адна імперыя не існуе вечна, як і хаўруснікі гэтай імперыі».

— Калі ўнутры краіны перастае дзейнічаць Канстытуцыя, закон, калі фактычна мы гаворым пра пэўныя элементы ваеннай дыктатуры, то, канешне, частка людзей адразу аказваецца ў турмах — па маіх падліках, гэта недзе 5-6 тысяч актыўных людзей, якія цяпер сядзяць у турме.

Міграцыя — гэта ўжо нават, магчыма, і не дзясяткі тысяч людзей, размова ідзе пра сотні тысяч. Так што мы можам зрабіць выснову, што Пуцін разам з Лукашэнкам зачысцілі «першы акоп» супраціву ў Беларусі. Менавіта пасадкамі людзей у турму альбо выцісканнем з краіны.

Але, як паказалі падзеі апошняга часу і антываенны рух, Беларусь — гэта не толькі «першы акоп» супраціву дыктатуры і агрэсіі. Ёсць і «другі акоп», там таксама ёсць актыўныя людзі, здольныя на пэўныя дзеянні. Зараз, канешне, асноўная грамадзянская дзейнасць — інтэлектуальная. У большай ступені яна будзе за межамі Беларусі, і гэта натуральна.

Я проста сам параўноўваю, калі я быў унутры краіны: была адна сітуацыя, проста чаканне, што будзе ў 7 гадзін раніцы, прыйдуць ці не. Калі не прыйшлі, то ты плануеш. Тваё планаванне «А» — толькі на адзін дзень ці на суткі максімум. «Б» — гэта вельмі моцная самацэнзура.