Анатоль Лябедзька: Лукашэнка заразіўся вірусам страху, ён вельмі баіцца

За кошт чаго зменшылася колькасць прыхільнікаў беларускага рэжыму? Палітык Анатоль Лябедзька — пра тое, як улада ніяк не можа змяніць тое, што адбываецца ў галовах беларусаў, і ад гэтага шалее.

22_tn.jpg

— Мы цяпер вельмі моцна наблізіліся да 30-х гадоў — да сталінскага часу, — аналізуе сітуацыю ў Беларусі прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька ў эфіры канала «Позірк». — Наша краіна на самай справе стала такой вялікай «зонай з баракамі», у якіх дзейнічаюць розныя рэжымы: у кагосьці больш магчымасцяў, у кагосьці менш, у кагосьці наогул няма. Але ўсё роўна гэта баракі. Ніводная катэгорыя грамадзян у Беларусі сёння не можа сказаць, што адчувае сябе абсалютна камфортна і бяспечна.

Палітык лічыць, што ўладай, якая працягвае рабіць больш жорсткім заканадаўства, рухае страх.

— Гэта робіцца не толькі для таго, каб выканаць нейкія фармальныя працэдуры. Гэта робіцца для таго, каб максімальна выкарыстоўваць галоўнага саюзніка беларускага рэжыму — страх. Гэта тое, у што Лукашэнка верыць, і тое, што яму рэальна дапамагае ў яго цяперашняй сітуацыі.

Ён заўсёды рабіў стаўку на страх. І сапраўды, з аднаго боку, гэты страх дазваляе трымаць «баракі» пад татальным кантролем. Але ёсць і іншы бок. Імкнучыся заразіць вірусам страху ўсё насельніцтва, Лукашэнка заразіўся ім сам. Ён вельмі баіцца!

Яго хвалюе тое, што ўзбуджана 80 крымінальных спраў па фактах так званых тэрактаў на чыгунцы. Яго бесіць, што, здавалася б, ён зачысціў першы акоп супраціву: тысяч шэсць пасадзіў у турмы, дзясяткі тысяч выціснуў з краіны — у яго гэты першы акоп застаўся пусты. А тут, вобразна кажучы, страляць у рэжым пачалі людзі з другога акопа. І Лукашэнка, вядома, у шаленстве. Ён спрабуе зрабіць неэфектыўным гэты другі акоп, каб адтуль усе сышлі пад уздзеяннем страху.

Але людзі працягваюць супраціў, і ўлада разумее, што яна толькі фармальна кантралюе сітуацыю, але ніяк не можа змяніць тое, што адбываецца ў галовах, — кажа Лябедзька.

Ён лічыць, што з прычыны апошніх падзей колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі зменшылася.

— Як была велізарная колькасць праціўнікаў улады ў 2020-м годзе, так і засталася. Магчыма, яшчэ і павялічылася, таму што Лукашэнка зараз падтрымлівае тэмы, якія не даюць яму плюсаў. Вайна — гэта для яго вельмі дрэнна пахнучая гісторыя, у якую ён уступіў. І што б ён ні рабіў, адмыцца ад гэтага немагчыма.

Акрамя гэтага, няма ніякіх дасягненняў ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай сферы. А зачыстка прафсаюзаў — гэта таксама рэфлексія, гэта таксама боязь, што людзі змогуць арганізавацца нават невялікімі групамі, — адзначыў Лябедзька.

Паводле «Салідарнасці».