Анатоль Лябедзька: Ні адна імперыя не існуе вечна

Ваенная параза Пуціна ва Украіне — абавязковая ўмова для таго, каб у Беларусь прыйшлі перамены, лічыць Анатоль Лябедзька 

dsc_00261.jpg

У Беларусі ўведзенае пакаранне смерцю за падрыхтоўку і спробу ўчынення актаў тэрарызму. Да прыкладу, такая мера пагражае групе грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча, якая нібыта „рыхтавала тэракты па ўсёй краіне і завозіла зброю цераз Украіну”. Украіна ў сваю чаргу катэгарычна адмаўляе такі сцэнар і адзначае, што палітыка Лукашэнкі ў чарговы раз працуе па запалохванне беларускага народу.

З прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам карэспандэнтка Радыё Рацыя паразмаўляла  пра тое, якія наступствы для рэжыму можа мець прыняцце закона пра смяротнае пакаранне за акты тэрарызму, якая галоўная роля Новай Канстытуцыі Беларусі, колькі трыбуналаў спатрэбіцца, каб рэжым Беларусі сам панёс адказнасць, у тым ліку за саўдзел у вайне супраць Украіны, і калі нарэшце беларусы, што выехалі, змогуць вярнуцца ў Беларусь альбо рэалізаваць свой патэнцыял у выгнанні.  

— На ваш пункт гледжання, калі ўсе пачнуць вяртацца назад і ці ўвогуле такое мажліва?

— Гэта абавязкова будзе, мы ж усё ж такі аптымісты, не можа гэта працягвацца бясконца. Ні адна імперыя не існуе вечна, як і хаўруснікі гэтай імперыі. Таму натуральна, што гэта адбудзецца.

Шкада, што мы губляем час. Адбудзецца гэта дакладна тады, калі Пуцін атрымае ваенную паразу ва Украіне. Гэта абавязковая ўмова для таго, каб у Беларусь прыйшлі перамены. Другі чыннік, які можа прывесці да гэтага, — поўны эканамічны калапс унутры краіны, калі мы можам сутыкнуцца з бунтамі людзей. Гэта ўжо нават не палітычныя нейкія пратэсты, а чыста сацыяльна-эканамічныя. Але ў любым выпадку сітуацыя зараз залежыць ад  вайны. Вайна рэальна абвастрае сітуацыю, разам з тым, што яна стварае і шмат рызыкаў і пагроз, стварае таксама і пэўныя новыя магчымасці.

— То-бок для беларусаў пакуль існуе магчымасць для самарэалізацыі па-за межамі?

— Міграцыю палітычную, эканамічную, у такіх умовах яна таксама абавязковы спадарожнік. Калі ўнутры краіны перастае дзейнічаць Канстытуцыя, закон, калі фактычна мы гаворым пра пэўныя элементы ваеннай дыктатуры, то, канешне, частка людзей адразу аказваецца ў турмах — па маіх падліках, гэта недзе 5-6 тысяч актыўных людзей, якія цяпер сядзяць у турме.

Міграцыя — гэта ўжо нават, магчыма, і не дзясяткі тысяч людзей, размова ідзе пра сотні тысяч. Так што мы можам зрабіць выснову, што Пуцін разам з Лукашэнкам зачысцілі „першы акоп” супраціву Беларусь. Менавіта пасадкі людзей у турму альбо выцісканне з краіны.

Але, як паказалі падзеі апошняга часу і антываенны рух, Беларусь — гэта не толькі „першы акоп” супраціву дыктатуры агрэсіі. Ёсць і „другі акоп”, там таксама ёсць актыўныя людзі, здольныя на пэўныя дзеянні. Зараз, канешне, асноўная грамадзянская дзейнасць —інтэлектуальная. У большай ступені яна будзе за межамі Беларусі, і гэта натуральна.

Я проста сам параўноўваю, калі я быў унутры краіны, была адна сітуацыя, гэта было проста чаканне, што будзе ў 7 гадзін раніцы, прыйдуць ці не. Калі не прыйшлі, то ты плануеш. Тваё планаванне „А” – толькі на адзін дзень ці на суткі максімум. „Б” – гэта вельмі моцная самацэнзура.

За межамі ты можаш працаваць, планаваць сваю дзейнасць, натуральна, не на адны суткі. У цябе тут абсалютна адсутнічае самацэнзура. Ты можаш рэалізоўваць увесь свой патэнцыял, усе свае магчымасці. 

Таму падчас такой сітуацыі, калі краіна знаходзіцца пад двайной акупацыяй – акупацыяй унутранай рэжымам Лукашэнкі і генералаў ды пуцінскай.

І цэнтры палітычнага жыцця, культурнага, эканамічнага ў значнай ступені змяшчаюцца за тэрытарыяльныя межы Беларусі. Пры тым эфектыўнасць грамадзянская, грамадская захоўваецца і ў Беларусі, толькі формы яе, канешне, не такія, якія маглі б быць 3 ці 2,5 гады таму.

— Ці маецца бачанне таго, хто менавіта застаецца ў Беларусі, ці трымаеце з імі кантакт?

— У мяне ёсць два кірункі дзейнасці, за якія я адказваю. Гэта Канстытуцыя новай Беларусі і пакет законапраектаў у дапаўненне і развіццё Канстытуцыі, а таксама парламенцкая супраца. Разам з тым, магу выказаць сваё меркаванне і бачанне збоку. Канешне, ёсць. Зараз існуе шмат пляцовак. Усё ж такі мы жывём у час сучасных тэхналогій, якія дазваляюць трымаць камунікацыю, мець кантакты з беларусамі, якія застаюцца ўнутры краіны. Тут ёсць самыя розныя пляцоўкі. Непасрэдна тая ж самая Святлана Ціханоўская ладзіць прамыя анлайны. Ёсць шэраг праектаў, якія звязаны з дзейнасцю пераемнікаў дваровых чатаў. Адбываюцца сустрэчы ў такім гібрыдным варыянце — афлайн і анлайн з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, якія „зачышчаныя”, але, тым не менш, людзі ж засталіся. Цяпер яны раскіданыя па розных краінах, хтосьці застаецца ўнутры Беларусі, ёсць не палітычная, партыйная супольнасць. З усімі так ці інакш ёсць камунікацыя. Я ўчора правёў прэзентацыю праекта Канстытуцыі новай Беларусі, сустракаўся з беларускай дыяспарай у Вільні. Лічу, што гэта вельмі важна. Многія людзі, якія былі на маёй учорашняй сустрэчы,  трымаюць кантакты з рэгіёнамі, адкуль яны паходзяць, застаюцца тыя ж самыя чаты.