Эміграцыя без віз. Польшча не хацела ўпускаць двух беларускіх уцекачоў, але ўсё скончылася добра
У Польшчу адмовіліся ўпускаць двух беларусаў, якія спрабавалі з'ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед. Яны прасілі ў польскіх памежнікаў даць міжнародную абарону, аднак тыя адмовіліся прымаць заяву. Беларусы перасеклі беларуска-польскую мяжу з другога разу. Выданне M*ST распавядае падрабязнасці гэтай гісторыі.
23 красавіка пара беларусаў спрабавала перасекчы беларуска-польскую мяжу ў «Цярэспалі». Беларусы вырашылі пакінуць тэрыторыю Беларусі з-за допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў: іх выклікалі ў ведамства ў сувязі з фінансаваннем фондаў. Беларускі бок прапусціў іх на мяжы, але польскія памежнікі адмовіліся прапускаць без віз, а таксама не прынялі прашэнні аб міжнароднай абароне.
Беларусам
давялося вяртацца ў Беларусь.
Прадстаўнік
беларусаў юрыст Міхаіл Куцко паведаміў выданню, што яны паўторна змаглі перасекчы
беларускую мяжу ўвечары 23 красавіка, а ўначы 24 красавіка трапілі ў Польшчу.
— Ноччу яны
знаходзіліся ў спецыяльна адведзеным месцы. У іх было месца для сну, усе
неабходныя выгоды, каб адпачыць.
Раніцай 24 красавіка беларусаў дапусцілі да працэдуры аб прадастаўленні замежнікам міжнароднай абароны. Куцко падкрэсліў, што цяпер беларусы знаходзяцца ў бяспецы.
Нагадаем, пра тое, што хлопец з дзяўчынай спрабавалі пакінуць Беларусь, але, не маючы віз, сутыкнуліся з праблемамі на мяжы з Польшчай, стала вядома напярэдадні. Польскі бок адмовіўся прапускаць беларускіх грамадзян, але, як бачым, пасля розгаласу ў прэсе і юрыдычнай дапамогі спецыялістаў пытанне ўдалося вырашыць.
Што такое
міжнародная абарона?
Людзі могуць мець патрэбу ў міжнароднай абароне, калі яны баяцца вярнуцца ў краіну свайго паходжання па прычыне пераследу або баяцца стаць ахвярай па расавай прыкмеце, на падставе свайго веравызнання, грамадзянства, палітычных перакананняў або прыналежнасці да пэўнай палітыка-сацыяльнай групы. Згодна з міжнародным і польскім заканадаўствам, каб быць прызнаным бежанцам, асоба павінна адпавядаць устаноўленым крытэрам.
Як беларусам
атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы
На падставе
міжнароднай абароны чалавек можа застацца ў Польшчы і не вяртацца ў сваю
краіну, у якую людзі баяцца ехаць з прычыны пераследаў.
Міжнародная
абарона не прадастаўляецца аўтаматычна. Людзі, якія імкнуцца атрымаць такую
абарону, павінны падаць хадайніцтва і абгрунтаваць ураду, што яны адпавядаюць
кваліфікацыйным крытэрам.