Сімвалы маюць значэнне. Чаму дэкамунізацыя — важны этап пры пераходзе да дэмакратыі

Наколькі важна ў новай Беларусі правесці дэкамунізацыю і дэлукашызацыю? Ці маюць значэнне помнікі героям савецкага мінулага на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў? Ці можа дэмакратычнае грамадства існаваць, не адрэфлексаваўшы сваё мінулае, у якім панавалі тыраны? Пасля таго як сканае дыктатура, беларусам прыйдзецца шукаць адказы на гэтыя пытанні. У Польшчы іх ужо даўно шукаюць і знаходзяць.

Дэмантаж помніка савецкаму салдату ў горадзе Сельдцы Мазавецкага ваяводства. 2022 год. Фота Інстытута нацыянальнай памяці

Дэмантаж помніка савецкаму салдату ў горадзе Сельдцы Мазавецкага ваяводства. 2022 год. Фота Інстытута нацыянальнай памяці

У красавіку ў Варшаве прайшоў Кангрэс нацыянальнай памяці, арганізаваны Інстытутам нацыянальнай памяці. Падчас адной з панэльных дыскусій мерапрыемства прагучала некалькі важных думак ад прэзідэнта ўстановы Караля Наўроцкага і іншых спікераў.

«Палякі перажылі двайную акупацыю падчас Другой сусветнай вайны, але савецка-германскі пакт, які прывёў да гэтага, з'яўляецца рэальным прабелам у гісторыі і ў еўрапейскай памяці. Гэта галоўная прычына сённяшніх еўрапейскіх праблем, асабліва выяўленых вайной на Украіне», — так лічыць прафесар Стэфан Куртуа, адзін з аўтараў вядомага твора «Чорная кніга камунізму» пра злачынствы адпаведных рэжымаў у розных краінах у XX стагоддзі.

Як падкрэслівае сам Наўроцкі, хоць «гісторыя ясна паказала, што вызваліцель ад нямецкай акупацыі апынуўся наступным агрэсарам, і адна таталітарная сістэма была заменена іншай, праз больш чым 30 гадоў, калі краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «святкавалі» крах камуністычнай сістэмы, сімвалы злачыннай ідэалогіі ўсё яшчэ прысутнічаюць у выглядзе помнікаў і памятных дошак у гонар Чырвонай Арміі і Савецкага Саюза, вуліц або плошчаў, якія носяць імя акупантаў».

«Недасведчанасць або простае няведанне бясспрэчных фактаў прывяло да сітуацыі, калі злачынцаў усё яшчэ ўшаноўваюць у рэгіёне, прасякнутым болем і пакутамі цэлых народаў. Расійская агрэсія супраць Украіны ясна паказала, што імперыялістычныя амбіцыі спадчыннікаў былога Савецкага Саюза ні ў якім разе не дрэмлюць на світанку XXI стагоддзя», — лічыць прэзідэнт польскага Інстытута нацыянальнай памяці.

Неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну, у гучным звароце 4 сакавіка 2022 года, Наўроцкі таксама падкрэсліў, што «крывавая акупацыя тэрыторый незалежнай дзяржавы ажыццяўлялася ў духу праслаўлення традыцый расійскага імперыялізму і рэлятывізацыі злачынстваў аб савецкім камунізме».

«Расійскія ўлады спрабуюць апраўдаць сваю агрэсію, абапіраючыся на горшыя ўзоры прапаганды камуністычнай эпохі і псеўдагістарычныя аргументы. Наколькі значнымі былі фатаграфіі, якія распаўсюдзіліся па ўсім свеце ў апошнія дні: расійскі танк са сцягам СССР накіроўваецца ў бок Херсона...», — сказаў Караль Наўроцкі.

Менавіта дзякуючы заклікам кіраўніка Інстутыта нацыянальнай памяці мясцовыя ўлады ў Польшчы праводзяць палітыку дэкамунізацыі вулічных сімвалаў. З грамадскай прасторы прыбіраюцца помнікі і іншыя знакі, якія ўвекавечваюць памяць аб асобах, арганізацыях, падзеях ці датах, якія сімвалізуюць камунізм.

«Даўно пара нагнаць упушчанае ў гэтай галіне», — лічыць Караль Наўроцкі, адзначаючы, што ў польскай грамадскай прасторы няма месца для якога-небудзь увекавечання памяці аб таталітарным камуністычным рэжыме і людзях, якія яму служылі.

Увогуле у рамках намаганняў, звязаных з дэкамунізацыяй Польшчы, супрацоўнікі Інстытута нацыянальнай памяці выявілі больш за 60 помнікаў, устаноўленых у падзяку за «вызваленне», у гонар «польска-савецкага» братэрства па зброі або ў цэлым у гонар Чырвонай Арміі. Амаль 30 помнікаў былі дэмантаваныя па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі.

Варта падкрэсліць, што ў адпаведнасці з Законам ад 1 красавіка 2016 года аб забароне прапаганды камунізму або іншых таталітарных рэжымаў на Інстытут нацыянальнай памяці ўскладзена функцыя экспертнага органа ў пытаннях змены назваў вуліц і плошчаў у польскіх гарадах і мястэчках.

На сёння Інстытут нацыянальнай памяці выдаў 2145 заключэнняў у адпаведнасці з законам аб дэкамунізацыі. Яшчэ ў 2016 годзе 2200 вуліц у Польшчы насілі імёны савецкіх дзеячаў. Гэта паказвае не толькі маштабы камунізацыі, але і тое, наколькі важна дастукацца да грамадскасці і абудзіць яе. Пры гэтым, згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, 49% жыхароў Польшчы падтрымліваюць дэмантаж аб'ектаў камуністычнай прапаганды.

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці таксама звяртае ўвагу на тое, што пасля ўварвання Расіі ва Украіну многія краіны — асабліва краіны Балтыі — вырашылі, што пытанне аб дэмантажы помнікаў, якія ўхваляюць колішняе камуністычнае мінулае, павінна быць вырашана. Урад Эстоніі абвясціў, што будзе дэмантавана да 400 помнікаў, а латвійскі ўрад у ліпені 2022 года даў дазвол на дэмантаж 69 помнікаў і памятных дошак, якія праслаўляюць Чырвоную Армію. Аналагічныя меры былі прынятыя і Літвой, якая цяпер дэмантуе савецкія помнікі.

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці — дзяржаўная гісторыка-архіўная ўстанова, якая займаецца вывучэннем дзейнасці органаў дзяржбяспекі Польшчы ў перыяд 1944-1990 гадоў, а таксама органаў бяспекі Трэцяга Рэйха і СССР з мэтай расследавання злачынстваў у адносінах да польскіх грамадзян у гэты перыяд, а таксама ажыццяўлення люстрацыйных працэдур.