Чалы: Лукашэнка вяртае беларусаў у СССР, у роўнасць у жабрацтве

Аналітык Сяргей Чалы — аб эканамічнай частцы заяў Лукашэнкі ў нядаўнім так званым пасланні народу і парламенту.

_zycce___ekanomika___ljudzi___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

— Я, шчыра кажучы, здзіўлены банальнасцю гэтага паслання. З вялікай цікавасцю ўчытваўся, дзе ж там было нешта цікавае, але ў эканамічнай частцы — амаль нічога. Лукашэнка становіцца смяротна сумна (і гэта ўжо даўно відаць) займацца эканомікай, — цытуеСяргея Чалага «Салідарнасць» са спасылкай на праграму «Чалы: эканоміка».

Нагадаем, што ў пасланні Лукашэнка заявіў: «Можна канцэнтравана выказацца: дайце мне эканоміку, усё астатняе я зраблю без вас».

— Што было дзіўна, Лукашэнка двойчы выкарыстаў гэты тэзіс у пасланні: вы, пацаны, зрабіце мне эканоміку, а ўсё астатняе зраблю я, — звярнуў увагу Чалы. — Але ён жа не толькі пра эканоміку так кажа. Лукашэнка дзейнічае нібы салдат, які зварыў кашу з сякеры. Ён прыходзіць і кажа: у мяне ёсць сякера, а далей вы кожны на сваім працоўным месцы — саўмін адказвае за эканоміку, лекары — за ахову здароўя, сацыяльныя службы — за пенсіі.

У выніку ледзь не адзінае, што застаецца Лукашэнку — міжнародны кірунак: з'ездзіць на саміт, пагутарыць з Пуціным, выступіць з гучнай заявай.

Што яшчэ кінулася ў вочы аналітыку ў Пасланні-2023?

— Пасланне — гэта ж не толькі пра тое, як мы добра зажывём. Трэба таксама даваць справаздачу за ўсе папярэднія гады. Асабліва калі ты так даўно сядзіш, нельга толькі сняданкамі карміць. Таму было цікава паглядзець, як Лукашэнка фармуляваў, у чым жа перавагі беларускай мадэлі.

І тут яго рыторыка вярталася ў нейкае дрымучае мінулае. Зараз каб дэманстраваць поспехі, даводзіцца паніжаць планку. І гэтая планка — ужо практычна Савецкі Саюз, — адзначыў Чалы.

Ён звярнуў увагу, што Лукашэнка рабіў акцэнт не на ўзроўні дабрабыту беларусаў, а на сацыяльнай роўнасці.

— Памятаеце, як раней казалі, што такое сацыялізм? Гэта роўнасць у жабрацтве, — нагадаў Чалы.