Затрымалі былога футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Яцкевіча

Інфармацыя пра затрыманне 38-гадовага ўладальніка Кубка Беларусі з'явілася 24 красавіка. Прычыны затрымання не да канца зразумелыя.

Фота прэс-службы ФК «Крумкачы»

Фота прэс-службы ФК «Крумкачы»

Шэраг медыя і праваабаронцы раніцай 24 красавіка паведамілі пра затрыманне былога гульца клуба «Крумкачы» Аляксандра Яцкевіча. Інфармацыя пра тое, што спартовец трапіў пад рэпрэсіі, з'явілася ў праўладных тэлеграм-каналах.

Калі меркаваць па апублікаваным сілавікамі відэа, Яцкевіч адшукнуўся на фэйкавую рассылку нібыта ад «Б*йпола», праз што яго асобу ўстанавілі і затрымалі. Але ці так было насамрэч, невядома.

У той жа час выданне «Тр*буна» паведамляе, што былога нападаючага «Крумкачоў» затрымалі з-за акцыі падчас кубкавага матчу супраць мінскага «Дынама» 1 верасня 2020-га. Тады футбалісты каманды перад матчам выйшлі ў майках «Мы супраць гвалту». Пасля гульні многія футбалісты «Крумкачоў» пакідалі поле ў футболках з надпісам «Мы з народам».

Але і гэтая версія не падаецца вычарпальнай, бо тую вядомую акцыю нават паводле лукашэнкаўскіх законаў нельга кваліфікаваць інакш як «пікетаванне», а гэта адміністрацыйны артыкул, тэрмін даўніны па якім даўно скончыўся.

Аляксандр Яцкевіч на працягу спартыўнай кар'еры выступаў за каманды «Дарыда» (Мінскі раён), «Нафтан» з Наваполацка, жодзінскае «Тарпеда»-БелАЗ, бабруйскую «Белшыну», «Слуцк» і «Крумкачы». Агулам у беларускай вышэйшай лізе згуляў каля 300 матчаў. У складзе «Нафтана» ў 2009 годзе выйграў Кубак Беларусі.

Сёлета ў сакавіку футбаліст скончыў прафесійную кар'еру. Ён з'яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі «Крумкачоў».

«Калі шчыра, калі пісаў развітальны тэкст [пра заканчэнне кар'еры], нават слёзы накатвалі. Не верылася, што ўсё заканчваецца. Сумна сыходзіць. Быццам і сілы ёсць, але трэба было прымаць такое рашэнне. Як гаворыцца, ногі нясуць на поле, але трэба думаць галавой. Варта хоць бы ў 38 задумацца пра будучыню, — распавёў футбаліст тэлеграм-каналу BYsport. — Калі з'явілася навіна аб сыходзе, атрымаў шмат званкоў і паведамленняў. Яшчэ не на ўсё нават адказаў. Напісалі і шмат незнаёмых людзей. Кажуць, што я іх натхняў, што яны раўняліся на мяне. Прыемна такое чытаць».

Наконт далейшых планаў Яцкевіч адзначыў, што «прапаноў хапае». 

«Магчыма, яшчэ за кагосьці «пабегаю» — у той жа другой лізе, — паведаміў Аляксандр Яцкевіч. — Калі шчыра, прапаноў хапае. Не хацеў абмяркоўваць іх, пакуль не абвяшчу пра сыход з «Крумкачоў». А цяпер ужо буду глядзець па часе. Калі буду паспяваць, магчыма, і прыйду таймік пабегаць, растрасці тлушч. Але ўжо не ў «Крумкачах».

Нагадаем, раней быў рэпрэсаваны іншы гулец «Крумкачоў», журналіст Аляксандр Івулін. За ўдзел у пратэстах яму прысудзілі два гады калоніі паводле «народнага» 342-га артыкула. Ён быў прызнаны палітвязнем. У лютым блогер адбыў тэрмін, выйшаў на волю і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.