ГУР: расійскае войска вывезла з Беларусі «ўсё, што можна было вывезці»
Пра гэта ў інтэрв'ю «Розныя людзі» распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў. Ён таксама адзначыў, што рускія працягваюць выкарыстоўваць беларускія палігоны для падрыхтоўкі сваіх вайскоўцаў.
![Фота: sharij.news Фота: sharij.news](/img/v1/images/b9c27d7d734732667ff2b5b467db15c5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: sharij.news
Буданаў таксама прызнаў, што ўжо досыць даўно з тэрыторыі Беларусі не наносяцца ўдары па Украіне. Ён назваў гэта вынікам комплекснай дзейнасці. «З іншага боку, Лукашэнка, падабаецца ён нам ці не, не ідыёт. І паўтарэння сітуацыі, якая адбылася 24.02.2022 года, ён сам першы хоча не дапусціць. Таму што на самай справе і тады яго меркавання ніхто асабліва не пытаўся. Але ён зрабіў, як я бачу, як усе мы бачым, высновы», — лічыць Буданаў.
Па словах Буданава, Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны выкарыстала дэпутата Рады Яўгена Шаўчэнку, каб выбудаваць камунікацыю з Беларуссю і не дапусціць яе ўдзелу ў вайне.
«Мы задзейнічалі ўсе магчымыя шляхі камунікацыі, якія ў нас былі. Нават задзейнічалі, скажам так, народнага дэпутата аднаго. Гэта таксама праўда. Дзеля таго, каб не дапусціць уцягвання Беларусі як краіны ў гэтую вайну — наша першая мэта. І другая, калі адбылося выцясненне і ўцёкі расійскага войска — не дапусціць паўторных спроб заходаў з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ці спроб нанясення ўдараў. Як паказаў час, па стане на сёння гэтага ўдалося дамагчыся», — распавёў Буданаў.
Паводле яго, гэтым дэпутатам быў Яўген Шаўчэнка.
«Мы выкарыстоўваем магчымасці яго камунікацыі і яго сувязі. У прынцыпе, ніколі гэтага не хавалі. І ён эфектыўны ў гэтым працэсе. Спадар Шаўчэнка досыць даўно дапамагае нам, давайце так гэта назавём, і ні разу не адмаўляўся, калі мы звярталіся з пэўнымі просьбамі да яго», — дадаў Буданаў.
Яўген Шаўчэнка сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ да вайны, у красавіку 2021 года. Праз некалькі месяцаў пасля сустрэчы яго выключылі з фракцыі «Слуга народа». У сакавіку мінулага года Лукашэнка заявіў, што размаўляў праз тэлефоне з Уладзімірам Зяленскім пасля ўварвання Расіі ва Украіну, і прызнаўся, што размову дапамог арганізаваць Шаўчэнка. «Велізарную ролю ва ўсталяванні кантактаў з Зяленскім, на маё здзіўленне (нам давялося для пачатку звязвацца па мабільнай сувязі), адыграў вядомы ўсім нам Яўген Шаўчэнка», — распавёў Лукашэнка.
10 сакавіка 2022 года Шаўчэнка заявіў, што служыць у вайсковай частцы А0515 — падраздзяленні ГУР. У той жа дзень ён напісаў эмацыйны допіс у падтрымку Лукашэнкі. «Усе, хто на бацьку льюць гэтую хлусню, кончаныя мудакі і вылюдкі. Лукашэнка ад Народа, і для Народа. І мы разам вам яшчэ пакажам, як светам кіраваць на карысць простага Народа», — напісаў Шаўчэнка (правапіс і пунктуацыя захаваны).
Таксама Шаўчэнка ўхваліў затрыманне Пратасевіча.