Маўчанне — золата. І гэтыя ЗВР ва ўлады ў дэфіцыце

Мы ўжо прызвычаіліся, што Беларусь — краіна Залюстроўя. Што там у турму садзяць тых, хто выступае не за вайну, а супраць вайны, што ў зняволенні знаходзяцца тыя, хто патрабаваў сумленных выбараў, а не фальсіфікатары выбараў, і гэтак далей. І оруэлаўская канцэпцыя, калі «праўда — гэта хлусня», не можа не адбіцца на спосабе мыслення нашых чыноўнікаў. І адбіваецца.

c9e5820841f55cc24e530b360d58ce82.jpg


Прычым адбіваецца на мысленні ўсіх чыноўнікаў, зверху данізу. І, калі трэба казаць — гэтыя людзі маўчаць. А калі варта было б прамаўчаць — рот у іх не закрываецца.

Уся краіна тыдзень чакала добрых (для кожнага па-свойму) навін пра здароўе Лукашэнкі. Але ўсе чыноўнікі і прапагандысты як адзін вады ў рот набралі. Адзінае тлумачэнне было, што Лукашэнка «працуе з дакументамі». Фармулёўка сама па сабе выдатная — усе мы памятаем, як «працаваў з дакументамі» папярэдні прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Тады гэты эўфемізм азначаў, што ён проста знаходзіцца ў запоі.

А цяпер «з дакументамі працаваў» Лукашэнка. Папрацаваў трошкі, потым яго выцягнулі са «скрыні Шродзінгера» — і панеслася. У чацвер беларускі кіраўнік на саміце АДКБ зноў сыпаў выдатнымі прагнозамі аб украінскім контрнаступленні.

«Павінен сказаць, самая вялікая дэзінфармацыя — гэты “контрнаступ”. Ніякага “контрнаступу”, з майго пункту гледжання, няма і быць не можа. Гэта проста вар’яцтва. Адзін да пяці на фронце ваяваць па тэхніцы і жывой сіле — гэта проста вар’яцтва! Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў для таго, каб працягваць і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаянні. У гэтым сёння сутнасць на фронце», — казаў Лукашэнка на падставе таго, што «мы гэта бачым, таму што ўсё гэта ў нас за плотам».

Прагнастычны талент Лукашэнкі вядомы. Яшчэ 5 лютага 2022 года, да пачатку ўварвання Расіі ва Украіну ён казаў, што магчымая вайна Украіны супраць Расіі і яе хаўруснікаў у АДКБ «працягнецца максімум тры-чатыры дні».

У сакавіку 2022 года, ужо пасля пачатку вайны, Лукашэнка зрабіў яшчэ адзін прагноз: «Я перакананы, што найбліжэйшым часам гэты канфлікт, аперацыя Расіі, скончыцца мірам». 1 верасня мінулага года Лукашэнка падзяліўся новай дакладнай інфармацыяй: «Найбліжэйшым часам развязка будзе».

У выніку «развязкі» ў Гомельскай вобласці цяпер будуюць супрацьтанкавыя ўмацаванні, тэрмінова збіраюць рэзервістаў у велічэзных колькасьцях і запрашаюць у ваенкаматы нават тых, хто мае ў ваенным білеце запіс «непрыдатны да службы ў мірны час».

Лепш бы Лукашэнку пакінулі там, дзе ён быў. Каб ён не ганьбіўся. З ягоным зганьбаваннем і без таго цалкам спраўляюцца яго падначаленыя.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз раптам заявіў, што «ў выпадку працягу Саветам Еўропы і Захадам дэструктыўнай лініі ў дачыненні да беларускай дзяржавы Рэспубліка Беларусь адкліча сваю заяўку на ўступленне ў гэтую структуру і працягне перагляд фарматаў адносін з Саветам Еўропы, якія застаюцца».

Беларускаму МЗС не спадабаліся вынікі саміту Савета Еўропы ў Ісландыі. На яго была запрошаная Святлана Ціханоўская. Акрамя таго, падчас саміту ўздымалася тэма датычнасці беларускіх уладаў да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з тэрыторый, акупаваных Расіяй. Раней менавіта ў сувязі з гэтай практыкай Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Абвінавачанні ў дачыненні да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей прэс-сакратар МЗС назваў дзікімі, але пры гэтым заявіў, што Беларусь працягне вывозіць украінскіх дзяцей, «у тым ліку па запрашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Глаз, праўда, сцвярджае, што «часовыя прыезды дзяцей на аздараўленне ў Беларусь адбываюцца з захаваннем адпаведных прававых працэдур, усе дзеці ўязджаюць і выязджаюць з Беларусі легальна ў суправаджэнні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакументы».

Але чыноўнік МЗС не ўдакладніў, якія «прававыя нормы» ён меў на ўвазе. Міжнародныя, украінскія ці «краіны не да законаў»? У суправаджэнні якіх дарослых заязджаюць дзеці: бацькоў або «куратараў з Расіі»? І якія дакументы Глаз называе «неабходнымі»?


Простае пытанне: мяжа з Украінай у нас закрытая, самалёты таксама не лётаюць. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь?

А вось спасылкай на «запрашэнне прэзідэнта» ён практычна сам падпісаў свайму патрону такі ж ордэр з Гаагі, які дзейнічае ў дачыненні да Пуціна. Ну проста майстар дыпламатыі!

І так, напалохаў вожыка голай пятай кропкай. Гэта не Савет Еўропы імкнецца ў Беларусь, а Беларусь імкнулася ў Савет Еўропы. Праўда, дзверы для Беларусі там прычынілі яшчэ даўно праз парушэнні правоў чалавека. А канкрэтна — парушэнне права на жыццё, праз тое, што ў Беларусі дзейнічала і ўжывалася смяротнае пакаранне. Нагадаем, што менавіта Лукашэнка на сфальсіфікаваным рэферэндуме 1996 года паставіў гэтае пытанне і захаваў смяротную кару ў Беларусі. Так што, можна сказаць, што не пускалі Беларусь у Еўропу менавіта праз Лукашэнку.

А пасля 2020-га Савет Еўропы і зусім спыніў супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам, замест гэтага развіваючы ўзаемадзеянне з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Таму калі беларускі МЗС і адкліча заяўку ў Савет Еўропы, ні для Савета Еўропы, ні для Беларусі нічога не зменіцца. Затое Святлана Ціханоўская зможа падаць заяўку на ўступленне Беларусі ў СЕ назад. І яшчэ вялікае пытанне, да каго ў гэтай арганізацыі прыслухаюцца больш.

Тым больш, што Ціханоўская ўжо абмеркавала з Генеральным сакратаром Савета Еўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч крокі па ўключэнні дэмакратычнай супольнасці Беларусі ў СЕ. Наступнае пасяджэнне кантактнай групы запланавана на чэрвень.

І заўважце, без усякага МЗС і Глаза.

У нас зноў здарыўся велізарны прарыў у медыцыне. Не паверыце, але міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч абмеркаваў магчымасць лакалізацыі швейцарскімі кампаніямі вытворчасці медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння ў Беларусі.

Вось толькі, на жаль, гэта не азначае, што ў нас будзе швейцарскі ўзровень медыцыны і швейцарскія апаратура і медыкаменты, таму што абмяркоўваў гэтыя пытанні Піневіч не са швейцарскімі кампаніямі, а з ганаровым консулам Беларусі ў швейцарскім горадзе Пратэльне.

«На сустрэчы было адзначана, што ганаровы консул працягне аказваць садзейнічанне па ўсіх пазначаных напрамках», — бадзёра адрапартавала ў прэс-рэлізе Мінздароўя. Праўда, у ім не паведамляецца, што значыць «працягне» і з якой выніковасцю. Бо раней, як мы ведаем са стану нашай медыцыны, гэтая выніковасць — нулявая.

Старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус таксама пахваліўся. Паводле яго слоў, на выставе ўзбраенняў MILEX-2023, што адкрылася ў Беларусі, у першы ж дзень былі падпісаны кантракты на 60 млн долараў.

60 мільёнаў долараў ані для краіны, ані для зброевага рынку ў прынцыпе сума не вельмі вялікая, але капейчына да капейчыны… Аднак і гэтая капейчына павінна для пачатку трапіць у Беларусь. А пакуль спадар Пантус выхваляўся, аўстрыйскі Raiffeisen Bank International (RBI) паведаміў некаторым беларускім банкам, што з 31 ліпеня спыняе з імі карэспандэнцкія адносіны. Гэта значыць, не будзе абслугоўваць іх рахункі за мяжой.

Raiffeisen заставаўся апошнім банкам-карэспандэнтам, які забяспечваў прыём і перавод плацяжоў з беларускіх банкаў у Еўропу. І як цяпер 60 млн долараў спадара Пантуса прыйдуць у Беларусь — вялікае пытанне.

Іншым часам добра ўзгадаць, што маўчанне — золата.