Рада Еўропы прызнала факт незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Рада Еўропы на Саміце кіраўнікоў дзяржаў, які адбыўся ў Рэйк’явіку 16–17 траўня, паставіла Беларусь побач з Расіяй у выніковай дэкларацыі, дзе казалася, што ўсе вінаватыя за вываз украінскіх дзяцей будуць пакараныя.

Фота з сайта bialoruska24.org

Фота з сайта bialoruska24.org

Як і чакалася, адпаведная дэкларацыя была прынятая на Саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — чальцоў Рады Еўропы, які адбыўся ў Рэйк’явіку 16–17 траўня.

Прымусовы вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі адзначаны ў спецыяльным дадатку да дэкларацыі.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі — часовы выканаўчы орган, створаны нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай, адзначае, што ў гэтым рашэнні ЕС ёсць і іх унёсак. І адзначае, што прыняты дакумент — гэта ў тым ліку вынік працы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, які напярэдадні правёў шэраг рабочых сустрэч у Страсбуры з прадстаўнікамі Рады Еўропы і Еўрапарламента.

Каманда НАУ адзначае, што працягвае работу над прыцягненнем да крымінальнай адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў тым ліку і за ваенныя злачынствы.

У выніковай дэкларацыі Рады Еўропы Беларусь стаіць побач з Расіяй з-за вывазу ўкраінскіх дзяцей, і розных падыходаў да дзвюх краін не пазначана. Сярод іншага ў выніковай дэкларацыі адзначаецца:

«Зноў пацвярджаем, што ўсе дзеці ва Украіне маюць права карыстацца ўсім спектрам правоў чалавека, замацаваных у адпаведных міжнародна-прававых дакументах, і што найлепшыя інтарэсы дзіцяці павінны быць галоўным фактарам пры прыняцці рашэнняў.

Выказваем сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з фактамі забойстваў, раненняў і сексуальнага гвалту над дзецьмі, незаконнай перадачы і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей расійскімі сіламі ў Расійскую Федэрацыю і Беларусь або на тэрыторыі, часова кантраляваныя або акупаваныя Расійскай Федэрацыяй, і іх прымусовага размяшчэння знаходжанне пад апекай або ўсынаўленне грамадзянамі Расіі і іншыя парушэнні іх годнасці і правоў.

Падкрэсліваем, што ўсе злачынствы, учыненыя супраць дзяцей, павінны быць незалежна расследаваныя, а іх злачынцы не павінны застацца беспакаранымі ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі міжнароднага права і міжнароднага гуманітарнага права. Зноў заяўляем аб нашай падтрымцы незаменнай працы нацыянальнага і міжнароднага правасуддзя, каб гарантаваць, што за злачынствы, учыненыя ва Украіне, будуць прыцягнутыя да адказнасці ўсе вінаватыя».


Нагадаем, як пісаў «НЧ», нядаўна праўладная партыя «Белая Русь» заявіла, што ладзіць сумесныя праекты з расійскім агенцтвам «Рассупрацоўніцтва». Яны нібыта будуць накіраваныя на «дапамогу дзецям, якія пацярпелі на тэрыторыях» так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік».

А 5 траўня Беларусь адказала на абвінавачанне ПАРЕ ў дэпартацыі ўкраінцаў такім чынам, што кіраўніцтва рэспублікі зрабіла ўсё, каб украінскія дзеці ў нашай краіне маглі «адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства». Тады беларускі бок заявіў, што абураны рэзалюцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пад назвай «Дэпартацыя і гвалтоўныя перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб у Расійскую Федэрацыю або на часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі: стварэнне ўмоў для іх бяспечнага вяртання, спыненне гэтых злачынстваў і пакаранне вінаватых» і згадваннем у гэтым дакуменце Рэспублікі Беларусь.