«Сённяшні пароль свабодных людзей: Слава Украіне!». 10 трапных цытат і прароцтваў Валерыі Навадворскай
Сёння Валерыі Навадворскай магло б споўніцца 73 гады, але досвед савецкіх катавальняў рана падарваў яе здароўе. Узгадаем яркія выказванні жанчыны, якая прысвяціла жыццё змаганню з бальшавіцкай навалай і яе спадкаемцамі.
Валерыя Навадворская нарадзілася ў беларускіх Баранавічах у 1950 годзе. Калі Валерыі было 9 гадоў, бацькі перавезлі яе ў Маскву. Сама Навадворская вызначала сябе рускай.
Адчайным і
бескампрамісным змаганнем з бальшавікамі і з іх спадчыннікамі, што кіруюць
сённяшняй Расіяй, Навадворская прысвяціла ўсё жыццё. Ужо ў 19 гадоў яна арганізавала
падпольную студэнцкую групу, у якой абмяркоўвалася неабходнасць звяржэння
камуністычнага рэжыму шляхам узброенага паўстання. У тым жа ўзросте маладая
дысідэнтка раскідвала па Крамлёўскай зале улёткі з антысавецкімі вершамі свайго
аўтарства.
Яе гадамі трымалі за кратамі, на два гады змяшчалі на прымусовае лекаванне ў псіхіятрычную лякарню, але ні на хвіліну ў жыцці спадарыня Валерыя не спыніла сваёй барацьбы. Легендарная дысідэнтка і сапраўды свабодны чалавек Валерыя Навадворская сышла ў ліпені 2014 года. Сёння ворагі зноў называюць яе вар’яткай, а сябры ставяць Навадворскай помнікі і клічуць прарокам.
Пра тых, хто павінен вырашаць лёс Беларусі
«Натоўп тых калгаснікаў, якія прагаласавалі за калгасны фашызм Лукашэнкі (гэта не мой тэрмін, гэта тэрмін аднаго прадстаўніка Беларускага Народнага Фронта), гэта не народ. Не натоўп павінен вырашаць лёс народа».
Пра інтэграцыю Беларусі і Расіі
«Што тычыцца братэрскіх пачуццяў тых, хто галасуе за інтэграцыю з Расіяй, я падазраю, што гэтыя братэрскія пачуцці адэкватныя лыжцы, што цягнецца да чужой талеркі. Той, хто галасуе за інтэграцыю з Расіяй з эканамічных мэтаў, хоча атрымаць на халяву тое, чаго ў Расіі на самой справе няма. Гэта ілюзія вельмі глупых і недалёкіх людзей. У Расіі няма магчымасцяў пракарміць Беларусь. Расія, здаецца, не надта сябе корміць».
Пра Зянона Пазняка
«Зянон Пазняк і яго Народны Фронт перасталі быць фактарамі палітычных зменаў у Беларусі ў той дзень, калі Пазняк спужаўся за сваё каштоўнае жыццё і эміграваў. І на гэтым скончыўся ўплыў і ягонай і ягонай партыі. …Зянон Пазняк вінаваты не ў нацыяналізме, а ў баязлівасці».
Дарэчы, сёння гэтае выказванне вядомай дысідэнткі прыгадаў паплечнік Зянона Пазняка, журналіст Сяргей Навумчык. «Сёньня дзень народзінаў Валерыі Навадворскай. Заўсёды кажу: хаця яна і крытыкавала нас з Пазьняком за эміграцыю, і пры жыцьці, і цяпер стаўлюся да яе з піітэтам. Расея яе не пачула — што ж, калі народ ня чуе сваіх прарокаў, ён вырачаны на зьнікненьне», — пракаментаваў спадар Навумчык.
Пра «дактрыну беларускіх патрыётаў» і нацыяналізм
«Дактрына беларускіх патрыётаў — заўважце, не нацыяналістаў, а патрыётаў — яна ідзе ад Вялікага Княства Літоўскага, ад гімна «Пагоня», ад заходняга вектара развіцця, ад польскага ўплыву, і нічога дрэннага ў гэтым няма. Запомніце, нацыяналісты — гэта ў метраполіі, якія кагосьці акупуюць, а калі гаворка ідзе пра няшчасныя акупаваныя народы, задушаныя каланіялізмам, то там мае месца законны патрыятызм. Калі вы блытаеце тэрміналогію, вы выдаеце сваё савецкае паходжанне, свае савецкія погляды».
«Калі на плошчу выйдзе ўвесь Мінск, Лукашэнку ніякі АМАП не дапаможа»
У 2013-м годзе Валерыя Навадворская казала:
«Калі б беларускае грамадства падумала пра свае правы і свабоды і падтрымала апазіцыянераў, якія вывелі народ на плошчу, калі б на плошчу выйшаў увесь Мінск і яшчэ з рэгіёнаў пад'ехалі б, Лукашэнка ніякі б АМАП, ніякі спецназ не дапамог, гэтак жа як не дапамог Мілошавічу. Бо народ проста змёў рэжым і здаў Мілошавіча ў Гаагу. Ступень рэпрэсіўнасці рэжыму Лукашэнкі сведчыць аб тым, што ён разлічвае на беспакаранасць».
«Лукашэнка адчувае, што можа сабе дазволіць усё, пакуль Пуцін за яго плаціць»
«У Беларусі ўсё проста па анекдоце. Сядзіць беларус на цвіку, ёрзае. У яго пытаюцца, што ж ты так сядзіш, не зручна ж. А ён кажа: А можа, так трэба?... Дык вось, пакуль гэты анекдот з'яўляецца лейтматывам адсутнасці грамадскага жыцця ў Беларусі і кожны ўладкоўваецца як можа, абы яму пракарміцца, выжывае паціху і маўчыць у анучку, 60% незадаволеныя Лукашэнкам, але маўчаць. Грамадзяне, выратаванне таго, хто тоне — справа рук таго, хто тоне. А пакуль Лукашэнка адчувае, што можа сабе дазволіць усё, пакуль Пуцін за яго плаціць».
Пра беларускую мову
«Краіна, якая не мае сваёй мовы, а размаўляе на мове імперыі, на мове яе прыгнятальнікаў, ніколі не будзе мець незалежнасці. Зразумела, што Лукашэнка не ведае беларускай мовы і беларускай літаратуры. Ён нават лічыў, што Васіль Быкаў — паэт. Ніводнага твора яго не чытаў. І вельмі дрэнна. Цяпер уся беларуская інтэлігенцыя павінна з прынцыповых меркаванняў размаўляць на беларускай мове. За беларускую мову, я думаю, нават Лукашэнка не знойдзе падставы пасадзіць».
Пра Майдан
«Тыя маладыя людзі (у мяне адначасова цякуць слёзы і слінкі ад зайздрасці), якія зараз стаяць на Майдане, стаяць не за бясплатныя кватэры, не за вырашэнне праблемы ЖКГ, не за лішні кавалак каўбасы — каўбаса ў іх ёсць, і сала ёсць таксама. Яны стаяць за чалавечай годнасцю, за заходнім выбарам. Яны стаяць са сцягамі Еўрасаюза, яны жадаюць адчаліць ад нашага мацерыка, які гіне, які апускаецца на дно сусветнага акіяна, і ніякія эколагі нас ужо адтуль не выцягнуць. Яны хочуць адчаліць ад Расіі, якая гіне. І мы можам толькі пажадаць ім «сем фунтаў пад кілем», яшчэ раз сказаць: «За вашую і нашу свабоду». Няхай хоць нехта выжыве, няхай хоць нехта будзе вольны. Еўрасаюз — гэта будучыня. А пуцінская Расія — гэта гнюснае, ганебнае савецкае мінулае».
Зварот да сепаратыстаў на Данбасе
Гэты зварот Валерыя Навадворская запісала за месяц да смерці, у 2014 годзе. Прыводзім яго са скарачэннямі.
«Дарагія данбаскія апалчэнцы, яны ж сепаратысты, яны ж тэрарысты, і як вас там яшчэ ў гісторыі назавуць, вы нават уявіць сабе не можаце… Вам ужо павінна быць зразумела, што Пуціну не патрэбны Данбас. Патрэбныя не вы, патрэбная чорная дзірка, праз якую, для распальвання міжусобнай вайны, будзе паступаць зброя. …Пуціну не патрэбнае ваша незалежнае жыццё, нават калі б вы паспрабавалі. Яму патрэбная мяжа, каб гнаць праз яе ПЗРК, зброю і каб нападаць на Украіну, каб тая не ведала ніводнага спакойнага дня, каб увесь час ішла вайна, каб Украіна не зрабіла рэформы. А вы — вы толькі гарматнае мяса. Вы толькі сродак забяспечыць вайну. …
Імперыя зла, таму што імперый дабра не бывае. І дзеля жахлівых амбіцый гэтага спадчынніка Гітлера і Сталіна вы жадаеце памерці? Я нешта вас не разумею. ...
З Расіяй на сёння ўсё вельмі дрэнна. Я не ўпэўнена ў тым, што мы выберамся. Нас тут занадта мала, і занадта шмат тых, хто хоча аднавіць імперыю. ...Пуцін абяцае вам толькі магілу. З гэтага боку, акрамя магілы, нічога няма. І ніхто вас з гэтай магілы не выратуе, калі вы самі не захочаце ад яе ратавацца».
Апошняя воля
«Сённяшні пароль свабодных людзей — «Слава Украіне!», А водгук — «Героям слава!». Калі ласка, выратуйце Украіну. Гэта адзінае, што можа выратаваць Расію».