Лукашэнка перайшоў у стан правадыра Шродзінгера

Беларуская стабільнасць не вельмі прыстасаваная да таго, каб доўга абыходзіцца без правадыра. Беларуская стабільнасць і з правадыром дастабілізавалася да таго, што яе не спрабуе дэстабілізаваць ужо толькі лянівы, піша аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».

_julija_juhno___sud___ekanamiczny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_3_logo.jpg

Пачну сёння з жарту. Даўно неяк не здаралася пажартаваць. Але ў суботу Міністэрства энергетыкі паведаміла пра падключэнне да сеткі другога энергаблока Беларускай АЭС. Так што цяпер у Беларускай АЭС два энергаблокі будзе, і ламацца яна зможа ў два разы часцей.

Але падключэнне другога энергаблока суверэннай атамнай станцыі не змагло адцягнуць сяго-таго ад напружанай працы з дакументамі. Прорва дакументазвароту засмактала яго так глыбока, што ён не здолеў з яе вынырнуць нават з нагоды Дня Дзяржаўнага сцяга. Перайшоў, можна сказаць, у стан правадыра Шродзінгера.

Аднак жа момант для таго, каб правадыру знаходзіцца ў стане квантавай нявызначанасці, цяпер, вядома, не самы ўдалы. У беларускіх сведак стабільнасці і так хапае нявызначанасцяў. Таму што якраз цяпер адзіны саюзнік з усіх сіл адбівае ўкраінскае контрнаступленне. Якое, між іншым, пакуль нават толкам не пачалося.

Вось украінскага наступлення яшчэ няма, а панічныя атакі ў хаўрусніка ўжо здараюцца. І яшчэ невядома, што горш, — страты сярод расійскай авіяцыі і расійскіх палкоўнікаў, або ўяўнае ўкраінскае наступленне, якое даводзіцца адбіваць літаральна па ўсёй лініі фронту, і ўжо нават часткова на расійскай тэрыторыі. Прычым нават уяўнае контрнаступленне ў саюзніка атрымліваецца адбіваць з пераменным поспехам.

І гэта, вядома, вельмі трывожная тэндэнцыя для “другой арміі свету”. Таму што калі для панікі ім дастаткова ўкраінскае наступленне сабе толькі ўявіць, то што яны будуць рабіць, калі гэта наступленне пачнецца па-сапраўднаму?


Вось у Расіі ўяўнае наступленне, а ў сведак стабільнасці — правадыр Шродзінгера. А беларуская стабільнасць, не вельмі, вядома, прыстасаваная да таго, каб доўга абыходзіцца без правадыра. Беларуская стабільнасць і з правадыром дастабілізавалася да таго, што яе не спрабуе дэстабілізаваць ужо толькі лянівы.

А тут жа можа здарыцца так, што, калі скрыню з правадыром Шродзінгера прыйдзецца ўсё ж такі адкрыць, Расія будзе занадта занятая сваімі справамі. Што ёй будзе не да беларускага хаўрусніка. І сведкам стабільнасці давядзецца разбірацца са сваімі нявызначанасцямі самастойна. Без старэйшага брата за спінай.