Расія прызнала адступленне з Бахмута: Прыгожын крычыць, што фронт «сыплецца»
Украінскія ўлады заклікалі не давяраць заявам Прыгожына.
Мінабароны Расіі 12 траўня адкрыта прызнала «тактычнае» адступленне на Бахмуцкім кірунку. Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў, што лічыць непазбежным надыход «глабальнай трагедыі для Расіі».
Прыгожын у сваім новым відэазвароце заявіў, што на гэты момант адбываюцца ўцёкі падраздзяленняў Мінабароны РФ з флангаў і толькі за сёння была страчана тэрыторыя ў 5 квадратных кіламетраў, у тым ліку ад рускіх нібыта вызвалена дарога Часаў Яр — Бахмут і ўкраінскімі вайскоўцамі заняты ўсе тактычныя вышыні.
Прыгожын прадказаў акружэнне расійскай групоўкі, калі УСУ дадуць зайсці ў Берхаўку. «Таварыш Канашэнкаў (прадстаўнік Мінабароны РФ — рэд.), мякка кажучы схлусіў: адбылося не тактычнае адступленне, адбыліся проста ўцёкі», — абураецца кіраўнік «вагнераўцаў».
Прыгожын скардзіцца, што яго прыватнай арміі да гэтага нібыта не даюць у дастатковай колькасці боепрыпасы — нібыта разлічваюць, што ПВК «садзьмецца».
Паводле яго слоў, «вагнераўцам» засталося «ўзяць» толькі 20 будынкаў у Бахмуце, але захоп горада, дадаў ён, не дае рускім нічога, «таму што флангі сыплюцца, фронт правальваецца, а спробы Мінабароны РФ у інфармацыйным полі залагодзіць сітуацыю прывядуць і прыводзяць да глабальнай трагедыі Расіі».
«Тое, пра што я папярэджваў доўгі час, пачынае здзяйсняцца», — «усцешыў» расіян Прыгожын.
Зрэшты, як пісаў «НЧ», намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр яшчэ 6 траўня заклікала ўкраінцаў «ніяк» не ставіцца да істэрычных заяў Прыгожына і іншых прадстаўнікоў захопніцкай арміі. Незалежна ад публічных заяў ворага, грамадзянам заўсёды варта быць гатовымі да падступных сцэнараў дзеянняў расіян.
Аднак Мінабароны РФ ускосна пацвердзіла, што ўкраінская атака аказалася паспяховай: у заяве адзначаецца, што расійскія войскі адышлі «на больш выгадныя пазіцыі ля Берхаўскага вадасховішча» — гэта значыць, на два з паловай кіламетры. Менавіта гэты адыход Прыгожын назваў «уцёкамі».
Наступленне пачалося?
Пакуль не зразумела, ці сапраўды пачалося наступленне, пра якое так шмат гавораць. Ужо другі дзень у РФ — менавіта ў Расіі — кажуць, што ўкраінскае наступленне пачалося. Аднак украінскі бок ніякіх заяў не робіць.
Заходнія эксперты адзначаюць, што план камандавання УСУ пакуль няясны. Яны мяркуюць, што атакі пад Бахмутам могуць быць пачаткам (або падрыхтоўчым мерапрыемствам) для больш буйнога наступу. Магчыма, украінскае камандаванне хоча прымусіць расійскае войска перакінуць рэзервы пад Бахмут — з тым, каб гэтыя рэзервы не атрымалася задзейнічаць у адбіванні будучага наступлення УСУ на іншых напрамках. Але нельга выключаць і таго, што ўкраінцы проста спрабуюць палегчыць становішча сваіх войскаў, якія па-ранейшаму з цяжкасцю стрымліваюць штурм Бахмута.
Баі за Бахмут — галоўнае
10 траўня камандуючы Сухапутных войскаў УСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі паведаміў, што пад націскам украінскіх абаронцаў на асобных участках фронту ў Бахмуце рускія вымушаны былі адступіць на некалькі кіламетраў. Сапраўдным «ударам» для Прыгожына сталі ўцёкі 72-й брыгады РФ і ў сувязі з гэтым разгром пазіцый саміх «вагнераўцаў».
Пасля нядаўніх контратак УСУ ў ваколіцах Бахмута пагроза акружэння ўкраінскай групоўкі ў горадзе практычна знята. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца і ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. А самі расіяне не здольны сфарміраваць кацёл.
ISW адзначае, што разгортванне нізкакваліфікаваных расійскіх сіл на флангах вакол Бахмута сведчыць аб тым, што Мінабароны РФ адмовілася ад мэты акружыць там значную колькасць украінскіх сіл.
Паводле звестак Генеральнага штаба УСУ, расійскія войскі працягваюць актыўна атакаваць як у самім Бахмуце, так і ў яго ваколіцах. Пры гэтым атакі вядуцца ў тым ліку ў напрамку вёскі Ступачкі — з плацдарма, які вось-вось будзе адрэзаны сіламі УСУ.