Прыгожын назваў Пуціна «кончаным м*даком»?

Адыёзны кіраўнік ПВК Вагнера і «кухар Пуціна» Яўген Прыгожын выпусціў чарговую скандальную заяву, у якой выказаўся пра становішча на фронце і зноў эмацыйна паскардзіўся на недахоп снарадаў пад Бахмутам, дзе ідуць цяжкія баі. Узгадаў ён у прамове і нейкага «шчаслівага дзядулю», які, магчыма, з'яўляецца «кончаным м*даком». Каго меў на ўвазе Прыгожын, застаецца толькі здагадвацца. Пуціна? Шайгу? Кагосьці яшчэ з крамлёўскіх герантакратаў? Мяркуйце самі.

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа «Украінская праўды»

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа «Украінская праўды»

Яўген Прыгожын апублікаваў відэа, у якім зноў заявіў пра недахоп боепрыпасаў у ПВК Вагнера і абвінаваціў Міністэрства абароны Расіі ў тым, што яно не выканала абяцанняў па пастаўках снарадаў. У адным з фрагментаў 27-хвіліннага запісу Прыгожын згадвае нейкага дзядулю, які «думае, што яму добра», нягледзячы на цяжкую абстаноўку на фронце. «Медуза» апублікавала расшыфроўку гэтага фрагмента.

— Ёсць людзі, якія ваююць, а ёсць людзі, якія адзін раз у жыцці дзесьці вывучылі, што павінен быць рэзерв — і назапашваюць, назапашваюць гэтыя рэзервы, — сказаў Прыгожын.

— Прамысловасць стругае вось такія вось снарады, але замест таго, каб аддаваць іх у войскі, іх назапашваюць на нейкіх складах. Для чаго — ніхто не ведае. І замест таго, каб выдаткаваць снарад, забіць праціўніка, захаваць жыццё нашага салдата, забіваюць нашых салдат.

А шчаслівы дзядуля думае, што яму добра. І што рабіць далей краіне? Калі ён мае рацыю, дай бог усім здароўя. А вось што рабіць краіне, што рабіць нашым дзецям, унукам, будучаму Расіі, і як выйграць вайну, калі раптам выпадкова, я проста мяркую, апынецца, што гэты дзядуля — кончаны мудак?

Нагадаем, 5 траўня верхавод вагнераўцаў Яўген Прыгожын у звароце да кіраўніцтва Мінабароны Расіі заявіў, што выведзе наймітаў ПВК Вагнера з Бахмута 10 траўня. Ён сцвярджае, што прычына такога кроку палягае ў тым, што Мінабароны РФ не дае яго баевікам дастатковую колькасць боепрыпасаў, і ён не хоча, каб праз гэта ягоныя людзі былі «асуджаныя на бессэнсоўную гібель».

Ва Узброеных Сілах Украіны скептычна ставяцца да заявы Прыгожына, што нібыта баевікі пачнуць выхад з Бахмута 10 траўня.

Пазней кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў прапанаваў сваю дапамогу ў акупацыі Бахмута, але далей словаў справа не пайшла. Хаця 6 траўня Прыгожын паведаміў, што нібыта сапраўды перадасць пазіцыі сваіх баевікоў у Бахмуце падраздзяленням Кадырава.

7 траўня Прыгожын заявіў, што атрымаў, верагодна, ад расійскага Мінабароны баявое распараджэнне, што воіны атрымаюць боепрыпасы і ўзбраенне. Але, як бачым, зноў нешта пайшло не так.