«Мне трэба выйграць гэту чортаву вайну любым коштам». Уладальнік «Вагнера» асабіста паехаў вербаваць зняволеных

«У першую чаргу цікавяць забойцы і разбойнікі — вам у нас спадабаецца». СМІ пішуць, што Яўген Прыгожын асабіста вярбуе наймітаў у калоніях.

Зняволеныя ВК №4, Белгарадская вобласць. Фота: Сяргей Фадзеічаў / ТАСС

З «М*диазоной» звязаліся зняволеныя з Яраслаўскай і Тульскай абласцей, якія распавялі, як іх калоніі наведваў невысокі лысы немалады мужчына з зоркай Героя Расіі на грудзях, які называў сябе Яўгенам Прыгожыным, і прапанаваў свабоду і грошы ў абмен на ўдзел у вайне супраць Украіны. Прапануем вам гэты  артыкул з нязначнымі скарачэннямі.

Упершыню пра тое, што «ПВК Вагнера» вярбуе ў калоніях Ленінградскай вобласці зняволеных для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, паведаміў 2 ліпеня праваабарончы праект Gulagu.net. Гэтыя паведамленні пацвердзіла выданне «Важные истории». Праз два тыдні стала вядома аб наборы наймітаў з ліку асуджаных і ў іншых рэгіёнах Расіі.

У канцы ліпеня ў калоніях сталі заўважаць блізкага да Уладзіміра Пуціна бізнесоўца Яўгена Прыгожына, якога называюць уладальнікам «ПВК Вагнера». Пра гэта са спасылкай на крыніцы пісаў заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін. Паводле яго слоў, Прыгожын пачаў вярбовачны тур з калоній для былых сілавікоў, а затым пераключыўся на ўстановы строгага рэжыму.

Выданне «Верстка» адправіла ў кампанію Прыгожына «Конкорд» запыт і атрымала наступны адказ: «Так, ад вас нічога не схаваць. З упэўненасцю магу сказаць, што я бываў у калоніях у 1980-я гады. Усё ўжо не ўспомніць, прайшло 40 з лішнім гадоў. Але дакладна быў у ленінградскіх калоніях, у Комі, у Вятлагу. На Русі многія пабывалі ў турмах, некаторыя зніклі, іншыя ж паразумнелі і працуюць на карысць сваёй краіны». Паводле даных «Верстка», усяго групы вярбоўшчыкаў наведалі як мінімум 17 калоній з дзесяці розных рэгіёнаў.

«М*диазона» прыводзіць сведчанні двух не знаёмых паміж сабой зняволеных, адзін з якіх адбывае пакаранне ў Яраслаўскай, а другі — у Тульскай вобласці. Яны падрабязна апісваюць сустрэчы з чалавекам, які выступаў ад імя «ЧВК Вагнера» і прадстаўляўся Яўгенам Прыгожыным.


ВК-2, Рыбінск

«Прыехаў спадар Прыгожын з зоркай Расіі. Сказаў, што прадстаўляе ўзаконеную АЗГ «ПВК Вагнера» і мае паўнамоцтвы прапанаваць нам удзельнічаць у вайне», — напісаў выданню адзін са зняволеных ВК-2 строгага рэжыму ў Рыбінску Яраслаўскай вобласці.

«М*диазона» была не адзіным адрасатам ягоных паведамленняў: некаторыя з іх апублікаваў тэлеграм-канал «Житель МЛС», у эфіры Bild адзін з пастоў зачытала праваабаронца Вольга Раманава. Сустрэча, аб якой распавядае асуджаны, адбылася 1 жніўня.

«Нас усіх вывелі на пляц, гэта значыць наогул усю калонію, у тым ліку інвалідаў і наогул усіх тых, хто па розных прычынах на пляц выходзіць не павінен… Усіх, хто фізічна мог дабрацца да пляцу. Знялі з працы ўсіх з прамзоны і таксама выгналі на пляц. Не вывелі толькі насельнікаў СУСа, БУРа і ШЫЗА», — успамінае ён.

Прадстаўнік ЧВК прыбыў не адзін. На тэрыторыю зоны заехаў белы мікрааўтобус, з якога выйшлі восем чалавек у цывільным. Чацвёра з торбамі і заплечнікамі засталіся стаяць у далечыні, а іншыя чацвёра выйшлі да асуджаных на пляцы.

«Трое моцных мужчын былі са стваламі (на тэрыторыі калоніі!), якія былі схаваныя ў паясныя мяккія торбы. Чацвёрты ж быў немалады, лысы, невысокі, і на грудзях у яго красавалася Зорка героя Расіі», — апісвае вярбоўшчыка зняволены. Па яго словах, гэты чалавек назваўся Яўгенам Прыгожыным.

Усяго на сустрэчу, паводле ацэнак крыніцы «М*диазоны», сабралі крыху менш за паўтары тысячы чалавек — асуджаных, «якія могуць хадзіць», і ўсіх супрацоўнікаў калоніі. Ім патлумачылі, што «ідзе Трэцяя сусветная вайна», і ў ёй можна ўзяць удзел на баку Расіі.

«Мы не ўзброеныя сілы, а самая сапраўдная ваенізаваная арганізаваная злачынная групоўка (АЗГ). Мае хлопцы заходзяць у афрыканскія краіны і за два дні не пакідаюць там нічога жывога, і цяпер гэтак жа разносяць ворагаў на Украіне. Ваша рашэнне служыць у ПВК — гэта здзелка з д'яблам. Калі вы выйдзеце адсюль са мной, то ці вернецеся вольным чалавекам, ці памрэце. Вы будзеце абавязаныя забіваць ворагаў і выконваць загады кіраўніцтва. Тых, хто адвернецца назад, чакае расстрэл на месцы», — цытуе па памяці зняволены гаворку чалавека, які назваўся Прыгожыным.


Тым, хто пагодзіцца на здзелку, вярбоўнік абяцаў па 100 тысяч рублёў у месяц «плюс прэмія прыкладна столькі ж», а ў выпадку «годнай» гібелі — 5 мільёнаў рублёў сям'і.

«Усё будзе аформлена афіцыйна, дакументы будуць захоўвацца ў адпаведных структурах, — прыводзіць словы чалавека з медалём героя апавядальнік. — Казаў, што мы не гарматнае мяса, не. Шанц на гібель ацаніў у 15%, на раненне — 25%. За дэзерцірства, кажа, расстрэл, тое ж за марадзёрства і наркотыкі».

Па словах удзельніка сустрэчы ў ВК-2, вярбоўшчык сцвярджаў, што «эксперыментальна зняволеныя выкарыстоўваліся 12 ліпеня». Гаворка ішла пра 42 асуджаных з-пад Пецярбурга, з якіх загінулі нібыта ўсяго пяцёра: «Кажа, яны біліся як львы, напалі з аднымі нажамі на нейкі апорнік і ўсіх там выразалі».

«У першую чаргу цікавяць іх забойцы і разбойнікі, да наркаманаў ставяцца насцярожана, тое ж да гвалтаўнікоў. Лепш, кажа, каб не побытавыя забойцы былі, а наогул свядомыя — вам, кажа, у нас спадабаецца. Наогул, ён рабіў уражанне маньяка. Ніякага прымусу, між тым, не было. Вы, кажа, павінны самі [зразумець], што нам патрэбныя. І сапраўды, пайшлі запісвацца шмат, вельмі шмат, ніяк не менш за 200 чалавек», — распавядае асуджаны. Паводле яго слоў, у першую чаргу гэта «першаходы з вялікімі тэрмінамі», але «шмат і ідэйных».

Асобы, якія пагадзіліся ваяваць супраць Украіны, павінны прайсці шматступенную праверку: сумоўе, тэсты на фізічную падрыхтоўку, затым перагляд дакументаў і даследаванне на паліграфе, якое пакажа, ці не збіраецца зняволены стаць дэзерцірам, ці ўжывае наркотыкі, ці здольны на забойства. Калі кандыдат праходзіць паліграф, праз два тыдні яго вывозяць на вучэнні.

«З ВК мы паедзем на бліжэйшы аэрадром, там на самалёце прыбываем у ціхае месца недалёка ад мяжы, дзе вы пераапранаецеся ў зялёнку і некалькі тыдняў будзеце праходзіць ваенную падрыхтоўку. З гэтага моманту вы ўжо не зняволеныя, а мае байцы. Вы будзеце трэніравацца па 20 гадзін на суткі і трываць такія ж нягоды, як і іншыя мае воіны, будзеце спаць у тых жа акопах. Пасля праходжання курсаў вы перасякаеце мяжу Украіны на верталёце, становіцеся сапраўднымі салдатамі ўдачы — і толькі вось з гэтага моманту і пачынаецца адлік паўгода да вашага памілавання», — перадае словы вярбоўшчыка зняволены ВК-2.

Адразу ж пасля ад'езду вагнераўцаў з рыбінскай калоніі зняволеных пазбавілі доступу да сэрвісу Zonatelecom, і сувязь засталася толькі нелегальная, распавёў відавочца журналістам — праз забароненыя мабільныя, употай ад адміністрацыі. Набор наймітаў з ліку зняволеных ён назваў «злачынным».


ВК-4, Плаўск

Зняволены з ВК-4 у Плаўску Тульскай вобласці сцвярджае, што да іх у калонію Яўген Прыгожын прыязджаў яшчэ 25 ліпеня; па яго звестках, у гэты дзень вярбоўшчыкі абляцелі на верталёце некалькі папраўчых устаноў. «Я ведаю, хто гэта, і ён сам сказаў, што пра яго прыезд на наступны дзень даведаецца палова Расіі», — піша асуджаны.

У асноўных дэталях яго аповед супадае з гісторыяй аб сустрэчы ў Рыбінску. «Папярэдзіў, што смяротнасць 15%. Казаў: «Мы ідзем першыя, вы ідзяце за намі, нам не трэба гарматнае мяса, толькі пяхота». Адзін зэк сказаў, што прайшоў Чачню і мае спецыяльнасць ваенную. Прыгожын на гэта адказаў, што іх не цікавяць спяцы, у іх ёсць свае, патрэбна толькі пяхота», — успамінае зняволены.

Па яго словах, чалавек, які назваўся Прыгожыным, паўтараў: «У мяне асаблівыя паўнамоцтвы ад прэзідэнта, мне пох*й на ўсіх, мне трэба выйграць гэтую чортаву вайну любой цаной». У Тульскай вобласці, як і ў Яраслаўскай, вярбоўшчык прызнаваўся, што і сам «адседзеў на Поўначы».

За ўдзел у вайне ён абяцаў не толькі грошы, але і памілаванне, зняцце судзімасці, а тым, у каго няма расійскага грамадзянства — пашпарт. «Я сам сядзеў у турме 10 гадоў, і таму думаю, што вам спадабаецца мая прапанова», — сказаў госць ВК-4 і дадаў, што вайна надоўга, а тыя, хто гэтага не разумеюць, «лунаюць у аблоках».

«Ніякіх абмежаванняў няма, акрамя ўзросту 50 гадоў. І не бярэ «пакрыўджаных» — усе астатнія падыходзяць», — успамінае суразмоўца журналістаў з плаўскай калоніі.

«Дарэчы, тэрмін, які засталося адбыць тым, хто пагадзіўся паехаць, зусім розны, — распавядае ён. — Ёсць тыя, каму больш 10-20 гадоў, але і шмат тых, каму засталося год-два. Ведаю нават аднаго чалавека, які вызваляецца ў кастрычніку гэтага года. Навошта табе? — Памілаванне! Ён баіцца, што судзімасць — гэта таўро, баіцца, што нікому не патрэбны з судзімасцю».

Па словах зняволенага з ВК-4, тым, хто пагадзіўся на прапанову вярбоўшчыкаў, сказалі, што з іх сфарміруюць «штурмавыя атрады». Запісаліся ў выніку каля 100-150 чалавек.

Многія зняволеныя шчыра паверылі вярбоўшчыкам, кажа суразмоўца. «У асноўным тут вераць СМІ, вераць, што ім пашанцуе, ну і спадзяюцца хутка вярнуцца дадому, зусім не ўсведамляюць небяспекі. Грошы практычна не хвалююць нікога. Тое, што яны вераць, што іх не падмануць, — тут прамоўніцкі талент Прыгожына, логікі няма», — разважае асуджаны.

Сам ён лічыць, што з Украіны «вернуцца адзінкі»: «Ваяваць не пайду, нават калі мне павялічаць тэрмін».

Як і ў Рыбінску, пасля прыезду дэлегацыі «ПВК Вагнер» зняволеных у Плаўску пазбавілі легальнай сувязі з воляй. Пра гэта «М*дыязоне» распавёў блізкі знаёмы іншага зняволенага і ў пацверджанне паказаў яго паведамленні. У іх гаворыцца, што адміністрацыя паставіла ўмову: таксафоны не будуць працаваць, пакуль у калоніі не набярэцца патрэбная колькасць добраахвотнікаў. На момант публікацыі гэтага тэксту сэрвіс Zonatelecom у ВК-4 зноў даступны.

Пераклад «НЧ»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: