Чым займаецца ПВК «Вагнер», у шэрагах якой супраць Украіны ваююць і беларусы

У расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» прызналі, што беларусы могуць знаходзіцца ў яе шэрагах, але падрабязнасці раскрываць не сталі, піша «Народная Воля». Гэта вынікае з адказу прэс-службы кампаніі «Канкорд» Яўгена Прыгожына на запыт беларускага «Спутника».

Фота: vk.com/wagnersamara

Фота: vk.com/wagnersamara


«Паводле нашых звестак, грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца ў шэрагах ПВК «Вагнер». Іншай інфармацыяй мы не валодаем», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Хто такі Яўген Прыгожын?

Адразу ўдакладнім: сам Яўген Прыгожын не называе сваё войска ПВК — маўляў, у расійскім заканадаўстве ніякія прыватныя вайсковыя кампаніі не прадугледжаны. Ён кажа, што група «Вагнер» — гэта БТГ (батальёна-тактычная група). Зрэшты, прыватныя БТГ у заканадаўстве не прадугледжаны тым больш.
Яўген Прыгожын — расейскі бізнэсовец з Санкт-Пецярбурга, давераная асоба Уладзіміра Пуціна, тройчы герой-Расеі, ЛНР і ДНР.
Мае крымінальнае мінулае: у 1981 годзе быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж, махлярства і разбой, але на волю выйшаў раней. У пачатку 1990-х заняўся ў Санкт-Пецярбургу рэстаранным бізнесам, за што мае ў журналісцкім асяроддзі мянушку «кухар Пуціна». У 2001 годзе на борце яго рэстарана «New Island» праходзіла вячэра прэзідэнтаў Расіі і Францыі Уладзіміра Пуціна і Жака Шырака. Тут у траўні 2002-га Уладзімір Пуцін прымаў Джорджа Буша-малодшага, восенню 2003-га Пуцін адзначаў у рэстаране Прыгожына свой дзень нараджэння.
Памятаеце, як у 2014 годзе расейская прапаганда распавядала, што супраць Кіева без усякага ўдзелу Расеі і расейскай арміі паўстаў «просты народ Данбаса». Нядаўна Яўген Прыгожын, які раней усяляк адмаўляў сваю сувязь з групай «Вагнер», ва ўсім прызнаўся.
«У 2014 годзе, калі пачаўся генацыд расейскага насельніцтва Данбаса, калі Расея саскочыла ў апошні паравоз і здолела заблакаваць прыход украінскага войска ў Крым, я, як і многія іншыя бізнесоўцы, ездзіў на палігоны, дзе збіраліся «казачкі», і спрабаваў смяціць грашыма, для таго каб набраць групу, якая паедзе і абароніць расейцаў, – распавёў ён. – Але вельмі хутка зразумеў, што сярод усіх гэтых «казачкоў» і іншых ваенізаваных таварышаў палова махляроў, а палова тых, хто браў грошы, наймаў добраахвотнікаў і адпраўляў іх голымі-босымі на рэальную смерць. Тады я паляцеў на адзін з палігонаў і заняўся гэтым сам. Сам пачысціў старую зброю, сам разабраўся з бронекамізэлькамі і знайшоў спецыялістаў, якія змаглі мне ў гэтым дапамагчы. З гэтага моманту, 1 мая 2014 года, і нарадзілася група патрыётаў, якая пасля набыла назву БТГ «Вагнер». Выключна дзякуючы іх адвазе і мужнасці стала магчымым вызваленне Луганскага аэрапорта і многіх іншых тэрыторый, а таксама карэнным чынам змяніўся лёс ЛНР і ДНР».
Такім чынам, не «просты народ Данбаса» ваяваў за стварэнне ЛНР і ДНР. Але гэтым справа не абмежавалася, паколькі сфера выявилася вельмі перспектыўнай.

Што такое ПВК «Вагнер»?


«Група патрыётаў», у адрозненне ад самой расійскай арміі добра ўзброенае і навучанае, аказалася вельмі запатрабаванай. Вось як апісвае яе дзейнасць Азербайджанскі журналіст Дзмітрый Рой.
«...У сталіцы Буркіна-Фасо Уагадугу ўжо праз гадзіну пасля звяржэння падпалкоўніка Поля-Анры Даміба на вуліцах з'явіліся расейскія сцягі. Ваенныя, якія прыйшлі да ўлады ў выніку перавароту, заклікалі Маскву дапамагчы ім перамагчы ў вайне з тэрарыстамі і аказаць такую ж дапамогу, як іх суседу — Малі, дзе расійскія ПВК адкрыта супрацоўнічаюць з ваеннымі гэтай краіны.


Поль-Анры Даміб у студзені гэтага года прыйшоў да ўлады пры падтрымцы кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. Але, мабыць, чымсьці не задаволіў свайго патрона, а таму яго змяніў Ібрагім Траорэ. І таксама з мясцовай «групы падтрымкі» вагнераўцаў.
Прыгожын цяпер становіцца распарадчыкам лёсаў цэлага шэрагу афрыканскіх дзяржаў. За ўсімі колькі-небудзь значнымі падзеямі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Малі, Буркіна-Фасо тырчаць вушы вагнераўцаў. А цяпер яны імкнуцца зайсці і ў Судан, каб стварыць там асноўную базу пранікнення ў Афрыку.
Іх афіцыйныя лозунгі: «Мы дапаможам брацкай Афрыцы пазбавіцца ад спадчыны заходняга каланіялізму!», «Мы дапаможам нашым сябрам перамагчы тэрарызм!». Але ў рэчаіснасці іх галоўная мэта — мясцовае золата, золата і яшчэ раз золата, якімі багатыя нетры пералічаных вышэй краін. Так што ў рэальнасці іх галоўны лёзунг: «Золата, яшчэ больш золата». Расейская ўлада дазволіла Прыгожыну стаць алігархам і стварыць «Вагнер», а таксама дала яму нябачаныя паўнамоцтвы для фармавання прыватнага войска.
Усё для таго, каб ён здабыў для дарагіх ваенных авантур як мага больш афрыканскага золата. А ўзяць гэта золата няпроста. У Афрыцы мала буйных дзяржаўных прадпрыемстваў па яго здабычы, усім займаюцца прыватныя прадпрымальнікі і старацеляў-адзіночкі, якія здаюць частку золата дзяржаве па фіксаваных цэнах.
«Вагнер» Прыгожына прапануе ўладам немудрагелістую схему — мы за долю ў здабычы наводзім парадак, адганяем ад радовішчаў непажаданыя элементы, а вы нам акуратна і своечасова ўсё гэта аплачваеце. У Цэнтральнай, і не толькі, Афрыцы гэтая схема праходзіць на «ўра». Бо лепш падзяліцца з вагнераўцамі, а то і перадаць у якасці аплаты ім пад кантроль некалькі радовішчаў, чым не атрымліваць наогул нічога.
І трэба аддаць ім належнае — ПВК «Вагнер» прытрымліваецца ўзятых на сябе абавязацельстваў. Праведзены імі крывавы рэйд у залатаносных раёнах Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі запомніцца мясцовым старацелям надоўга. Верталёты, бронемашыны, агонь па ўсім, што рухаецца, — раён Андаха быў цалкам зачышчаны ад золатапрамыслоўцаў, якія не жадаюць супрацоўнічаць з уладамі.


Тое ж самае адбывалася, няхай і ў некалькі меншых маштабах, у Малі. Улады ў захапленні і горача рэкамендуюць суседзям «гэтых эфектыўных рускіх». Так што неўзабаве падобныя навіны прыйдуць і з Буркіна-Фасо, і з Уганды, улады якой нядаўна заявілі, што ў іх выявіліся золотоносные радовішча з агульным запасам у 320 тысяч тон. Для параўнання: у Расіі разведаных запасаў каля 14 тысяч тон.
А на прыцэле ў вагнераўцаў яшчэ і Конга. Улады гэтай краіны не занадта хочуць клікаць сюды расейскую ПВК, але ж улада ў Афрыцы — справа зыбкая. Сёння яна ёсць, а заўтра, глядзіш, з'явіцца які-небудзь бравы капітан, які яе скіне і пакліча расейскіх сяброў на дапамогу. А то і зусім якія-небудзь жудасныя тэрарысты ў джунглях завядуцца. На Чорным кантыненце магчыма ўсё.
Без усялякага перабольшання можна сказаць, што Прыгожын і яго «Вагнер» сёння з'яўляюцца галоўнай крыніцай золата для Расеі, афрыканскім куфрам з каштоўнасцямі, з якога расейскі ўрад гатовы чэрпаць да бясконцасці.
Наўзамен Прыгожын просіць толькі аб адным — пашырыць магчымасці яго ПВК. І атрымлівае што просяць. У «Вагнера» ўжо ёсць і ўласная артылерыя, і авіяцыя, яны ў абыход закона могуць вербаваць наймітаў хоць на расейскіх зонах, абяцаючы свабоду пасля шасці месяцаў службы. Гэта выклікае незадаволенасць у расійскіх ваенных, але для ЧВК «Вагнер» у Расеі правілаў не існуе.


Генералы сур'ёзна падвялі Пуціна, а Прыгожын пакуль не падвёў ні разу. Таму ў яго ёсць поўны карт-бланш ад расійскага прэзідэнта на любыя дзеянні».

А што наш закон?


Шмат хто памятае скандал з затрыманнем у Беларусі некалькіх дзясяткаў байцоў групы «Вагнер» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку нашы ўлады казалі, што гэтыя людзі прыехалі рыхтаваць пераварот, але потым папрасілі прабачэння перад імі і адпусцілі. У той жа час зусім не чуваць, каб супраць каго-небудзь з беларусаў, якія ваююць за «Вагнер», узбуджаліся крымінальныя справы па артыкуле «Наёмніцтва». Між тым такі артыкул у Крымінальным кодэксе ёсць. Гэта артыкул 133: «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яна з'яўляецца або на тэрыторыі якой пастаянна пражывае (наёмніцтва), – караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі».


Пакаранне, як вы бачыце, прадугледжана не самае строгае — па меншай меры, менш, чым за выхад на пратэсты (якія кваліфікуюцца як масавыя беспарадкі і адпаведна караюцца тэрмінам ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі). Хоць найміты — гэта менавіта тыя людзі, якія забіваюць.
Але справа нават не ў гэтым. Супраць беларусаў-байцоў палка Каліноўскага, якія ваююць у складзе Узброеных Сіл Украіны, многія з якіх да вайны пастаянна пражывалі ва Украіне, крымінальныя справы распачынаюцца. У той жа час аб крымінальным пераследзе беларусаў-вагнераўцаў, якія і ў Украіне, і па ўсёй Афрыцы ваююць у складзе незразумелага прыватнага ўзброенага фарміравання, не чуваць нічога. Таму ўзнікае пытанне: а для каго ў нашай краіне пішуцца законы?