«Вагнераўцы» рыхтуюць да дыверсій на тэрыторыі Украіны супрацоўнікаў беларускага ПАПа, звязанага з адміністрацыяй Лукашэнкі
ПАП — прыватнае ахоўнае прадпрыемства. У трэніровачны лагер ужо прывезлі ўкраінскую форму. Сам Лукашэнка працягвае запэўніваць, што Беларусь з Украінай ваяваць не стане.
Як паведамляе DW-Беларусь, «вагнераўцы» трэніруюць беларускіх байцоў ужо месяц, з пачатку жніўня. Пра гэта распавёў суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй у трэніровачным лагеры. Атрад дыверсантаў рыхтуецца з супрацоўнікаў ПАП «ГардСэрвіс». Нядаўна на тэрыторыю беларускай базы даставілі форму УСУ — піксельны хакі.
Украінскія вайскоўцы яшчэ ў канцы ліпеня паведамлялі, што беларусаў агітуюць да падпісання кантрактаў з расійскімі ПАК пры актыўным удзеле мясцовых ваенкаматаў. Борт, звязаны з Яўгенам Прыгожыным, прызямляўся ў Мінску 14 жніўня.
ПАП «ГардСэрвіс» з'явілася ў чэрвені 2020-га, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў. Яго супрацоўнікам загадам Лукашэнкі дазволілі ўжываць агнястрэльную зброю. Іншых падобных ПАПаў у рэспубліцы няма: тут ахова — выключная прэрагатыва МУС.
Журналісты-расследавальнікі высветлілі, што «ГардСэрвіс» звязаны з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, хоць зарэгістраваны на наміналаў. Яго функцыі блізкія да «Вагнера»: ахова грузаў і аб'ектаў у краінах трэцяга свету, дзе Беларусь вядзе распрацоўку радовішчаў, напрыклад, у Зімбабвэ і Судане. Трэніровачная база ПАП размешчана ў Мінску — на тэрыторыі былога дынамаўскага «Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі».
За ўдзел у расійскай «спецаперацыі» абяцаюць патройны заробак, па 10 тысяч беларускіх рублёў. Тых, хто адмовіўся ваяваць за такія грошы, практычна няма, канстатуе суразмоўца. Па словах крыніцы, з 500 чалавек ПАПа інструктары «Вагнера» адабралі пасля гутарак каля паўсотні байцоў і прыступілі да трэніровак.
Вагнераўцы праводзяць заняткі па інжынернай і агнястрэльнай падрыхтоўцы, тактычнай медыцыне. Ім раздалі ручныя супрацьтанкавыя гранатамёты, аўтаматычныя гранатамёты на станку і кулямёты Калашнікава. На тэрыторыю Украіны «папаўцаў» плануюць закідваць у складзе дыверсійна-разведвальных груп.
З 8 па 14 верасня на межах паўночных абласцей Украіны запланаваны сумесныя вучэнні армій РФ, Беларусі і іншых краін АДКБ, паведамляў прадстаўнік Генштаба ўкраінскіх войскаў. Аналагічныя зімовыя вучэнні сталі пралогам да ўварвання арміі РФ ва Украіну.