443-ці дзень вайны Расіі з Украінай: галоўнае на гэты час

Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку, хоць пагроза акружэння ўкраінскага войска ў Бахмуце, відаць, мінула.

Фота ўкраінскага Генштаба

Фота ўкраінскага Генштаба

Навіны вайны

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў (у Славянску), яшчэ 12 атрымалі раненні.

У Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў, чацвёра параненыя.

У Харкаўскай вобласці параненыя чатыры чалавекі, сярод іх 16-гадовае дзіця.

Расійская авіяцыя ўвечары 11 траўня нанесла ўдар па памежжы Чарнігаўскай вобласці, імаверна, кіраванай бомбай ФАБ-500 з самалёта тыпу Су-35. У Архіпаўцы ў выніку ўдару параненыя два чалавекі, пажар знішчыў тры прыватныя дамы, паведаміла АК “Поўнач”.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 12 траўня: асабовага складу — каля 197 670 (+750).

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — адбіта 44 расійскія атакі. Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Як там наступ?

Учора, 11 траўня, увечары ў расійскі вайсковых пабліках масава паведамлялі пра ўкраінскі наступ і прарывы абароны войскаў РФ на розных участках фронту.

З гэтай нагоды з тэрміновай заявай нават выступіла расійскае Мінабароны. Там заявілі, што такая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Украінскі бок сітуацыю асабліва не каментуе. Аднак намесніца міністра абароны Ганна Маляр паведаміла, што цягам тыдня ўкраінскія сілы ў Бахмуце не страцілі ніводнай пазіцыі. Акрамя таго, вораг панёс вялікія страты, а сілы абароны прасунуліся на Бахмуцкім напрамку наперад на 2 кіламетры. Яна таксама адзначыла, што апошнім часам у расійскіх тэлеграм-каналах і СМІ хваляцца і распавядаюць пра нібыта поспех ды прыдумляюць сюжэты аб украінскім вайсковым камандаванні. І разам з тым даецца ілжывая інфармацыя пра нібыта недахоп зброі, чым, верагодна, мае на мэце апраўдаць рэальную сітуацыю, адзначыла Маляр. Паводле яе слоў, аналіз расійскіх паведамленняў паказвае, што для ворага Бахмут мае «найважнейшае значэнне, амаль сакральнае».

На думку экспертаў Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW), разгортванне нізкакваліфікаваных расійскіх сіл на флангах вакол Бахмута сведчыць аб тым, што Мінабароны РФ адмовілася ад мэты акружыць там значную колькасць украінскіх сіл. Аналітыкі лічаць, што размеркаванне сілаў Мінабароны Украіны ў спалучэнні са зменамі на полі бою таксама сведчыць пра тое, што небяспека расійскага акружэння значных украінскіх сілаў у Бахмуце, верагодна, мінула.

Між тым, украінскія сілы пачалі «фарміраваць» аперацыі для контрнаступлення, паведамляе CNN са спасылкай на заходніх высокапастаўленых вайсковых чыноўнікаў. «Фарміраванне» прадугледжвае ўдары па складах зброі, камандных цэнтрах, бранятанкавых і артылерыйскіх сістэмах. Гэта павінна падрыхтаваць поле бою да наступу.

Брытанская выведка мяркуе, што Расія разглядае крылатыя ракеты накшталт “Калібр” як ключавы патэнцыял для зрыву чаканага контрнаступлення УСУ, аднак іх запасы, імаверна, абмежаваныя. Як выкарыстоўваць гэтую дэфіцытную і дарагую зброю — адна са шматлікіх дылем, з якімі сутыкаецца расійскае камандаванне, бо вайна ва Украіне доўжыцца нашмат даўжэй, чым яны першапачаткова планавалі, адзначаюць аналітыкі.

Расійскія вайскоўцы трэніруюцца эвакуявацца з Запарожскай АЭС на выпадак украінскага контрнаступлення. Пра гэта распавёў журналістам кіраўнік Энергаатама Павел Коцін: «Нават праводзілі там трэніроўкі па вельмі хуткіх зборах і пагрузцы гэтай усёй маёмасці, якую яны нарабавалі, і выезду з тэрыторыі станцыі па першым клічы, па першай камандзе, калі гэта спатрэбіцца».

Апошнім часам на ЗАЭС стала больш расійскіх вайскоўцаў, і фактычна станцыя стала апорнай кропкай. Там захоўваюць, у прыватнасці, шмат зброі, абсталявання і аўтамабіляў, якія забралі ў цывільных людзей.


Навіны ад саюзнікаў

Польская пракуратура канфіскавала амаль 1,2 мільёна долараў з банкаўскіх рахункаў амбасады РФ і гандлёвага прадстаўніцтва Rzeczpospolita. Польшча патлумачыла блакаванне рахункаў спробай зняцця буйной сумы з рахунку расійскага дыппрадстаўніцтва ў адным з польскіх банкаў адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

МЗС РФ заявіў, што ў адказ заблакаваны доступ да рахункаў амбасады Польшчы ў РФ.

Сенат Польшчы (верхняя палата парламента) аднагалосна прыняў рэзалюцыю аб сяброўстве Украіны ў NATO. Парламентарыі настойваюць, што рашэнне павінна быць прынятае па надзвычайнай працэдуры, як у выпадку з Фінляндыяй. У дакуменце пазначана, што Украіна сёння мае наймацнейшую армію на кантыненце з надзвычайным баявым вопытам. У рэзалюцыі таксама пазначана, што падчас саміту NATO ў Вільні Украіна павінна атрымаць «значна больш, чым у папярэдніх заявах у палітыцы адчыненых дзвярэй».

Швецыя, якая цяпер старшынюе ў Радзе Еўрасаюза, будзе дамагацца класіфікацыі ПВК “Вагнер” як тэрарыстычнай арганізацыі на ўзроўні ўсяго ЕС, паведаміў кіраўнік МЗС Тобіяс Білстрэм. Ён удакладніў, што спачатку трэба выканаць юрыдычныя перадумовы. У прыватнасці, для таго, каб на групу распаўсюджваліся санкцыі ЕС у дачыненні да тэрарызму, суд або пракурор павінен прыняць рашэнне аб пачатку папярэдняга расследавання або крымінальнага пераследу. Толькі пасля гэтага пытанне можна будзе абмеркаваць у Радзе ЕС па замежных справах.

Спецпрадстаўнік Кітая па справах Еўразіі Лі Хуэй з 15 траўня наведае Украіну, Польшчу, Францыю, Германію і Расію для абмеркавання вырашэння «ўкраінскага крызісу», паведаміў МЗС КНР.

У Германію прыбылі амерыканскія танкі Abrams, на якіх будуць вучыцца ўкраінскія вайскоўцы. Тэхніка прыбыла на некалькі тыдняў раней, чым было пазначана падчас апошняй сустрэчы ў фармаце Рамштайн, паведамляе Sky News. Навучанне ўкраінскіх танкістаў пачнецца праз два-тры тыдні і працягнецца каля дзесяці тыдняў.

Reuters паведамляе са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, што Зяленскі 13 траўня сустрэнецца ў Ватыкане з Папам Рымскім і з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджай Мэлані, а затым паедзе ў Германію.

Санкцыі

У Еўрасаюзе падтрымалі ўзмацненне жорсткасці энергетычных санкцый супраць Расіі, піша Politico са спасылкай на свае крыніцы.

Прадстаўнікі 27 краін-удзельніц сустрэліся ў чацвер, 11 траўня, каб абмеркаваць тэхнічныя аспекты 11-га пакета санкцый. Папярэдні варыянт прапаноў Еўракамісіі аб санкцыйным пакеце забараняе караблям, якія таемна перавозяць расійскую нафту, заходзіць у парты блока. Гэта нацэлена на так званы ценявы флот састарэлых танкераў, якія перавозяць расійскую нафту.

Венгрыя хоча выключыць трох з 72 чалавек з новага санкцыйнага спісу супраць Расіі. У тройку, у прыватнасці, уваходзіць кіраўнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.


Зяленскі і Еўрабачанне

З’явілася інфармацыя ў СМІ, што арганізатары «Еўрабачання» адмовілі Зяленскаму ў выступе з відэазваротам у фінале конкурсу, які пройдзе 13 траўня. У прыватнасці, пра гэта пісала The Times. Нібыта Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (EBU) растлумачыў, што конкурс «Еўрабачанне» з'яўляецца міжнародным забаўляльным шоу і падпарадкоўваецца строгім правілам і прынцыпам», і адным з краевугольных камянёў конкурсу з'яўляецца «непалітычны характар» мерапрыемства.

Прэс-сакратар Уладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў зняпраўдзіў інфармацыю The Times пра нібыта адмову ўкраінскаму прэзідэнту ў выступе на Еўрабачанні. Паводле яго слоў, офіс прэзідэнта Украіны наогул не звяртаўся да арганізатараў конкурсу з такой прапановай.

Варта згадаць, што Зяленскі ў вечаровым відэазвароце анансаваў «вельмі важныя навіны для нашай абароны, для нашых стасункаў з партнёрамі», якія зможа абвясціць найбліжэйшым часам.

Таксама ўкраінскі прэзідэнт паведаміў, што ўхваліў комплексны стратэгічны план рэфармавання сістэмы правапарадку — усіх праваахоўных органаў і пракуратуры. Гэта падрабязны дакумент, разлічаны да 2027 года. «Мы павінны забяспечыць такую сістэму забеспячэння справядлівасці і правапарадку для нашай краіны, якая будзе адпавядаць і нашай мэце хуткага ўступлення Украіны ў ЕС», — дадаў Зяленскі.