444-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: у чаканні контрнаступу

Навіны апошніх сутак з украінскага фронту.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua


***

УСУ 12 траўня ў ходзе лакальных контратак дамагліся поспехаў на паўночным захадзе ад Бахмута, сцвярджае ў сваёй штодзённай зводцы амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW). Аналітыкі робяць такую выснову на падставе апублікаванага напярэдадні відэа, знятага на паўднёвым беразе Бердаўскага вадасховішча — за 4 км на захад ад Бахмута. На запісе расійскія вайскоўцы бягуць з пазіцый, ратуючыся ад удараў украінскай артылерыі.

Брытанская выведка паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы за апошнія 4 дні прасунуліся пад Бахмутам мінімум на кіламетр. У штодзённай зводцы Мінабароны Вялікабрытаніі гаворыцца пра хуткае адступленне частак расійскай 72-й брыгады са сваіх пазіцый на паўднёвым флангу. Гэтае падраздзяленне крытыкавалі за праблемы з баяздольнасцю і маральным духам, звяртаюць увагу аўтары зводкі. На іх думку, само разгортванне такой брыгады ў такім важным у аператыўным дачыненні сектары сведчыць пра востры недахоп у Расіі надзейных баявых злучэнняў.

Пра адступленне са сваіх пазіцый пад Бахмутам 72-й брыгады заяўляў раней кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. «Яны проста ўзялі і драпанулі», — сказаў ён. Ва Узброеных сілах Украіны пасля гэтага паведамілі, што расійскія войскі адступілі на некаторых участках фронту на адлегласць да 2 км.

***

Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што ўначы расійскія войскі выпусцілі па Украіне 21 беспілотны лятальны апарат (БПЛА), 17 з якіх былі збітыя. У Хмяльніцкім з-за начнога абстрэлу ўзнік пажар, ёсць пацярпелыя і параненыя, паведаміў мэр горада Аляксандр Сямчышын. Паводле яго слоў, выбуховымі хвалямі ў горадзе пашкоджаны навучальныя, медыцынскія ўстановы, адміністрацыйныя будынкі, прамысловыя аб'екты, шматпавярховыя і прыватныя жылыя дамы. Украінская чыгуначная кампанія пасля ўдару па Хмяльніцкім абвясціла, што праз яго ў рэгіёне будзе абмежаваны рух цягнікоў.

У Мікалаеве ў выніку абстрэлаў пацярпелі некалькі грамадзянскіх аб'ектаў, на адным з гарадскіх прадпрыемстваў пачаўся пажар, паведамілі мясцовыя ўлады. Былі пашкоджаныя і жылыя дамы: у адным з пяціпавярховікаў выбітыя практычна ўсе вокны. Вядома як мінімум пра траіх пацярпелых.

Паветранай атацы дронамі «Шахед» падвергнуўся і Кіеў. Усе БПЛА былі збітыя сіламі СПА, паведамілі ў Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі.

***

Адразу некалькі расійскіх агенцтваў і СМІ паведамілі пра вельмі гучны выбух у акупаваным Мелітопалі. Іх інфармацыю пацвердзіў і законна абраны мэр горада Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, выбух быў такім магутным, што ва ўсходніх і паўночных раёнах Мелітопаля і нават навакольных вёсках зніклі святло, вада і мабільная сувязь. Звестак пра прычыны здарэння пакуль няма.

Моцны выбух прагрымеў таксама ў Луганску. Як паведамляюць карыстальнікі сацсетак, гэта адбылося раніцай у суботу, як мяркуецца, у раёне пасёлка Юбілейнае ля заходняй ускраіны Луганска. Ад выбуху ў навакольных дамах вылецелі шыбы. Пры гэтым што выбухнула і ці быў гэта ўдар з украінскага боку, пакуль не паведамляецца.

Напярэдадні ў Луганску ўжо прагрымелі два магутныя выбухі. Мясцовыя акупацыйныя ўлады заявілі, што гэта быў ракетны ўдар украінскай арміі.

***

За мінулыя суткі ўкраінскім сілам абароны ўдалося знішчыць дзве буйнакаліберныя гарматы «Гіяцынт», чатыры адзінкі аўта-бронетэхнікі. Таксама знішчаны палявы пункт боепастаўкі, наземная станцыя кіравання БПЛА і назіральны пункт захопнікаў.

«Ліквідаваныя два дзясяткі расійскіх вайскоўцаў», — расказалі ў камандаванні.

Акрамя таго, у аператыўным камандаванні «Поўдзень» удакладнілі, што за 9-11 траўня ліквідавана 65 акупантаў, тры бронемашыны, тры пункты боепастаўкі і комплекс тэхнічнай выведкі.