442-гі дзень вайны. Зяленскі кажа, што трэба «пачакаць» з наступам

Баі за Бахмут і Мар'інку трываюць. Зяленскі кажа, што для пачатку наступу трэба сабраць больш зброі ад заходніх партнёраў, бо цяпер поспех у змаганні з РФ быў бы здабыты коштам вялікай колькасці жыццяў.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Зяленскі падчас размовы ў Кіеве з заходняй прэсай заявіў, што Украіне трэба больш часу для падрыхтоўкі да контрнаступлення, бо не ўся абяцаная заходняя дапамога прыйшла: «Мы можам ісці наперад і дамагчыся поспеху. Але мы страцілі б шмат людзей. Думаю, гэта непрымальна. Так што нам трэба пачакаць. Нам усё яшчэ трэба крыху больш часу».

Заходнія партнёры далі для ўкраінскага контрнаступлення каля 600 відаў узбраенняў, заявіў спікер камандавання арміі ЗША ў Еўропе і Афрыцы Марцін О'донэл. Паводле яго слоў, «гэта больш, чым ёсць у якой-небудзь адной арміі ў свеце, асабліва ў ваюючай арміі». Пры гэтым яшчэ не ўсе з прадстаўленых узбраенняў былі задзейнічаныя.

Брытанская выведка паведамляе, што Мінабароны РФ з пачатку 2023 года актывізавала схему вярбоўкі зняволеных для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Паводле інфармацыі аналітыкаў, толькі ў красавіку ў расійскія войскі прыцягнулі да 10 тысяч асуджаных. Пры гэтым ПВК Вагнера, для якой з лета мінулага года зняволеныя былі асноўнай крыніцай жывой сілы, хутчэй за ўсё, пазбавілася доступу да расійскай пенітэнцыярнай сістэмы на фоне абвастрэння канфлікту з МА РФ.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі тры чалавекі (двое ў горадзе Часаў Яр і адзін у Новакалінаве), яшчэ двое атрымалі раненні.

У Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін паранены.

У Харкаўскай вобласці адзін чалавек паранены.

У Запарожскай вобласці ў выніку абстрэлу з РСЗА Малакатэрынаўкі восем чалавек пацярпелі ад касетных снарадаў. Трое з іх — работнікі хуткай дапамогі, якія прыбылі па выкліку.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 11 траўня: асабовага складу — каля 196 920 (+610) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — адбітыя 39 варожых нападаў. Найбольш жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Паводле інфармацыі Генштаба, за апошнія тры дні расіяне «эвакуявалі» з акупаваных тэрыторый Запарожскай вобласці ў Бярдзянск каля 300 мясцовых жыхароў, у тым ліку дзяцей.

Гурт Imagine Dragons, амбасадар фандрэйзінгавай платформы United24, прэзентаваў кліп, зняты на перадавой ва Украіне. У ім распавядаецца пра 14-гадовага Сашу, які перажыў некалькі месяцаў расійскай акупацыі.


Губернатар Курскай вобласці РФ Раман Старавойт заявіў, што раніцай з боку Украіны нібыта зафіксавана пяць удараў па электрападстанцыі пасёлка Тэткіна Глушкаўскага раёна, часткова парушана электразабеспячэнне.

У Расіі заявілі, што Украіна 9 траўня нібыта спрабавала атакаваць Маскву. Так, генерал-маёр авіяцыі, старшыня Прэзідыума афіцэраў Расіі Сяргей Ліпавы сцвярджае, што Украіна нібыта выпусціла каля 100 беспілотнікаў, усе яны былі абясшкоджаныя.

Губернатар Бранскай вобласці РФ Аляксандр Багамаз заявіў, што ўкраінскі беспілотнік нібыта атакаваў Клінцоўскую нафтабазу АТ «Бранскнафтапрадукт», пацярпелых няма. Часткова пашкоджаны бетонавая падстава і цыстэрна для захоўвання нафтапрадуктаў.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведаміў, што 72-я асобная мотастралковая брыгада РФ, часткі якой былі разгромленыя пад Бахмутам абаронцамі з 3-й асобнай штурмавой брыгады УСУ, раней ужо двойчы цярпела жахлівыя паразы ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях. Аналітыкі адзначаюць, што гэтая 72-я брыгада сама па сабе з'яўляецца сімвалам многіх праблем, з якімі ўвесь час сутыкаюцца расійскія вайскоўцы.

Вайсковыя інструктары Канады і Латвіі з 15 траўня пачнуць навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў у Латвіі, паведаміла міністарка абароны Канады Аніта Ананд. Гаворка ідзе аб праграме падрыхтоўкі самых маладых украінскіх афіцэраў. Ананд дадала, што Канада ўжо навучыла больш за 36 тысяч украінскіх вайскоўцаў.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп падчас дэбатаў на CNN адмовіўся назваць Пуціна ваенным злачынцам, бо, на ягоную думку, гэта магло б нашкодзіць перамовам з РФ: «Калі вы скажаце, што ён ваенны злачынец, будзе значна складаней заключыць пагадненне, каб спыніць гэтую справу. Калі ён будзе ваенным злачынцам, людзі схопяць яго і караюць смерцю, ён будзе біцца значна мацней, чым у іншых абставінах».

Пры гэтым былы прэзідэнт ЗША назваў кіраўніка Крамля «вельмі разумным» і «вельмі хітрым», хоць і прызнаў, што той дапусціў памылку: «Яго памылка заключалася ў тым, што ён уварваўся. Ён ніколі б не ўварваўся, калі б я быў прэзідэнтам».

Таксама Трамп адмовіўся казаць, ці падтрымлівае ён Украіну ў вайне з Расіяй. На просьбу журналістаў выбраць чыйсьці бок ён сказаў: «Я хачу, каб усе перасталі паміраць».