«Вораг Украіны — не народ Беларусі, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва». Што адбываецца па той бок мяжы?

Журналісты «Украінскай праўды» зрабілі вялікі рэпартаж з Ровенскай вобласці і паказалі, як нашыя суседзі рыхтуюцца да наступу з Беларусі. І адзначаюць, што ўлады Ровеншчыны, якая мяжуе з Беларуссю на 218 кіламетрах, наўпрост ворагам нас яшчэ не называюць.

4c580ed_img_6609_2.jpg


Ледзь не кожны тыдзень у інфармацыйнай прасторы з'яўляюцца навіны з Беларусі: аб ваенных вучэннях, маштабных рухах тэхнікі, «падрыхтоўцы да абароны», правакацыі на мяжы і многія іншыя насцярожвальныя паведамленні адносна магчымага наступлення з тэрыторыі Беларусі на Украіну.

«Пакуль рана ацэньваць ролю беларусаў у гэтай вайне», — казаў у інтэрв'ю «УП» кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Коваль.

Але чакаць могуць не ўсе. Памежнікі і вайскоўцы на Ровеншчыне актыўна ўмацоўваюць мяжу, рыхтуюць яе да магчымага наступу з Беларусі.

«Украінская праўда» пабывала на «нулявым кіламетры» беларускай мяжы. Расказваем, што там адбываецца, ці бачаць ваенныя пагрозу прарыву і што думаюць пра беларусаў, з якімі шмат гадоў жылі поплеч.


200 метраў да Беларусі

Маленькая прыгранічная вёска Гарадзішча Ровенскай вобласці — ледзь прыкметнае на карце перапляценне некалькіх вуліц. Акрамя ўспамінаў старажылаў, клапатліва запісаных кімсьці і змешчаных у Вікіпедыю, Інтэрнэт мала што ведае пра гэту вёску.

Прапускны пункт «Гарадзішча» названы гэтак жа, як і суседняе сяло, размешчанае непасрэдна на мяжы з Беларуссю. 60 кіламетраў ад Сарнаў, райцэнтра ў Ровенскай вобласці, да ўкраінска-беларускай мяжы становяцца выпрабаваннем як для ўсюдыіснай сеткі, так і для колаў непрыстасаваных да разбітых дарог аўтамабіляў.

Для жыхароў многіх вёсак, такіх, як Гарадзішча, дарога ў Беларусь раней была рэгулярнай руцінай, а мяжа — пунктам у распарадку дня. Мясцовыя жыхары хадзілі ў суседнюю краіну збіраць ягады і наведваць сваякоў. Жыхары з таго боку прыязджалі ва Украіну паесці ў мясцовых установах харчавання або вылецець з Ровенскага аэрапорта на адпачынак.

Прапускны пункт «Гарадзішча» да 2020-га штодня прапускаў некалькі сотняў людзей. Часам можна было прастаяць у чарзе гадзіну ці дзве. Дзверы для пешаходаў, як і шлагбаум для аўтамабіляў, зачыніліся тут яшчэ падчас пандэміі Covid-19. А поўнамаштабная вайна, якая пачалася з наступу расійскіх войскаў з Беларусі, не пакінула ніякіх шанцаў, што прапускны пункт да завяршэння баявых дзеянняў зможа зноў адкрыцца.

0181ba4_img_6561_2.jpg


Грамадзянскі пункт ператварыўся ў ваенныя збудаванні

У 2022-м спусташэнне прыйшлося дапаўняць фартыфікацыямі. Тут вырылі супрацьтанкавыя равы і расставілі вожыкі, замініравалі дарогі.

«І яшчэ шэраг нашых памежных хітрасцей, якія будуць нечаканасцю для ворага, калі ён мае намеры перасекчы дзяржаўную мяжу», — з лёгкай, але смелай усмешкай дадае Антон Квяткоўскі.

Квяткоўскі — начальнік 9-га пагранічнага атрада імя Сечавых Стральцоў, які ахоўвае ўчастак дзяржаўнай мяжы з Беларуссю ў Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцях. Побач з ім слупок з лічбай 0 — нулявы кіламетр мяжы. А за спінай — стэла «Рэспубліка Беларусь».

Беларуская зямля пачынаецца зусім побач з украінскімі памежнікамі. Ваенных эксцэсаў тут, на шчасце, не здаралася.

263b58d_img_6599_3.jpg


Тутэйшы «нуль», на шчасце, не франтавы. Таму да беларускага памежнага пункта, які па ўкраінскі бок мяжы ўспрымаецца як месца дыслакацыі патэнцыйных праціўнікаў, можна падысці адносна блізка.

Абысці некалькі равоў і барыкад, пералезці праз загароды, не наступіўшы на шыпы ў асфальце. Прайсціся цугам па замініраванай памежнікамі дарозе. На абочыне ўбачыць перавернутую дагары нагамі памятую машыну — яна таксама была замініравана, падарвалася ад маланкі. І апынуцца метраў за 200 ад беларускага пункта.

— Часам, калі мы выходзім, яны пачынаюць выглядваць з лесу, — кажуць памежнікі.

— А беларускае радыё лавілі?

— Лавілі. Там палітычнага мала. У асноўным ідуць рэпартажы сацыяльнага характару: маўляў, усё ў іх добра, усё выдатна.


Што адбываецца за тыя 200 метраў?

«Беларусы арганізоўваюць пазіцыі для вядзення агню, ставяць загараджальныя платы з калючага дроту, — распавядае Антон Квяткоўскі. — Мы назіраем толькі беларускія памежныя нарады, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу. На звычайных УАЗіках, пешым парадкам».

Такія паводзіны войскаў Лукашэнкі больш падобныя на падрыхтоўку да абароны, чым да нападу. І ўзмацняе неаднаразовыя падазрэнні ўкраінскіх вайскоўцаў, што Беларусь можа рыхтаваць правакацыі, імітаваць напад з боку Украіны, каб апраўдаць сваю агрэсію.

Інструментам у руках ворага могуць быць і нелегальныя мігранты — каб прамацаць ахову.

Нядаўна на мяжы затрымалі 6 грамадзян Паўднёва-Усходняй Азіі, якія ішлі з Беларусі. Сказаць дакладна, што гэта былі агенты, памежнікі не могуць, але такія падазрэнні маюць.

d0c85ed_gopr0141_2.jpg


Вайскоўцы і ўлада ў адзін голас запэўніваюць: адсочваюць і добра ведаюць, хто стаіць па той бок «нуля», у якой колькасці і з якім узбраеннем.

«Там і беларусы, і рускія. Але беларусаў больш», — кажа камандзір 60-га батальёна тэрабароны.

Камандзір мясцовай тэрабароны Раман Валашчук — каржакаваты мужчына, які выказваецца па-армейску выразна. Усмешка на твары гэтага мужчыны з'яўляецца толькі некалькі разоў. Калі пытаемся, ці назіраў ён сярод мясцовых уяўленне пра Лукашэнку як пра «бацьку», кажа, што не. А яшчэ Раман усміхаецца, калі ўспамінае, як дзіцем ездзіў па той бок мяжы. У Валашчука, як і ў многіх тут, ёсць беларускія сваякі.

Акрамя акопаў і ўзораў айчыннай і заходняй зброі абаронай для Украіны стала сама прырода.

Мяжу тут абараняюць 92 кіламетры непраходных балот і больш за тысячу рэк. Шляхоў, па якіх можна зайсці ўглыб краіны, ёсць толькі некалькі. На іх вайскоўцы ўжо «чакаюць» нападнікаў.

Побач з фартыфікацыйнымі збудаваннямі, якія ўзвялі памежнікі, распасціраюцца прыродныя перашкоды — балоты, рэкі і лясы.

«Вораг павінен разумець, што дакладна не пераможа прыроду і Бога», — кажа старшыня АВА Коваль.


«Вораг Украіны — гэта не народ Беларусі»

Нягледзячы на тое, што актыўных рухаў вайскоўцаў у гэтым раёне мяжы не бачыцца, на думку грамадзянскіх улад, за «душы людзей» ідуць актыўныя інфармацыйныя баі. Віталь Коваль, не вагаючыся, называе папярэднія чуткі аб падрыхтоўцы наступу з Беларусі спробамі дэстабілізацыі ад ворага: «Кожныя такія мэсэджы — гэта прыпыненне эканомікі, паніка, што выбівае з нармальнага рытму жыцця. Зразумела, мы тут не знаходзімся ў стане «не верым». Мы проста рыхтуемся».

Раней побыт людзей тут быў завязаны на «дружбе народаў», у памяць пра якую на нулявым кіламетры стаіць стэла з украінскай і беларускай сімволікай. Цяпер іх жыццё вызначае вайна, у якой цяперашні беларускі сцяг асацыюецца са здрадай і дапамогай Расіі.

84c8b89_img_6657.jpg


Нават пасля 10 месяцаў падрыхтоўкі акопаў камандзір ТРА Валашчук упэўнена кажа, што беларусы вайны не хочуць — як вайскоўцы, так і грамадзянскія. «Рускія падцягваюць іх за сабой», — згаджаецца кіраўнік вобласці Коваль.

Той стэлы, дзе ўкраінскі і беларускі сцяг сімвалізуюць добрасуседства, улада не саромеецца і не зносіць. Коваль запэўнівае ці то сябе, ці то беларусаў, што за 200 метраў ад слупка з лічбай «нуль» — на самай справе не вораг: «Вораг Украіны — гэта не народ Беларусі, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва. Верым, што пасля нашай перамогі адновяцца адносіны. Вельмі важна мець суседа, з якім ты можаш весці гандаль, дзелавыя адносіны, сацыяльна-культурны абмен. А калі ў цябе на карце кропка, дзе разварочваецца нават бусел, гэта дрэнна».

Гэтыя, несумненна, дальнабачныя палітычныя словы не заўсёды будуць супадаць з думкамі ўкраінскага абаронцы, якому прыйдзецца страляць у бок «не ворага».

Ці давядзецца ўкраінскім воінам наўпрост сутыкнуцца з беларускімі вайскоўцамі — пытанне адкрытае. Хоць прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва ўпэўненыя, што Пуцін зробіць усё, каб уцягнуць беларусаў у адкрытую вайну.

9403405_img_6593_2.jpg


Аднак ужо цяпер можна ўпэўнена сказаць, што вялікая вайна нанесла значны ўрон даўнім добрасуседскім адносінам паміж жыхарамі памежжа. І толькі далейшае развіццё падзей пакажа, ці з'яўляюцца гэтыя раны, якія часта наносяцца цэлым сем'ям, такімі ж глыбокімі, як равы на мяжы дзвюх дзяржаў. І ці прыйдзе калісьці такі час, калі гэтыя ямы можна будзе закапаць, ці ж прыйдзецца будаваць яшчэ больш высокія і больш тоўстыя сцены на мяжы.

Пераклад «НЧ». Друкуецца са скарачэннямі