Мінімум шэсць беларускіх прадпрыемстваў выпускаюць супрацьтанкавыя ўмацаванні для Расіі

У канцы мінулага тыдня тэлеграм-канал, які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, пісаў, што ў Гомелі ўжо больш за месяц вырабляюцца супрацьтанкавыя ўмацаванні для УС РФ — так званыя «Зубы дракона». Пасля гэтага паступілі яшчэ звесткі, якія дазваляюць упэўнена сказаць, што на тэрыторыі Беларусі пачалася масавая вытворчасць супрацьтанкавых умацаванняў.

«Зубы дракона» на лініі Зігфрыда, 1944 г. / ww2online.org

«Зубы дракона» на лініі Зігфрыда, 1944 г. / ww2online.org


Гэтыя ўмацаванні выпускаюць мінімум 6 беларускіх прадпрыемстваў.


Што такое «Зубы дракона» і для чаго яны прызначаны?

«Зубы дракона» — гэта квадратна-пірамідальныя ўмацаванні (надаўбні) з жалезабетону вышынёй 90-120 см, якія ўпершыню выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны для перашкоды руху танкаў і мотапяхоты. Да прыкладу, яны з'яўляюцца часткай фартыфікацыйных збудаванняў на лініі Зігфрыда і часткай умацаванняў «Атлантычнай сцяны».

Падчас вайны паміж «зубамі» часта ўсталёўвалі супрацьпяхотныя міны, а ўздоўж ліній расцягвалі калючы дрот, каб перашкодзіць пяхоце, або сталёвыя бэлькі, размешчаныя па дыяганалі, каб яшчэ больш перашкаджаць руху танкаў.

Працягнулі іх выкарыстоўваць і пасля вайны. Да прыкладу, умацаванні з «драконавых зубоў» засталіся ў шэрагу кантонаў Швейцарыі на так званай лініі Таблерона (так, яе так назвалі ў гонар шакаладкі). Прысутнічаюць яны і ў дэмілітарызаванай зоне паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй, а таксама выкарыстоўваліся па ўсходнегерманскі бок Берлінскай сцяны.

У 2022 годзе, 80 гадоў пасля 2-й сусветнай вайны, іх пачалі выкарыстоўваць і УС РФ. Расійскія войскі ўсталёўваюць такія бетонныя піраміды ў акупаваным Крыме, Марыупалі і Мелітопалі, а таксама ў Белгарадскай вобласці РФ. Менавіта такія піраміды выкарыстоўвае і ПВК «Вагнер» пры будаўніцтве сваёй так званай «лініі Вагнера» на акупаваных тэрыторыях Украіны.

«Зубы дракона» на так званай «лініі Вагнера», 2022 г. / фота: РиаФАН

«Зубы дракона» на так званай «лініі Вагнера», 2022 г. / фота: РиаФАН


І відавочна, што ў апошнія месяцы патрэба ВС РФ у процітанкавых умацаваннях няўхільна расце. Гэта становіцца зразумела, калі ўлічыць геаграфічны размах і маштабы ўстановак гэтых умацаванняў у розных прыгранічных раёнах РФ і на акупаваных тэрыторыях Украіны.


Як выглядаюць і з чаго робяць супрацьтанкавыя надаўбні для ВС РФ?

21 студзеня гомельскае рэгіянальнае выданне апублікавала фота цягача на выездзе з Гомеля, які перавозіў бетонныя ўмацаванні — тыя самыя «Зубы дракона».

Праз пару дзён яно ж апублікавала і фатаграфіі бетонных пірамід ужо буйным планам. Гэта фота «Зубоў», якія былі зроблены менавіта ў Гомелі. Па словах журналістаў, самі фатаграфіі былі знойдзены ў аб'яве аб продажы процітанкавых пірамід на расійскай пляцоўцы «Авіта».

Журналісты ўдакладнілі даныя і высветлілі, што гэтыя фота былі зроблены на вытворчых плошчах прадпрыемства ТАА «ГомельГрааль» па адрасе вул. Уладзімірава, 12, на тэрыторыі Гомельскага завода гандлёвага абсталявання.

Невядомы прадавец паведамляў, што на прадпрыемстве вырабляецца да 100 пірамід у суткі, а сама аб'ява была апублікавана 3 тыдні таму — у снежні 2022 года.

Фота з «Авіта»

Фота з «Авіта»


Жалезабетонныя «Зубы дракона» маюць форму тэтраэдра і вырабляюцца з бетону маркі М400 або М550 (класа В40). Гэта спецыяльны бетон, які мае высокія тэхнічныя характарыстыкі па трываласці і даўгавечнасці.

«В40 — досыць высокая марка, а высокія маркі адрозніваюцца характэрным светла-шэрым, амаль белым адценнем», — паведамляюць крыніцы.

У распараджэнні журналістаў аказаліся і вытворчыя чарцяжы, якія паступілі разам з замовай на выраб процітанкавых пірамід на адно з прадпрыемстваў.

Характарыстыкі вырабу:

  • Вышыня — 1,3 метра (1306 мм);
  • Даўжыня рабра — 1,6 метра (1600 мм);
  • Вага — 1200 кг.

На бягучы момант можна сказаць, што «Зубы дракона» пачалі вырабляць у Беларусі ў лістападзе-снежні 2022 года, прычым адразу на некалькіх прадпрыемствах.


Дзе могуць вырабляцца «Зубы дракона» ў Беларусі?

Даныя розных крыніц сведчаць, што супрацьтанкавыя ўмацаванні могуць вырабляцца як мінімум на 6-ці прадпрыемствах Беларусі:

  • ААТ «Гомельжалезабетон»;
  • ТАА «ГомельГрааль»;
  • ААТ «Чавускі завод ЖБВ»;
  • філіял «ЗЖБ №3 г. Віцебска» ААТ «Крычаўцэментнашыфер»;
  • ТАА «Лотас»;
  • Хойніцкі завод ЖБВ, філіял ААТ «Мазырскі домабудаўнічы камбінат».

У інтэрнэце няма ніякай інфармацыі, што гэтыя прадпрыемствы з мінулага года пачалі выпуск процітанкавых умацаванняў. Няма пра гэта даных і на сайтах большасці з вышэйпералічаных заводаў. Аднак ёсць выключэнне — ТАА «ГомельГрааль».

У каталогу тавараў на іх сайце, у раздзеле «ЖБВ вырабы», ёсць тавар, які так і называецца — «супрацьтанкавы конус», а ў якасці ілюстрацыі да тавару прыводзяцца такія ж чарцяжы, якія атрымалі журналісты.

Характэрна, што не ўказана цана, няма яе і ў прайс-лісце, але сказана, што тавар ёсць у наяўнасці. Па нашых даных, кошт аднаго конуса складае ≈200 беларускіх рублёў. Па словах крыніц, заказ на вытворчасць супрацьтанкавых умацаванняў паступіў некалькі месяцаў таму адразу на шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Гаворка ішла пра выраб 20 000 — 30 000 штук на заводах Гомельскай вобласці.

2023_01_23_17.webp


Куды пастаўляюць гэтыя піраміды?

У РФ «Зубы дракона» перавозяць на грузавіках з нумарамі РБ або РФ (у тым ліку Бранскай рэгістрацыі), у адным грузавіку не менш за 15-20 «зубоў». У Расію яны трапляюць як мінімум праз два памежныя пераходы:

1. Смолькі (РБ) — Бяляні (РФ);

2. Селішча (РБ) — Камень (РФ).

Паводле папярэдняй інфармацыі, адна з лакацый, куды пастаўляюцца мураваныя ўмацаванні — в. Варанок (Бранская вобласць, РФ).

І падобна, гэта сапраўды так. Па меншай меры, два тыдні таму шэраг расійскіх СМІ пісаў, што менавіта ў Бранскай вобласці з'явяцца такія ж абарончыя збудаванні, як у прыгранічных Белгарадскай і Курскай абласцях РФ.

Ёсць падставы меркаваць, што гэта толькі адзін з пунктаў, куды дастаўляюць абарончыя вырабы з Беларусі. Не выключана, што больш і прадпрыемстваў, якія вырабляюць жалезабетонныя піраміды ў краіне.

Пераклад «НЧ»