Пётр Рудкоўскі: Смерць Лукашэнкі стане выклікам для сістэмы

Партыя ўлады магла б стаць інстытутам, які дазволіў бы наменклатуры выпрацоўваць палітычны курс, але яна ў эмбрыянальным стане і наўрад ці калі-небудзь стане «дарослай». Хто ў Беларусі гатовы «ў выпадку чаго» падхапіць уладу? Пагутарылі пра гэта з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.

the_struggle_for_power_in_belarus_5660005c85a.png

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай
— Сітуацыя вакол стану здароўя Лукашэнкі засведчыла, што ўсе аказаліся не гатовыя да самага натуральнага сцэнару развіцця падзей — смерці правіцеля: ні «ябацькі», ні ягоныя апаненты. Як такое здарылася? 

— Сітуацыя са здароўем сама па сабе нічога не гаворыць ні пра гатоўнасць, ні пра негатоўнасць. Адзінае, аб чым яна нешта гаворыць — гэта пра непадрыхтаванасць лукашэнкаўскай прэс-службы да такога кшталту сітуацый. Спачатку яна ўвогуле маўчыць, пазней выкладваецца здымак, які стаў падставай для здзеклівых аналогій з музеем васковых фігур. Потым здымак прыбіраюць. Але гэта даволі тыповая сітуацыя для аўтарытарных дзяржаў, дзе прэс-служба аўтакрата спецыялізуецца выключна на паказванні яго сілы, рашучасці і дзеяздольнасці, а што рабіць, калі на тыдзень трапляе пад кропельніцу — невядома. Калі б здарылася смерць Лукашэнкі, тут на сцэну мусілі б выйсці іншага тыпу людзі. Ці яны былі б «гатовы» ці не «гатовы» — сама сітуацыя нічога нам не гаворыць.  


— Беларускія дэмакратычныя сілы (Офіс Ціханоўскай, Аляксандр Азараў) заяўляюць, што маюць некалькі сцэнароў на падобны выпадак. Аднак ніводзін з іх пры гэтым не агучаны. Хто ж тады будзе іх рэалізоўваць, калі ніхто пра гэтыя планы не ведае?  
— Я не знаёмы са сцэнарамі, таму не магу іх ацэньваць. Але калі прыняць, што яны ёсць і што яны больш-менш рэалістычныя, то іх заўчаснае апублічванне немэтазгодна па той простай прычыне, што прыхільнікі захавання аўтарытарнага статус-кво змаглі б скарэктаваць свае дзеянні. Да таго ж, калі сцэнар прадугледжвае заангажаванне хаўруснікаў унутры Беларусі (а любы рэалістычны сцэнар мусіў бы гэта прадугледжваць), то гэта пагражала б іх бяспецы.  


— Фізічная смерць Лукашэнкі адкрывае акно магчымасцяў, якое калісьці апісаў ён сам: улада валяецца на падлозе — яе застаецца толькі ўзяць. Дык хто з дзейных асобаў мае найбольшыя шансы яе падхапіць? Па логіцы, усе казыры аказваюцца ў руках спецслужбаў, якія нарошчвалі мускулы апошнія 3 гады?  
— Лукашэнка казаў гэта адносна першай паловы 90-х, калі краіна знаходзілася ў стане пераходу ад адной сістэмы кіравання да іншай, а пры гэтым была ў сур'ёзным эканамічным крызісе. Зараз мы маем дачыненне з сістэмай, якая праіснавала ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Смерць Лукашэнкі будзе, канечне, выклікам для сістэмы, з увагі на яе высокую ступень персаналізацыі і адсутнасць інстытутаў, якія дазвалялі б наменклатуры выпрацоўваць палітычны курс. Такім інстытутам магла б быць партыя ўлады, але яна зараз у эмбрыянальным стане і наўрад ці калі-кольвек стане «дарослай». Ёсць таксама фактар эканамічнай стагнацыі і наяўнасці моцнага попыту на дэмакратызацыю, у тым ліку ўнутры наменклатуры.
Тым не менш гэта не тая сітуацыя, калі ў выпадку смерці ўлада будзе «валяцца на падлозе». Калі не Качанава, то такія персоны, як Галоўчанка, Сергіенка або Віктар Лукашэнка, думаю, мелі б шанцы стаць новым асяродкам улады. Іншая справа — наколькі паспяхова яны змаглі б яе ўтрымліваць без сур'ёзных зменаў. Думаю, яны мусілі б выбраць — або поўнае падпарадкаванне Крамлю, або кампраміс з прыхільнікамі перамен унутры краіны.  
— Апошнія 30 гадоў мы назіраем, як беларускі рэжым амаль заўсёды навязвае (выключэннем стаў, бадай, толькі 2020 год) свае правілы гульні апазіцыі. Ці ёсць магчымасць змяніць гэтую тэндэнцыю, асабліва калі фактычна ўся апазіцыя апынулася ў выгнанні?  
— Па стане на сённяшні дзень такой магчымасці не бачу. Трэба прызнаць банальную ісціну, што не ўсё залежыць ад добрай волі і дзеянняў апазіцыі. Гэта тычыцца любой апазіцыі, якая калі-кольвечы мела дачыненне з аўтарытарнай уладай. У любой трансфармацыі вялікую ролю іграе тое, што называю «латарэйным фактарам»: спрыяльны збег абставінаў, які можна выкарыстаць або не выкарыстаць.
У Чэхаславакіі ў 1968 годзе не ўдалося трансфармаваць сістэму. У Польшчы не ўдалося гэта зрабіць у 1980-1981 гадах. Чаму? Справа не ў тым, што прыхільнікі перамен кепска дзейнічалі або былі замала рашучымі. Проста іх магчымасці мелі свае межы. Яны маглі дасягнуць неймаверна многага, як на тыя рэаліі, у якіх дзейнічалі. Але ў іх не было шанцаў, напрыклад, дэмантаваць камуністычны блок або дэнансаваць Варшаўскі дагавор — фактары, якія тады ігралі вялікую ролю ў плане процідзеяння пераменам. А калі з'явілася новае акно магчымасцяў, і калі геапалітычны фактар значна паслабіўся — канец 80-х, што чэхі са славакамі, што палякі, зрабілі новую спробу дамагчыся пераменаў, і на гэты раз яна была паспяховай.
Прадказаць, калі ў нас будзе падобны шанц, складана, хоць у агульных абрысах можна: аслабленне або (у ідэале) параза Расіі ў вайне з Украінай — гэта з высокай імавернасцю адкрые новае акно магчымасцяў.