Асобная думка. Ружовыя трохкутнікі і чорныя квадраты адукацыі

Намаганні розных кіраўнікоў і чынавенства няшчаснага Міністэрства адукацыі ўжо не першы дзясятак гадоў вызываюць адначасова і рогат, і слёзы. Слёз больш, бо амаль кожны з нас так ці інакш сутыкаецца з гэтымі патугамі праз навучанне дзяцей. Гэты год не стаў выключэннем — нешта не спрацавала ў абсалютна новым механізме цэнтралізаванага экзамену. Ці, наадварот, спрацавала надзвычай добра?

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg


Не будзем шмат прыгадваць падзеі дня ўчорашняга, але факт у тым, што вялікая колькасць бацькоў і дзяцей, мякка кажучы, з вялікай падазронасцю аднесліся да вынікаў гэтага самага цэнтралізаванага экзамену. Міністэрства адукацыі і РІКВ паставіліся да гэтага досыць прадказальна, літаральна адмахнуўшыся ад пытанняў і заўваг у лепшых традыцыях апошняга часу.

З’явіліся незразумелыя вынікі? Гэта ж фэйкі, зразумела! А што рабіць з распаўсюджвальнікамі фэйкаў, якія, магчыма, нават ужо не фэйкі распаўсюджваюць, а натуральна распальваюць сацыяльную варожасць, дакладна ведаюць у КДБ, ГУБАЗе і Следчым камітэце. Там імгненна і адзнаку выставяць, і балы падлічаць. Так што вашы незадаволенасці могуць і на здраду дзяржаве пацягнуць. Тым больш што ў абодвух выпадках формулы падліку не апублічваюцца, бо сакрэт сакрэтны.

Дарэчы, цікава, што ж там за такая формула падліку балаў на гэтым экзамене? Кіраўнік РІКВ Юры Міксюк кажа, што «гэта навукова абгрунтаваная методыка, якая выкарыстоўваецца ў шматлікіх краінах болей за 100 гадоў». Тады пытанне — чаму ж яна такая сакрэтная, што нават спецыялістам-выкладчыкам пра яе нічога ведаць нельга?

Мне здаецца, і практыка апошніх пары дзясяткаў гадоў паказвае, што пры выкарыстанні вось такіх словазлучэнняў кшталту «навукова абгрунтавана», «досвед шматлікіх краін», «абрана самае лепшае з сусветнага досведу» трэба досыць пільна ставіцца да самога прадмета абмеркавання. Бо троху пазней становіцца зразумела, што аніякага «сусветнага досведу» і побач не валялася, а ўсё зроблена па нейкіх невядомых «даведніках Паталоцкага». Але ж на бягучы момант усё працуе як нельга лепш, а як жа інакш бывае ў дасведчанага кіраўніцтва?

Нагадаю стары анекдот, які досыць пасуе сітуацыі:

Візіт вялікага кіраўніка на птушкафабрыку.

— Ну як справы тут у вас?

— Нармалёва! Добра ўсё! Дзякуй вам вялікі за ўсё!

— Дакладна добра?

— Ну.... Куры дохнуць... Не ведаем ад чаго.

— Так! Намалюйце на сценах праз кожныя два метры вялікія ружовыя трохкутнікі!

Праз 2 тыдні.

— Ну што у вас?

— Дохнуць, заразы...

— Ага! Тады паміж трохкутнікаў хуценька малюйце чорныя квадраты!

Праз тыдзень.

— Ну што там з курамі?

— Нічога, перадохлі ўсе...

— Шкада! У мяне яшчэ шмат цікавых ідэй!


Таксама звяртае на сабе ўвагу, што дзяржСМІ «СБ-Беларусь сегодня» ўжо зранку адрэагавала аж двума інтэрв’ю, якія выйшлі на сайце выдання ў 10:07 і 10:09. Вядома, што і выкладчык, і вучань Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна (хаця б з розных устаноў ужо ўзялі) вельмі пазітыўна ацэньваюць той самы механізм ацэнкі ведаў на падставе сваіх «ашчушчэній». Але звяртаюць на сабе ўвагу апошнія сказы герояў!

Выкладчык: «Сельские дети стали конкурентоспособны, и для меня, как учителя, это результат».

Вучань: «Признаюсь, меня радует мой результат. Он подтверждает, что мы, сельские дети, конкурентоспособны».

Я думаю, што ўсе мы памятаем, колькі разоў чалавек, які лічыць сабе прэзідэнтам Беларусі, «змагаўся» за тое, каб падвысіць адсотак навучэнцаў з сельскай мясцовасці сярод студэнтаў першых курсаў вузаў. І нешта мне падказвае, што новы механізм падліку вынікаў... Ну вы разумееце ж.

Безумоўна, вынік падлічвае камп'ютар. Як сказаў той жа дырэктар РІКВ, «удзел кагосьці ў налічэнні тэставых балаў немагчымы, гэта робіць аўтаматычна камп'ютар». Але ж не будзем забывацца, што камп'ютар праграмуецца чалавекам, і вельмі цікава было б даведацца не толькі пра формулы падліку, але і пра тое, хто і па якім тэхнічным заданні ствараў гэты праграмны прадукт. Вось вельмі цікава, і мне здаецца, што мы калісьці абавязкова даведаемся.

Дарэчы, шмат абураных абітурыентаў пасля першага выніку ўжо не вельмі пазітыўна ацэньваюць свае шанцы на першыя курсы ВНУ. Таварыш Вальфовіч, які досыць нядаўна прапаноўваў браць у армію студэнтаў, штосьці ведаў? Так ці інакш, а восеньскі набор у войска гэтым годам можа быць даволі нечакана паспяховым для ваенкамаў. Калі ўсё пойдзе, як звычайна...

P.S. Той, каго нельга згадваць, адрэагаваў на падзеі і зноўку патрабаваў «звыклую, зразумелую сістэму падліку», абазваўшы методыку, «якой карыстаюцца ў шматлікіх краінах болей за 100 гадоў», звычайнай «катавасіяй». Перастараліся, бывае. А грошы, угробленыя на «катавасію»... Хто тут лічыць грошы? Пра дзяцей трэба дбаць!