Эпік-фэйлы ўлады: нешчаслівы тыдзень альбо нешанцаванне па жыцці?

Наўрад ці нейкі іншы тыдзень прынёс столькі непрыемнасцей беларускай сістэме, як гэты. Некаторыя былі ўяўна бачныя, а некаторыя — нібыта занадта маленькія, каб звяртаць на іх увагу. Але за імі стаяць сістэмныя праблемы, якія не вырашаюцца проста так.

Фота: gnosticwisdom.net

Фота: gnosticwisdom.net


Канешне, самы вялікі і гучны эпік-фэйл — гэта скандал з цэнтралізаваным іспытам. Многія бацькі вучняў, якія прынялі ўдзел у гэтым нованароджаным праекце, абурыліся сістэмай налічэння балаў. І добра, калі некаторыя скардзіліся на памяншэнне балаў — гэта хаця б зразумела. Але як асобныя з цяперашніх выпускнікоў прымудрыліся атрымаць вышэй за максімальныя сто (сто адзін ці сто тры балы), застаецца загадкай. Калі, вядома, у гэтым не браў удзелу беларускі Цэнтрвыбаркам, але кажуць, што не браў.

Аднак мала таго, што нашы чыноўнікі з Мінадукацыі не пажадалі прызнаць памылку — да гэтага мы вельмі даўно звыклі, яны яшчэ і пачалі пагражаць тым, хто вырашыў на гэтыя памылкі звярнуць увагу: казаць пра «адпаведныя органы» і «адказнасць за фэйкі». Карацей — зноў запалохаць людзей рэпрэсіямі. Пагражалі, пагражалі, але імгненна заткнуліся, калі праблема выйшла на самы высокі ўзровень.

У ролі «ратавальніка» звыкла выступіў Лукашэнка, які прызнаў, што з цэнтралізаваным іспытам недарэчнасць прыдумалі (нібыта нашы ўлады маглі прыдумаць нешта іншае). І даручыў зрабіць зразумелую і празрыстую сістэму. І тыя, хто раней пужаў людзей усялякімі карамі нябеснымі, адразу ж стварылі ведамасную камісію і пачалі шукаць «збой у камп'ютарах». Так бы мовіць, інтрыгі Скайнэту альбо Матрыцы.

І рашэнне праблемы знайшлося вокамгненна — проста растлумачыць абітурыентам, колькі будзе каштаваць (у балах) рашэнне той ці іншай задачы.

Але ўся гэта сітуацыя яскрава паказала, што беларуская сістэма кіравання адукацыяй пачала гніць з галавы. Па-першае, чаму могуць навучыць тыя, хто не ўмее размаўляць з людзьмі ў прынцыпе? Па-другое, няздольнасць прызнаць нават відавочныя памылкі — ці да твару гэта асобам, якія павінны кіраваць адукацыйным (між іншым) працэсам? Па-трэцяе, сітуацыя паказала, што гэтыя людзі не здольны да мінімальнага аналізу прычынна-выніковых сувязяў. Яны наварацілі з іспытам, паспрабавалі заткнуць усім раты, але не зразумелі пры гэтым адной простай рэчы — у рознага кшталту начальнікаў, чыноўнікаў, дзяржслужачых таксама, як ні дзіўна, бываюць дзеці.

Хутчэй за ўсё, менавіта гэтыя дзеці паказалі сваім бацькам вынікі цэнтралізаванага іспыту. І, хутчэй за ўсё, менавіта па такім ланцужку гэта праблема і дайшла да Лукашэнкі ў рэкордна кароткі тэрмін.

Вышэйпералічанае азначае, што нашы чыноўнікі ад адукацыі нічога не разумеюць у адукацыі. Яны не могуць нават спрагназаваць наступстваў сваіх рашэнняў. А іх імгненнае «пераабуванне», калі за праблему ўзяўся «барын», паказала іх поўную паслухмянасць і пакорлівасць. Зрэшты, пра іх паслухмянасць і пакорлівасць мы і так усё ведаем — аж да таго, што калі ім скажуць «двойчы два роўна пяць», яны так і будуць лічыць.

Можна сказаць проста: зразумела, чаму ў нас такая адукацыя. Бо ёй кіруюць людзі, прафесійна непрыдатныя, хоць і вельмі паслухмяныя.


Цікавым было і прызначэнне Лукашэнкам кіраўнікоў рэгіёнаў. Зразумела, нічога новага там сказана не было, усё, як заўсёды: «Распранацца і працаваць». Асабліва кіраўнік краіны вылучыў Ігара Мароза, які ўзначаліць Аршанскі райвыканкам: «Вельмі цікавы горад і раён. Ёсць з чым працаваць. Там і ў сельскай гаспадарцы нядрэнна, але павінна быць рука, арганізацыя. Пра прамысловасць я ўжо не кажу», ну і так далей. І было паабяцана, што калі ў Мароза ўсё атрымаецца ў Оршы, то з яго кар'ерай таксама «ўсё вызначана».

Так, Орша — гэта вельмі цікавы горад і раён. Перш за ўсё тым, што Лукашэнка загадваў «падняць Оршу з руін» яшчэ ў час паслання народу і парламенту ад 2017 года. «Гэтыя рэгіёны — чарговая эпапея, якую мы пачынаем. І мы павінны вельмі хутка вырашыць гэтыя праблемы. Патрэбны жалезны парадак. Размовы скончаны. Спасылак на тое, што чагосьці там не хапіла, быць не павінна», — казаў Лукашэнка сваім чыноўнікам шэсць гадоў таму, далей развіваючы тэму. А ў 2018-м зладзіў такі разнос, які каштаваў пасад палове ўрада.

Падавалася б, праз шэсць гадоў не трэба настаўляць Ігара Мароза, таму што ён павінен, па ідэі, узначаліць «горад-сад». Але, як вынікае са слоў самога Лукашэнкі, за ўсе шэсць гадоў так нічога і не зроблена. «Хутка вырашыць гэтыя праблемы» не атрымалася. І няхутка — таксама.


Парадавала цікавай статыстыкай Міністэрства эканомікі, якое ў чарговы раз ацаніла рэалізацыю дзяржпраграм. Іх у нас ажно 29 штук, і ў 2021-2022 гадах на іх было выдаткавана больш за 250 мільярдаў рублёў, траціна з якіх — бюджэтныя сродкі. Як паведаміла намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч на пасяджэнні прэзідыума Саўміна, тры дзяржпраграмы прызнаны высокаэфектыўнымі, 15 — сярэднеэфектыўнымі, 11 — проста эфектыўнымі. «Нізкаэфектыўных праграм няма», — заявіла Бранцэвіч.

Але па факце гэта азначае, што 26 з 29 праграм спрацавала на «троечку» ці на «тры з плюсам» па пяцібальнай сістэме ацэнкі.

Савет Міністраў прызнаўся, што зноў рыхтуе змены ў шматпакутную пастанову №713, якая тычыцца дзеючай у Беларусі сістэмы рэгулявання коштаў. Калі верыць міністрам, цяпер змены будуць накіраваны на «стымуляванне продажаў і прасоўванне тавараў айчыннай вытворчасці».

Пытанне ў тым, што пастанова №713 карэктуецца ўжо не ў першы раз. І не ў трэці. І не ў пяты. І, верагодна, ад першапачатковага тэксту пастановы, якая была прынята пад уздзеяннем «жэстачайшай забароны» на рост коштаў, ужо мала што засталося. І гэтыя бясконцыя змены нагадваюць мне такую ж цяжкую і бессэнсоўную працу над «дармаедскім дэкрэтам». З аднаго боку, і дэкрэт, і пастанова, нібыта, ужо нікому і не патрэбныя, з другога — незразумела, што з імі рабіць, а з трэцяга — і выкінуць іх нібыта нельга. Вось і пакутуюць чыноўнікі ўрада, кожны раз прыстаўляючы да гэтай пастановы чарговыя мыліцы і падпоркі.


Таму што эканоміку не падманеш. Колькі ты не рэгулюй кошты ў ручным рэжыме, усё роўна нешта недзе вылезе.

З 1 чэрвеня ў Беларусі падаражэлі некаторыя віды цыгарэт. Таксама з 1 чэрвеня ўступіла ў сілу пастанова Мінтранса, згодна з якой павялічаны тарыфы на праезд па платных дарогах. З той да жаты павысілі субсідзіраваныя тарыфы на электраэнергію, а таксама на ацяпленне і падагрэў вады. Урад прыняў пастанову, каб на 18% падняць цэны на алкаголь.

Павышаны з 1 чэрвеня экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. І ў дадатак Беларусь хоча значна падняць тарыфы на прапампоўку нафты — адразу на 84%. Але апошняе — з 1 ліпеня.

Усе гэтыя павышэнні паказваюць не толькі тое, што казне не хапае грошай і ўрад гатовы браць іх адкуль заўгодна. Яны таксама паказваюць, што пастанова №713 практычна не працуе. Бо павышэнне коштаў хоць бы на тытунь і алкаголь якраз і адносіцца да таго, што ў свой час Лукашэнка павышаць забараніў.

Так што і гэта — таксама «эпік фэйл». І, падаецца мне, справа не ў тым, што ва ўлады быў нешчаслівы тыдзень.