Вяртанне цэнаў. Пастанова ўрада па сістэме рэгулявання цэн чарговы раз змененая
У прынцыпе, усе мы ведаем, хто з’яўляецца крыніцай нестабільнасці ў Беларусі. Варта было Лукашэнку з’ехаць у ААЭ і Зімбабвэ, як жыццё ў Беларусі калі не спынілася, то стала менш інтэнсіўным.
Сапраўды, скандальных і рэзанансных навінаў паменела. Такое ўражанне, што, у адсутнасці свайго кіраўніка, краіна ўзяла паўзу, каб выдыхнуць ды паспрабаваць асэнсаваць тыя рэчы, якія былі наварочаныя з-за яго прысутнасці.
Напрыклад, урад усё яшчэ разграбаецца з сістэмай рэгулявання цэн, стварэнне якой было выкліканае «забаронай» на іх падвышэнне Лукашэнкам у пачатку кастрычніка мінулага года. Шляхам зазірання ў каляндар мы бачым, што з тых часоў прайшло чатыры месяцы, аднак да гэтага часу наступствы аднаго загаду нікому не даюць спакою. Пастанова ўрада па сістэме рэгулявання цэн была ў чарговы раз змененая.
Што істотна, гэтымі зменамі ўрад пашырыў магчымасці для падвышэння цэн. Напрыклад, пашыраны пералік выпадкаў, якія не патрабуюць узгаднення павышэння адпускной цаны. Гэта «дазволіць суб'ектам гаспадарання самастойна прымаць рашэнні па адпускных цэнах у выпадках: адмены скідак, пераліку цаны прапарцыйна вазе (аб'ёму) тавару». То-бок, калі раней малако разлівалі ў літровую бутэльку, а цяпер у 0,9, то «прымаць рашэнне» па адпускной цане суб’ект гаспадарання можа самастойна. Прыгажосць, праўда?
Таксама ўдакладнены парадак уключэння асобных выдаткаў у кошт прадукцыі. Напрыклад, цяпер туды можна ўключыць выдаткі па дастаўцы. А паколькі бензін у нас увесь час даражэе — то зразумела, на што гэта скіравана.
Апроч таго, у новай рэдакцыі выкладзены пералік тавараў, на якія рэгулююцца надбаўкі імпарцёраў і гандлёвыя надбаўкі. У першапачатковым варыянце было больш за 370 пазіцый, у новым варыянце — 330. 40 пазіцый некуды зніклі, а на астатнія, за рэдкім выключэннем, максімальная гандлёвая надбаўка ўсталяваная на ўзроўні 30%.
Надбаўка ў траціну ад адпускнога кошту — гэта, па-мойму, больш, чым дастаткова. Не думаю, што да «жэстачайшай забароны» павышэння цэнаў гандлёвая надбаўка была большай. Прынамсі, інтэрнэт падказвае, што менавіта такой была максімальная нацэнка для «сацыяльна значных» тавараў да мінулагодняй заявы Лукашэнкі.
Проста ніхто ніяк не наважыцца патлумачыць беларускаму кіраўніку, што законы эканомікі, насамрэч, гэта такія ж законы, як і законы фізікі. Закон попыту і прапановы нельга адмяніць — так жа, як нельга адмяніць закон прыцягнення, напрыклад. А ўсе гэтыя «забараняецца» рана ці позна звядуцца да таго ж, да чаго звяліся цяпер — да вяртання ў тую ж сістэму, але, як правіла, з горшымі ўмовамі.
Але нашыя ўрадоўцы гэтага альбо не разумеюць, альбо свядома хлусяць. Напрыклад, сто разоў было сказана, што значнае павышэнне падаткаў прыводзіць, як правіла, не да іх павышэння, а да іх скарачэння. Проста таму, што бізнес не вытрымлівае падатковага цяжару і закрываецца. А менш бізнесу — менш падаткаў.
Аднак намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч у эфіры АНТ патлумачыла павышэнне падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў выраўноўваннем умоў для буйнога і дробнага бізнесу. На яе думку, «канкурэнтнае асяроддзе паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі парушана. Павінны быць аднолькавыя ўмовы для існавання розных суб'ектаў гаспадарання», — сказала яна.
«Гэта значыць, іншымі словамі, умоўнаму “Амкадору” складаней зарабіць 100 рублёў, чым індывідуальнаму прадпрымальніку? Правільна я вас зразумеў?» — удакладніў у яе вядучы.
«Вядома, так. Гэта адзін з аргументаў», — пагадзілася чыноўніца.
І тут я таксама пагаджуся з чыноўніцай. Павінны быць аднолькавыя ўмовы для існавання розных суб’ектаў гаспадарання. Напрыклад, у 2021 годзе на падставе ўказа «Аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацый» не ўмоўны, а цалкам канкрэтны «Амкадор» атрымаў прыкладна на $50 мільёнаў пад палову стаўкі рэфінансавання. Гэтую пазыку, да таго ж, неабавязкова аддаваць грашыма — можна акцыямі. А чаго каштуюць акцыі стратнага прадпрыемства — самі разумееце.
Ці можа ІП атрымаць крэдыт для стабілізацыі свайго фінансавага становішча? Пытанне рытарычнае. І калі спадарыня Бранцэвіч так занепакоеная роўнымі ўмовамі для малога і буйнога бізнесаў, можа, яна зоймецца тым, каб ІПшнікі мелі такі ж доступ да крэдытаў, як «Амкадор»?
Дый не толькі ж у «Амкадоры» справа. На тыдні «Агенцтва па кіраванні актывамі» паведаміла, што выпускае аблігацыі для выкупу даўгоў прадпрыемстваў АПК. Сродкі 10-га выпуску аблігацый будуць накіраваны на выкуп у «Белаграпрамбанка» актываў па крэдытах рыбгасаў «Лактышы», «Палессе» і «Днепрабугскі». Грошы, атрыманыя ад размяшчэння 9-га выпуску, прызначаныя на выкуп у «Беларусбанка» актываў па крэдытах ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» і «АСБ-Агра Кухцічы».
Самае цікавае: выпускі аблігацый размяшчаюцца шляхам закрытага продажу «Белаграпрамбанку» і «Беларусбанку».
А што было б, калі б ІПшнік не сплаціў крэдыт і прапанаваў банку яго проста спісаць узамен на паперкі-аблігацыі?
Або яшчэ адна навіна. Савет Міністраў і Нацбанк сумеснай пастановай №89/4 ад 31 студзеня ўсталявалі ліміт эмісіі аблігацый «Банкам развіцця». У 2023 годзе банк зможа выпусціць каштоўных папер на 4,66 млрд рублёў.
«Банк развіцця» — вядомая структура, якая ўдзельнічае ў тым самым «спісанні пазыкаў» дзяржаўных прадпрыемстваў, і шчыльна супрацоўнічае з тым жа «Агенцтвам па кіраванні актывамі». Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што статутны капітал гэтага банка на красавік 2022 года ў беларускіх рублях складаў 2,003 млрд рублёў. А прыбытак за 2021 год быў 308 млн рублёў.
Канешне, у яго яшчэ багатыя лічбы «актываў» ды крэдытнага партфелю, але якой якасці гэтыя актывы? У любым выпадку, у галаве мала ўкладаецца, як можа банк выпускаць аблігацыі на суму, што ў два разы перавышае яго статутны фонд? Пры тым, што ў мінулым годзе ён жа выпусціў аблігацый на суму, якая перавышае яго статутны фонд у два з паловай разы…
У нядаўнім мінулым так адвольна «каштоўныя паперы» выпускала адна арганізацыя — «МММ», самая знакамітая на постсавецкай прасторы фінансавая піраміда.
Карацей, дзяржава настолькі загразла ў розных «схематозах» па выратаванні «сваіх», што казаць пра роўныя ўмовы гаспадарання проста сорамна. А аплачваюць гэтыя схемы — прадпрымальнікі з іх павышанымі падаткамі.
Але ёсць і добрыя навіны. У эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадарцы «Барсукі» ў Бярэзінскім запаведніку завяршылі збор ураджаю шышак хвоі звычайнай. Усяго ўдалося сабраць 4 тоны сыравіны, з якой павінны здабыць 45 кг насення.
Як казаў стары партызан: «Беларусы! Беражыце лясы! Яны вам яшчэ спатрэбяцца…»