Гульня ў хованкі
Безумоўна, самай галоснай і цікавай падзеяй мінулага тыдня быў візіт Аляксандра Рыгоравіча на Аршаншчыну. На тую Аршаншчыну, якую ён летась у красавіку, падчас паслання народу і парламенту, абяцаў выцягнуць «з руінаў і попелу».
Ужо тады ўзнікла пытанне: ва ўладзе Лукашэнка 20 гадоў, чаму ж у краіне Аршаншчына — «у руінах і попеле»? Аднак даручэнне ёсць даручэнне. І яго, як звычайна, не выканалі. Як было ўсё зруйнаваным, так і засталося.
Па выніках сваёй экскурсіі Лукашэнка абураўся: «Вавка (міністра прамысловасці), Чорнага (міністра архітэктуры і будаўніцтва) неадкладна адправіць у адстаўку. Дзвігалёву і Засю (старшыня Дзяржкамваенпрама і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі) — поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не дакладуць мне па кожным прадпрыемстве, пойдуць туды ж. Усіх астатніх адказных і іншых я проста папярэджваю», — анансаваў Лукашэнка перастаноўкі ва ўрадзе.
Але будзем шчырымі: звыклая гульня ў «добрага цара і кепскіх баяраў». Вовк і Чорны сыдуць са сваіх пасадаў, а хто прыйдзе на іх месца? Ці ёсць адкуль Аляксандру Рыгоравічу ўзяць нармальных — ініцыятыўных, дасведчаных, працавітых чальцоў ураду? Там такіх, за рэдкім выключэннем, проста няма.
Бо што значыць «ініцыятыўны»? Ініцыятыўны — той, хто можа рызыкаваць і спрабаваць новыя падыходы. А якая можа быць ініцыятыва, калі табе той жа Лукашэнка дыктуе, што рабіць? Адкуль узяцца досведу, калі крок налева, крок направа — і ты пад пільнай увагай Дзяржкантролю? Калі ты адступіў ад «генеральнай лініі партыі» — і ўжо ў турме?
Пры гэтым, трэба ведаць не толькі тое, што рабіць, а яшчэ і тое, як гэта рабіць. Мы ўжо, як кажуць у інтэрнэтах, «стопяццот» разоў казалі: эканоміка змянілася, дэфіцыту няма. Зараз, перш чым ствараць сваю прадукцыю, трэба падумаць, каму яе можна прадаць. А ў нас дзейнічаюць наадварот: спачатку змарнуюць грошы, выпусцяць нікому не патрэбнае «шыла», а потым жаляцца на страты і затаваранасць складоў.
Такой была «мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі», прадпрыемствы якой спрэс стратныя. Так адбылося з «мадэрнізацыяй цэментавай галіны»: замежны цэмент каштуе менш, чым беларускі. А «Беларусбанк» адтэрмінаваў толькі аднаму Краснасельскім цэментнаму заводу плацяжы па крэдытах больш чым на 300 мільёнаў рублёў. Для параўнання: 300 мільёнаў — гэта 3/4 рэспубліканскага бюджэту на медыцынскую дапамогу насельніцтву.
Мы невядома на што амаль ужо збудавалі айчынную АЭС. У выніку кошты на электрычнасць для насельніцтва падскочаць, а Лукашэнку і зараз ніхто не дакладае, як гэтая АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. Я прапаную яе не запускаць, а вадзіць там экскурсіі — хоць нейкая капейчына, і кошты на электрычнасць падвышаць не давядзецца.
Проста так працуе адбудаваная адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай. Галоўнае тут — не вынік, а выкананне даручэнняў і загадаў кіраўніцтва, нават вышэйшага кіраўніцтва. А калі гэтае кіраўніцтва памылілася ці не пралічыла ўсіх наступстваў, ці проста аддала загад дзеля задавальнення ўласных амбіцый? Тады і атрымліваецца тое, што мы маем.
Паказальная ў гэтым плане прамова Лукашэнкі на Аршанскім авіярамонтным заводзе. «Уласніка ўжо тут няма. Уласнікі — вы. Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», — сказаў ён. Нагадаем, што інвестара — украінскую «Моторсіч» — з гэтага прадпрыемства проста выкінулі.
«Уласнікі — вы», — кажа Лукашэнка. Сур’ёзна? Можа быць, акцыі прадпрыемства былі перададзеныя працоўным, каб яны адчулі, што яны ўласнікі, і лепей працавалі, каб атрымліваць дывідэнды? Дык такога не адбылося.
Атрымліваецца, што зараз гэты завод — на ўзроўні «ўсё навокал калгаснае, усё навокал маё». І, калі зноў «мадэрнізаваць» прадпрыемства, то гэта будзе адбывацца за бюджэтны кошт. А, паводле падлікаў мінулага года, на яго мадэрнізацыю трэба не менш як 60 мільёнаў долараў. Зноў усё будзе закрываць «Беларусбанк»?
На нарадзе Лукашэнка нечакана згадаў справу лекараў, раскрытыкаваўшы былога міністра аховы здароўя, а зараз віцэ-прэм’ера Васіля Жарко. «Чаму не прыйшлі да мяне, не сказалі? Чаму ў вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе, а тут вы не паспелі. У Гомелі вы не паспелі, тут вы не паспелі. Вы мне будзеце распавядаць пра гераізм? Прэзідэнт паставіў публічна перад народам жалезабетонна задачу. Вырашыць — і кропка. А вы заняліся сабатажам», — заявіў Лукашэнка.
Па-першае, здзіўляе тое, што да Лукашэнкі «не прыйшлі і не сказалі». Два месяцы недзяржаўная прэса на вушах стаяла ад павальных арыштаў па «справе медыкаў»! Канешне, калі чытаць толькі БелТА, то нічога падобнага і не даведаешся. Спроба «падвесіць» на крымінальную справу Tut.by і БелаПАН шкодзіць, як высвятляецца, найперш уладзе — за адсутнасцю аб’ектыўнай інфармацыі прымаюцца і хібныя рашэнні. А інфармацыя даходзіць са спазненнем.
Па-другое, наконт «заняліся сабатажам». Мы таксама сто разоў пісалі, што ўрад гэтым займаецца ўжо даўно. Бо некаторыя даручэнні Лукашэнкі выканаць немагчыма, а некаторыя супярэчаць логіцы развіцця сістэмы. Узяць той жа Аршанскі авіярамонтны: ён не можа нармальна працаваць, і нармальна працаваць не будзе. Таму што ніводнае прадпрыемства не будзе паспяховым, калі «ўсё навокал калгаснае», а працоўны ніяк не зацікаўлены ў выніках сваёй працы. Каб была зацікаўленасць — патрэбны інвестар. Нармальны ўласнік, хай гэта будзе і калектыў заводу. Але ўласніку не загадаеш, што вырабляць і калі мадэрнізавацца, а значыць, «кіруючая роля Лукашэнкі» зведзеная на нуль, і ў яго няма ўлады.
А калі няма ўлады — гэта самы страшны сон Аляксандра Рыгоравіча.
Так што, каб эканоміка пачала працаваць, трэба змяняць сістэму гаспадаркі. І ў такой сістэме гаспадаркі месца «кіроўнай сіле» не прадугледжана. Таму чыноўнікі і надалей будуць «займацца сабатажам», Лукашэнка — гуляць у «добрага цара», а «прыгонныя людзі — працаваць за 200 долараў на месяц».