Ці прыйшла Еўропа ў Беларусь?

Станоўча ці нейтральна ставяцца да Еўрасаюза 77 працэнтаў беларусаў. Пра гэта кажа даследаванне праекту «EU Neighbours East». Але любыя лічбы, датычныя грамадскага меркавання, дастаткова раскрываюць свой сэнс толькі ў параўнанні — з іншымі перыядамі, краінамі, сацыяльнымі групамі.

1394106010_1958096314.jpg


Лічбы

На сайце праекта «EU Neighbours East» прадстаўленыя дадзеныя наконт стаўлення людзей да Еўрасаюза і Еўразійскага саюза за 2016–2017 гады. Яны паказваюць даволі цікавыя зрухі.

У 2016 годзе 46% беларусаў мелі нейтральнае стаўленне да ЕС. У 2017-м працэнт падрос да 53%. У 2018-м істотна знізіўся — да 43%.

У 2016 годзе 37% беларусаў ставіліся да ЕС станоўча, у 2017-м лічба нязначна знізілася — да 35%. У 2018-м знізілася яшчэ трошкі — да 34%.

На 2016 год адмоўна да ЕС ставіліся 13% беларусаў. У 2017-м — усяго 6% (ледзь не на мяжы статыстычнай памылкі). Аднак ужо ў 2018-м лічба паднялася ў тры (!) разы ў параўнанні з мінулым годам — да 18%.

Еўрапейскаму саюзу як структуры ў 2016 годзе давяралі 50% беларусаў. У 2017-м — 52%. У 2018-м лічба прасела на пяць працэнтаў — да 47%.

Еўразійскі саюз у 2016 годзе выклікаў давер у 57% апытаных. У 2017-м — ужо ў 46%, у 2018-м — амаль столькі ж, 47%.

Навіну з дадзенымі ад «EU Neighbours East» большасць беларускіх СМІ падалі ў даволі аптымістычным ключы: маўляў, беларусы збольшага пазітыўна ставяцца да Еўрасаюза, прынамсі, без выразнага негатыву.

Аднак калі мы разгледзім лічбы ў развіцці і ў параўнанні з іншымі паказчыкамі, то малюнак выглядае не такім аптымістычным.

ap_17248439383593.jpg


Трэнды

Болей за ўсё кідаюцца ў вочы два галоўных трэнды: трохразовае (у параўнанні з 2017 годам) павелічэнне колькасці праціўнікаў ЕС, а таксама зніжэнне даверу да Еўразійскага саюза на 10%.

Першае ж пытанне, якое ўзнікае пасля азнаямлення з любымі сацыялагічнымі аглядамі: чаму ў людзей змянілася думка? Уласна кажучы, змяніцца грамадскае меркаванне можа пад уплывам толькі двух аспектаў: аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных і палітычных фактараў (беспрацоўе, вайна, голад, рэвалюцыя, акупацыя і гэтак далей) і працы медыя. Прасцей кажучы, погляды лю­дзей змяняе альбо навакольная рэчаіснасць, альбо рэпрэзентацыя рэчаіснасці, якую ствараюць СМІ.

За апошнія тры гады ў адносінах Беларусі з Еўразійскім і Еўрапейскім саюзамі не адбылося нічога да такой ступені лёсавызначальнага, каб наўпрост змяніць меркаванне беларусаў. У нас не ўвялі еўра, ЕЦБ не навязваў нам меры жорсткай эканоміі, а сяброўства ў ЕАЭС не пераўтварыла нашу краіну ў Эміраты. Таму, верагодна, усе (ці, прынамсі, большасць) змены ў грамадскай думцы наконт гэтых пытанняў былі прадыктаваныя медыямі.

І тут, асабліва ў звязку з іншымі лічбамі апытання, выразна вымалёўваецца метатрэнд: палярызацыя.


Палярызацыя: чыіх рук справа?

Колькасць людзей, якія нейтральна ставяцца да ЕС, з 2017 па 2018 год панізілася на 10% — і, як бачым, гэтыя «нейтралы» перайшлі пераважна ў стан праціўнікаў ЕС, якіх апынулася, як ужо казалася, утрая болей. Затое і колькасць прыхільнікаў Еўразійскага саюза з 2016 па 2017 панізілася на 9% і на сёння засталася амаль такой жа, як і год таму, — 47%.

У той жа час колькасць лю­дзей, якія ставяцца да ЕС станоўча, істотна не змяняецца з года ў год. Гэта 34–37%.

Кажучы пра медыя, мы прызвычаіліся падзяляць іх у Беларусі на дзяржаўныя і недзяржаўныя. Аднак часта забываемся пра яшчэ аднаго вельмі важнага гульца: расійскія СМІ. Для вялізнай колькасці беларусаў яны застаюцца галоўнай крыніцай інфармацыі. Агульным месцам стала тое, што яны моцна выйграюць у беларускіх у якасці падачы матэрыялу, пераканаўчасці і відовішчнасці (пра змест, вядома, казаць не будзем). І складваецца ўражанне, што толькі недастатковае пакрыццё імі беларускай тэматыкі (нездарма ў нас існуе РТР-Беларусь, НТВ-Беларусь і гэтак далей) не дазваляе ім стаць дамінуючымі для фармавання думкі большасці беларусаў.

Таму, магчыма, павелічэнне варожасці беларусаў да ЕС за апошнія гады — кумулятыўны эфект ад расійскай прапаганды, якая прадстаўляе ЕС амаль выключна ў негатыўным кантэксце. Гэты эфект назапашваўся з года ў год і ўрэшце даў свой вынік.

У тым жа фарватары дзейнічаюць і беларускія дзяржаўныя СМІ, якія пішуць пра ЕС пераважна ў звязку з тэрактамі, агрэсіўнымі мігрантамі альбо злымі геямі, якія імкнуцца раструшчыць сямейныя каштоўнасці. На пэўны сегмент аўдыторыі гэта мае сваё ўздзеянне, перавёўшы шэраг беларусаў з нейтральных пазіцый на негатыўныя.

10-працэнтнае зніжэнне даверу да Еўразійскага саюза (чытай — да Расіі) можна патлумачыць ростам папулярнасці незалежных СМІ, якія перажылі моцны пад’ём якраз у 2017 го­дзе, на хвалі «дармаедскіх пратэстаў». У 2017 годзе па­дзенне даверу склала 11% (потым ён падняўся на адзін працэнт). Усе беларусацэнтрычныя СМІ скептычна ставяцца да Расіі і яе ініцыятыў, у тым ліку эканамічных. Таму нічога дзіўнага ў тым, што вялікая частка аўдыторыі, якую яны «адхапілі» падчас стрымаў і рэпартажаў з розных гарадоў Беларусі (чаго дзяржаўныя СМІ, вядома, не рабілі) засталася з імі надоўга. І зараз гэтыя людзі фарміруюць сваё стаўленне да ЕАЭС пад уплывам незалежных сайтаў і газет.

Тут жа, дарэчы, можна сказаць і пра яшчэ адзін аб’ектыўны фактар: працяглы эканамічны крызіс у самой Расіі. Калі раней сотні тысяч беларусаў ездзілі ў Расію на заробкі, зараз гэта робіцца ўсё больш бессэнсоўным, чаго не скажаш пра закупы ва Украіне альбо Польшчы. Цалкам магчыма, што спыненне ўспрыняцця Расіі як «шчырай карміцелькі» беларуса-гастарбайтара істотна паўплывала на скептыцызм адносна Еўразійскага саюза.

2f4bca6e365b9003cb52ced4dc405de6.jpg


Улада: ні туды і ні сюды

Паўплываць на меркаванне беларусаў маглі і многія іншыя фактары, для вызначэння якіх патрэбныя значна больш глыбокія даследаванні і доўгі аналіз. Відавочным застаецца толькі адно: сёння, як і год, і два, і пяць гадоў таму, беларускае грамадства застаецца раздзеленым, разарваным і палярызаваным у сваіх геапалітычных сімпатыях. Яно выразна падзеленае на прарасійскую частку — відавочна большую, але інертную, і праеўрапейскую — меншую па колькасці, але больш актыўную. А таксама ёсць пэўны працэнт нейтралаў, якія вагаюцца то ў адзін, то ў другі бок. І дзесьці над усім гэтым стаіць улада, якая, здаецца, больш занятая справамі ўласнага выжывання і ўмацавання, чым магчымымі наступствамі такой палярызацыі.