Больш за 500 сродкаў нападу: Расія здзейсніла самы масіраваны за год абстрэл Украіны
Расія здзейсніла самы масіраваны за гэты год камбінаваны абстрэл Украіны. Але, імаверна, такія абстрэлы скончацца, бо ўлятаюць РФ у капейчыну, а стан эканомікі Расіі не вельмі добры. Аж да таго, што Пуцін вырашыў скарачаць фінансаванне ВПК. Ідзе 1222-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 170 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 29 чэрвеня.
Траціна баёў была на Пакроўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны спынілі 56 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Мірнага, Міралюбаўкі, Малінаўкі, Копцева, Лісоўкі, Удалага, Катляроўкі, Арэхавага, Аляксееўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 22 боесутыкнення.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак у раёнах Ялты, Запарожжа, Днепраэнергіі, Навасёлкі і Шаўчэнка.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 19 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Надзеі, Новаегораўкі, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны, Ямпалоўкі, Грэкаўкі, Торскага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расійцы 12 разоў штурмавалі пазіцыі Сіл абароны Украіны у раёнах Ваўчанска, Глыбокага, Строеўкі.
На Северскім кірунку УСУ спынілі 11 атак расіян паблізу Рыгораўкі, Верхнекаменскага. Па дзевяць атак на кожным зафіксавана на Купянскім і Тарэцкім кірунках.
* * *
Расійскія войскі прасунуліся ў раёне Новапаўлаўкі, а Сілы абароны Украіны — у раёне Лімана, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле геалакацыйных даных, украінскія войскі нязначна прасунуліся ў паўночнай частцы Торскага, на ўсход ад Лімана.
Таксама геалакацыйныя кадры паказваюць, што падраздзяленні расійскай 36-й асобнай мотастралковай брыгады прасунуліся ў паўночную частку вёскі Зорка на паўднёвы захад ад Новапаўлаўкі. У Міністэрстве абароны Расіі абвясцілі, быццам яны захапілі населены пункт.
* * *
У Данецкай вобласці працягваюцца жорсткія баі адразу ў некалькіх сектарах, з'явіўся новы кірунак атак расійцаў, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.
«Яшчэ адзін дзень у рабочай паездцы ў падраздзяленні, якія трымаюць абарону ў Данецкай вобласці. Нашы байцы штодня адбіваюць вар'яцкія атакі акупантаў на Новапаўлаўскім, Пакроўскім, Краматорскім, Тарэцкім кірунках», — адзначыў Сырскі ў сацсетках. Ён паведаміў, што працягваюцца баі на новым кірунку — Дабрапольскім.
* * *
У ноч на 29 чэрвеня Расія атакавала Украіну рэкорднымі 537 сродкамі паветранага нападу:
- 477 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
- 4 аэрабалістычнымі ракетамі Х-47М2 «Кінжал»;
- 7 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М / KN-23;
- 41 крылатай ракетай Х-101 / Іскандэр-К;
- 5 крылатымі ракетамі «Калібр»;
- 3 зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300.
Па папярэдніх даных, абясшкоджана 475 сродкаў паветранага нападу, 249 збіта агнявымі сродкамі, 226 — лакацыйна страчаныя:
- 211 варожых БПЛА тыпу Shahed (беспілотнікаў іншых тыпаў) збіта агнявымі сродкамі, 225 — лакацыйна страчаныя / задушаныя РЭБ;
- 1 балістычная ракета Іскандэр-М / KN-23 збітая;
- 33 крылатыя ракеты Х-101 / Іскандэр-К збітыя, 1 — лакацыйна страчаная;
- 4 крылатыя ракеты «Калібр» збітыя.
Адбіваючы масіраваны паветраны напад, на самалёце F-16 загінуў лётчык 1-га класа падпалкоўнік Максім Усціменка. Пілот збіў сем паветраных цэляў, падчас адпрацоўкі апошняй яго самалёт атрымаў пашкоджанні і пачаў губляць вышыню. Усціменка адвёў машыну ад населенага пункта, але катапультавацца не паспеў.
Мэрыя Харкава паведаміла пра прылёт беспілотніка ў дах шматпавярхоўкі ноччу 29 чэрвеня. Па паведамленні ўладаў горада, расійцы атакавалі дронам тыпу «Маланка» адзін з «найбольш пацярпелых жылых масіваў Харкава», без удакладнення лакацыі.
У ноч на 29 чэрвеня расійцы ракетамі і дронамі атакавалі Смелу ў Чаркаскай вобласці, шэсць чалавек параненыя. Пашкоджаны тры дзевяціпавярховыя дамы і істотна разбураны мясцовы каледж Нацыянальнага ўніверсітэта харчовых тэхналогій.
У выніку масіраванага абстрэлу ў Івана-Франкоўскай вобласці абломкі варожых цэляў упалі на тэрыторыі прыватных гаспадарак Рагацінскай і Більшаўскай абшчын Івана-Франкоўскага раёна.
Львоўшчына знаходзілася пад атакай беспілотнікаў і крылатых ракет. Расіяне наносілі ўдары па крытычнай інфраструктуры вобласці. Нягледзячы на складанасць начной камбінаванай атакі, у Львове не пацярпеў ні адзін чалавек і ні адзін грамадзянскі будынак, павепдаміў мэр горада Андрэй Садовы.
Расійцы нанеслі ўдары па Запарожжы і Кременчугскім раёне Палтаўскай вобласці, пацярпелі прадпрыемствы.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны нанеслі паражэнне па складах 1060 цэнтра матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (былы 120 арсенал галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ) у Бранскай вобласці РФ. «Пацверджана паражэнне цэлі і пажар на тэрыторыі аб'екта. Вынікі ўдакладняюцца», — паведамляе Генштаб УСУ.
* * *

* * *
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін абвясціў аб планах скарачэння вайсковых выдаткаў пасля таго, як чыноўнікі папярэдзілі, што РФ знаходзіцца «на мяжы рэцэсіі», піша The Telegraph.
Са слоў Пуціна, РФ скароціць выдаткі на абарону «сёлета» або «цягам наступных трох гадоў» (дакладны год не назваў). Яго каментары прагучалі пасля таго, як на мінулым тыдні міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Рашэтнікаў заявіў, што краіна знаходзіцца «на мяжы рэцэсіі».
Кіраўніца Цэнтрабанка РФ Эльвіра Набіўліна таксама папярэдзіла, што эканамічны рост Расіі ў ваенны час, абумоўлены велізарнымі выдаткамі дзяржаўнага абаротнага сектара, паступова сыходзіць на нішто.
Выданне адзначае, што ў 2024 годзе эканоміка РФ вырасла на 4,3%, аднак у спробе стрымаць інфляцыю працэнтныя стаўкі ўтрымліваліся на ўзроўні 21%, а ў гэтым месяцы былі трохі зніжаны да 20%, паколькі інфляцыйны ціск крыху аслаб.
Акрамя таго, у краіне ўзнік дэфіцыт работнікаў. У прыватнасці, рост заработнай платы падскочыў да 16-гадовага максімуму з-за недахопу працоўнай сілы, выкліканай яе ператокам у абаронны сектар і войска. Паводле ацэнак Вышэйшай школы эканомікі (Масква), на канец 2024 года дэфіцыт работнікаў склаў 2,6 млн чалавек, бо Крэмль прапанаваў салдатам высокую заработную плату і шчодрыя выплаты, імкнучыся папоўніць шэрагі на перадавой.
Выданне адзначае, што хоць ВПК атрымаў выгаду ад павелічэння дзяржаўных выдаткаў, але прыватныя галіны прамысловасці пацярпелі ад зніжэння попыту, росту выдаткаў і вялікіх даўгавых абавязацельстваў з-за высокіх працэнтных ставак. Паводле звестак Bloomberg News, расійскія банкаўскія чыноўнікі ў прыватным парадку папярэдзілі, што ў наступным годзе ёсць рызыка крызісу праз рост колькасці прадпрыемстваў, няздольных выплачваць крэдыты.
Выданне піша, што будучыя выдаткі таксама могуць уключаць выдаткі на рэінтэграцыю «ветэранаў» вайны ва Украіне. Як паведамляецца, на гэты момант амаль 140 тысяч жаўнераў РФ, якія вярнуліся да цывільнага жыцця, застаюцца беспрацоўнымі — нягледзячы на недахоп працоўнай сілы.
* * *
Міністэрства абароны Украіны кадыфікавала і дапусціла да выкарыстання ва Узброеных сілах новы наземны рабатызаваны комплекс «Мураш». Гэты гусенічны беспілотнік распрацаваны для падтрымкі падраздзяленняў у складаных баявых умовах, у прыватнасці пад агнём ворага або на замініраванай тэрыторыі.
Комплекс мае высокія паказчыкі грузападымальнасці — ён здольны транспартаваць больш за палову тоны грузу на значныя адлегласці, уключаючы перамяшчэнне па перасечанай мясцовасці і пераадоленне невялікіх водных перашкод. «Мураш» абсталяваны рознымі каналамі кіравання, што забяспечвае яго працу нават у зоне дзеяння варожых сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Упершыню беспілотнік паказалі ў студзені 2024 года. Па словах распрацоўшчыкаў, ён можа пераадольваць больш за 15 км на адным зарадзе і мае вагу 350 кг. Аўтаномнасць дрона забяспечваецца ад адной або двух электрабатароў ёмістасцю 6, 8 або 13,6 кВт, што павінна хапаць прыкладна на 30-40 кіламетраў. Дрон працуе пры любых умовах надвор'я, а 80% яго камплектуючых выраблена ва Украіне.