ЕС стварыў Трыбунал для расследавання агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнка можа быць яго фігурантам

Важна, што Трыбунал будзе мець міжнародную правасуб'ектнасць, а не статус гібрыднай або нацыянальнай структуры. Апроч гэтага, Еўропа сёння ўводзіць новы пакет санкцый супраць Расіі, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паглядзіць, ці зможа перадаць Украіне дадатковыя сістэмы СПА. Ідзе 1218-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

511259084_1075739578072453_4077379207018674830_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 154 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 чэрвеня. Траціна ад усіх атак адбылася на Пакроўскім кірунку — абаронцы Уураіны спынілі 51 штурмавое дзеянне расіян у раёнах Палтаўкі, Мірнага, Копцева, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Новасергіеўкі, Новамікалаеўкі, Арэхавага, Аляксееўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак у раёнах Запарожжа, Свабоднага Поля, Перабудовы і Шаўчэнка.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала17 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Капанкі, Надзеі, Рэдкадубу, Зялёнай даліны.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Тарэцка, Неліпаўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 14 атак расіян. Па восем атак было адбіта на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Краматорскім кірунках.

* * *

Расійскія войскі працягнулі штурмы на поўначы і ўсходзе Украіны. Але УСУ контратакуюць і стрымліваюць ворага на ключавых кірунках, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

ISW вядома аб прасоўванні расійскіх войскаў у паўночнай і паўночна-заходняй частках Ваўчанска на Харкаўскім кірунку.

Расійцы сцвярджалі, што знаходзяцца ў межах аднаго кіламетра ад Купянска. ISW атрымала геалакацыйныя звесткі, якія паказваюць, што паводле стану на 25 чэрвеня расійскія войскі прасунуліся на 3,4 кіламетра ад паўночнай адміністрацыйнай мяжы Купянска.

Украінскія войскі прасунуліся на поўнач ад Лімана 24 чэрвеня.

Паводле геалакацыйных звестак, расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Шаўчэнка Першага і ў Лісоўцы на Пакроўскім кірунку. 

Аналітыкі мяркуюць, што расійцы маглі захапіць населены пункт Ялта на Новапаўлаўскім кірунку. А украінскія войскі на гэтым кірунку прасунуліся ў напрамку Вялікай Навасёлкі.

Украінскія войскі, магчыма, нанеслі ўдар па расійскім камандным пункце ў акупаваным Крыме ў ноч з 23 на 24 чэрвеня.

* * *

У ноч на 26 чэрвеня Расія атакавала Украіну 41-м ударным БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 24 БПЛА: 8 збіта агнявымі сродкамі, 16 —лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

У ноч на 26 чэрвеня расійскі дрон-камікадзэ трапіў у пяціпавярховы жылы дом у горадзе Белазерскае Данецкай вобласці. У выніку атакі пацярпелі пяць чалавек, сярод іх — 15-гадовы хлопец.

* * *

511709399_1076358218010589_4164714842698057024_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам узмацненне СПА ва Украіне і сумесную вытворчасць дронаў.

«Павіншаваў прэзідэнта Трампа з паспяховай аперацыяй на Блізкім Усходзе. Важна, што дзеянні ЗША аслабілі не толькі іх ядзерную праграму, але і вытворчасць дронаў. Будзем назіраць за сітуацыяй», — напісаў Зяленскі ў Telegram.

З ягоных слоў, з Трампам была абмеркаваная абарона Украіны і закупка амерыканскіх сістэм СПА для прыкрыцця гарадоў. «Украіна гатовая гэта абсталяванне купіць. Еўропа можа дапамагчы. Таксама казалі аб магчымай сувытворчасці дронаў. Можам узмацніць адзін аднаго», — распавёў Зяленскі.

Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп сказаў, што праверыць, ці зможа перадаць Украіне дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot, але падкрэсліў, што ЗША яны таксама патрэбныя.

«Яны (украінцы) сапраўды хочуць атрымаць супрацьбалістычныя ракеты, як яны кажуць... Patriot. І мы паглядзім, ці зможам даць некалькі. Іх цяжка атрымаць. Яны нам таксама патрэбныя. Мы пастаўлялі іх Ізраілю, і яны вельмі эфектыўныя. На 100%, цяжка паверыць, наколькі эфектыўныя», — сказаў Трамп на прэс-канферэнцыі ў Гаазе.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі пасля саміту NATO ў Гаазе заявіў, што ўсё яшчэ спадзяецца, што можа дамовіцца з лідарам Расіі Уладзімірам Пуціным аб спыненні агню ва Украіне, але здзіўлены, што гэтага дагэтуль не адбылося.

Трамп распавёў аб прапанове Пуціна дапамагчы ва ўрэгуляванні з Іранам. «Ён патэлефанаваў і кажа: "Я магу табе дапамагчы?". Я сказаў, што не. Ты можаш дапамагчы мне з Расіяй», — сказаў Трамп.

Трамп падкрэсліў, што Пуцін павінен скончыць вайну. «З Уладзімірам Пуціным усё аказалася складаней… Гэта аказалася цяжэй, чым іншыя войны, я маю на ўвазе, паглядзіце, мы толькі што скончылі вайну за 12 дзён», — адзначыў ён, каментуючы свае папярэднія абяцанні хутка скончыць вайну ва Украіне.

* * *

Еўрапейскі Саюз 26 чэрвеня ўводзіць новы, 18-ты па ліку пакет санкцый супраць Расіі. Такім чынам рэалізуецца праграма прымусу Крамля да мірных перамоваў ва Украіне, заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на прэс-канферэнцыі пасля саміту NATO ў Гаазе.

Мерц заявіў, што для спынення вайны ва Украіне трэба значна ўзмацніць эканамічны ціск на Расію. Ён заклікаў ЗША далучыцца да Еўропы ў гэтай справе. «Аднаго гэтага пакета не хопіць, мы маем патрэбу ў больш актыўным удзеле ЗША ў санкцыях», — падкрэсліў канцлер.

СМІ паведамляюць, што 18-ты пакет санкцый будзе ўведзены без новых абмежаванняў на кошт нафты. «Дыскусіі, якія вядуцца і ў публічнай плоскасці, паказваюць, што няма аднадушнасці адносна верхняй мяжы цэны на нафту», — адзначыў адзін з дыпламатаў ЕС у інтэрв'ю ўкраінскаму каналу «Суспільне».

Па словах дыпламата, пазіцыі дзяржаў падзяліліся прыкладна напалову. Акрамя таго, СМІ пісалі, што ЗША супраць зніжэння столі коштаў нафты з РФ, які на саміце G7 планавалі прасоўваць Еўрапейскі Саюз і Вялікабрытанія.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ ў чацвер падпісалі пагадненне аб стварэнні спецыяльнага трыбунала для расследавання злачынстваў агрэсіі супраць Украіны, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Пагадненне аб стварэнні спецтрыбуналу ў злачынстве агрэсіі было падпісанае ў будынку Савета Еўропы ў Страсбургу падчас першага візіту Зяленскага ў гэтую арганізацыю. Перад гэтым Камітэт міністраў СЕ афіцыйна ўпаўнаважыў Берсе на падпісанне пагаднення.

Спецтрыбунал дазволіць праводзіць расследаванні супраць вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, якое звычайна абаронена персанальнымі імунітэтамі, але вынясенне прысудаў будзе магчымым толькі пасля страты ім пасад. Важна, што Трыбунал будзе мець міжнародную правасуб'ектнасць, а не статус гібрыднай або нацыянальнай структуры. Яго аснову складае артыкул 8 bis Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда, дапоўнены крытэрамі захопніцкай вайны з рэзалюцыі 3314 Генасамблеі ААН.

Таксама мяркуецца, што Трыбунал зможа выносіць прысуды без прысутнасці абвінавачаных, у прыватнасці — супраць палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Расіі, а патэнцыйна таксама Беларусі і КНДР.