«Ноччу ўсе раны болей баляць». 40 цытат Васіля Быкава
21 год таму пайшоў з жыцця легендарны беларускі пісьменнік, класік ваеннай прозы Васіль Быкаў. Каб яшчэ раз згадаць пра геній творцы і яго здольнасць бачыць і разумець больш, чым іншыя, мы сабралі цытаты з яго мастацкіх і публіцыстычных твораў і размоў з сябрамі.
Вольны чалавек вольны ва ўсім
«Чалавек, які аднойчы адмовіўся ад волі, назаўжды робіцца вязнем».
«Бо пакуль адных будзе цешыць подлая надзея выплысці наверх, у другіх будзе жыць страх. Будзе таіцца, хавацца, каб калі-небудзь узяць верх. Занадта глыбока жыве ў свядомасці многіх ганебная нявольніцкая мараль: як бы чаго не выйшла. I калі здарыцца, што дзе-небудзь слязьмі абальецца праўда, хіба хто-колечы не памяркуе: а ці не лепш пераседзець, перамаўчаць, перастаяць за вуглом, адвярнуцца. А яны будуць пільнаваць спрыяльны для сябе момант».
«Што такое чужая зямля, той да скону дзён не забудзе, хто хоць раз паспытаў хлеба з ласкі чужых рук».
Рэжым, імперскасць, адсутнасць змен
«Яны самi сябе павiнны прыкончыць. Рана цi позна. Як павукi ў банцы. Калi ў банку да iх кiнуць, напрыклад, шаршня, яны ўсе наваляцца на яго i заб’юць у момант. А калi iх там не чапаць — самi сябе пажруць. Бо нiкога не жраць яны не могуць».
«Як гэта ні сумна, трэба прызнаць, што гісторыя сапраўды нічому не вучыць. Зараз, як і заўжды, наперадзе культуры і нават наперадзе эканомікі зноў ідэалогія з яе імперскай палітыкай, якія спакваля падпарадкоўваюць сабе ўсё, у тым ліку і правы чалавека».
«Верныя рыцары рашучай фразы, яны спярша ап'янілі тых, хто іх слухаў на ўсіх тых шматлюдных мітынгах, а затым неўпрыцям і самі паверылі ў свае прыгожыя словы. Калі ж і самі сталі нявольнікамі ўласных хмельных прамоваў, тады ўжо нічога нельга было ні спыніць, ні перайначыць».
«Ён зразумеў, што гэта пустая пагроза, не шантаж — яны здольныя на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, чалавечнасці і нават элементарнай жыццёвай маралі, іх звярыная сіла таму, вядома, павялічылася. Ён жа стаяў перад імі толькі чалавек. Ён абцяжараны многімі абавязкамі перад людзьмі і краінай, магчымасці хаваць і падманваць у яго не занадта вялікія».
«Народ пайшоў за жорсткiм, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгаса, iдэi якога былi простыя, як мычэнне каровы, i зразумелыя дарэшты».
«Бел-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму папірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі».
«"Я вучыўся ў бальшавікоў. Я не баюся гаварыць пра тое", — казаў Гітлер. Несумненна, і Сталін вучыўся ў фашыстаў, пэўны час яны дзейнічалі суладна і згодна, аж пакуль не схапіліся ў двубоі. Як піша іншы сведка, Сталін, дазнаўшыся пра самагубства Гітлера, раздумна мовіў, стоячы ля крамлёўскага акна: "Дагуляўся падлюга! А колькі слаўных спраў мы маглі б зрабіць разам...". Ды не зрабілі. Не ўсё ў свеце было падзелена паміж чырвонымі і карычневымі, заставаўся свабодны свет, які і сцёр з мапы карычневую палавіну. Чырвоная пакуль што заставалася».
«Як мы ўваходзілі ў ягоны гатэльны нумар, працягваючы вольную бяседу, я засцярожліва паказаў на столь, маўляў — змоўкнем. Яўген толькі засмяяўся. Нашто, кажа, хай запішуць кожнае нашае слова — спатрэбіцца для нашчадкаў. Toe было праўда. Пройдзе небагата часу, і мы пераканаемся, што не толькі рукапісы не гараць, але і сказанае застаецца. У тым ліку і схаванае ў сакрэтных аддзелах КДБ».
«Адна падзея таго часу не магла не запомніцца мне на гады. Гэта калі ў адзін шэры сакавіцкі дзянёк у клас увайшоў наш кіраўнік падпалкоўнік Емяльянаў і яўна робленым трагічным голасам аб'явіў, што гадзіну назад памёр Вялiкi Сталін. Усе ўсталі, пастаялі са скамянелымі тварамі, а я сказаў сабе ў думках: "Слава табе, Гасподзь! Можа, хоць цяпер што-небудзь зьменіцца да лепшага". На жаль, змянілася мала».
«(Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот. Да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на Месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым».
«Цунамі на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак i з ім танкасамаходны полк. Самаходкі раскідала па ўсім беразе, а сотні людзей апынуліся ў сцюдзёнай акіянскай вадзе, дзе і гінулі ад холаду, калі за што трымаліся. На дапамогу прыйшлі вайсковыя амерыканскія баржы, але з Масквы паступіла рaдыёграма: гінуць, але дапамогу амерыканцаў не прымаць. Я не памятаю, каб хто з афіцэраў нашай групы адобрыў той вар'яцкі загад. Хаця ніхто і не сказаў слова супраць».
Праўда, хлусня і ўрокі гісторыі
«Няхай на іхнім баку перамога, але на нашым баку — ісціна. Праўда, з якой выстаім!»
«Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні».
«Нявыказаная сёння праўда можа застацца нявыказанай ніколі».
«Але менавіта тое, што праўда, стала непрымальным для сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метада была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзентаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменнікаў, пагарэлі менавіта на праўдзе... А на хлусні наадварот — рабілі кар'еру».
«Нас заклікалі пісаць праўду, але далёка не кожная праўда дазвалялася ў літаратуры, хіба тая, якая служыла ўладзе».
«Сядзелі, гаварылі. Гаворка зайшла пра сэксотаў, усе пагаджаліся, што, як і ўсюды, у нас былi сэксоты. Але колькі? Меркавалі, чалавек пяць. Іншыя сцвярджалі: палавіна. Тады нехта прапанаваў напісаць паперкі і кінуць у шапку. Хай сэксоты зробяць метку-крыжык, а іншыя — прочырк. Так і зрабілі. Ананімнасць была захаваная. Пасля разгарнулі паперкі. Аказалася, з 25 паперак у 18 былі крыжыкі».
Час для смерці і для жыцця
«Не, напэўна, смерць нічога не вырашае і нічога не апраўдвае. Толькі жыццё дае людзям пэўныя магчымасці, якія або ажыццяўляюцца, або знікаюць дарэмна, толькі жыццё можа супрацьстаяць злу і гвалту. Смерць жа пазбаўляе ўсяго».
«Але тыя, хто толькі і прагне любой цаной выжыць, ці заслугоўваюць яны хоць бы аднаго аддадзенага за іх жыцця?»
«Дык прападзі яна пропадам, марная мурашыная мітусня дзеля прывіднага ненаеднага дабрабыту, калі з-за яго застаецца ўбаку нешта куды больш важнае».
«Вядома, бацькам нярэдка здаецца, што дзеці недадаюць ім, што ім як старэйшым у родзе належаць нейкія правы ў дачыненні да малодшых, якіх яны спарадзілі, выхавалі, выпусцілі ў вялікі, складаны свет, і таму маюць права разлічваць на падзяку, якую рэдка атрымліваюць на справе. Але паводле адвечнага закону жыцця ўвесь дынамізм дзяцей скіраваны ў будучыню, туды, дзе пралягае іх нязведаны шлях, і бацькам на гэтым шляху месца ўжо няма, ён цалкам заняты ўнукамі. Што ж, усё правільна, усё ў поўнай адпаведнасці з законамі жыцця і жывой прыроды, але чаму тады чалавечая натура не хоча мірыцца з гэтай відавочнай дадзенасцю? Уся яе душэўная сутнасць бунтуе супраць гэтага закону прыроды, чаму тут такая дысгармонія — таксама ад прыроды?
Хіба таму, што мы людзі. У жывёл усё больш проста і гарманічна».
«Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты не возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе абыдзецца. А свае, камандзіры (ці калі ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкі не дадуць».
«Як і кожная смерць у барацьбе, яна павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і па магчымасці завяршыць тое, што не паспела ажыццявіць жыццё. Інакш навошта тады жыццё? Занадта нялёгка даецца яно чалавеку, каб бесклапотна ставіцца да яго канца».
«Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольнае. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільная, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі пакарання. Толькі непазбежнасць адплаты можа сцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі».
«Але што ж, такі распракляты час, зручны для смерці і зусім нягожы для людскога жыцця».
Калі чалавек палюе на чалавека
«Порахам чалавека не выхаваеш».
«Тут ён упершыню ўбачыў паднаготную фашызму і, відаць, упершыню зразумеў, што смерць не самае горшае з усіх бед на вайне».
«Заблытаная штука гэтая вайна, думаў ён, а карысці ад яе — гулькін нос. За пралітую кроў — дурныя льготы. Як у гэтых старых — бясплатны праезд у межах раёна. А куды ім цяпер ездзіць, акрамя як на могілкі?»
«— Пацукам цяпер толькі і шныраць.
— Ну. Каму ж іх выводзіць? Чалавек на чалавека палюе — не да пацукоў».
«Бо пакуль адных будзе цешыць подлая надзея выплысці наверх, у другіх будзе жыць страх. Будзе таіцца, хавацца, каб калі-небудзь узяць верх. Занадта глыбока жыве ў свядомасці многіх ганебная нявольніцкая мараль: як бы чаго ні выйшла. I калі здарыцца, што дзе-небудзь слязьмі абальецца праўда, хіба хто-колечы не палічыць: а ці не лепш пераседзець, перамаўчаць, перастаяць за вуглом, адвярнуцца. А яны будуць пільнаваць спрыяльны для сябе момант».
«З камандзiрамi тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькi два афiцэры — я i камандзiр роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялiлi, не было каго. Добра, калi пiсар паспее перапiсаць прозвiшчы, а то iдуць безыменнымi. I гiнуць. Таму столькi ў нас цяпер "неизвестных солдат", "пропавших без вести". Такi быў улiк. У пяхоце не было анiякага ўлiку. Во кулямёты ўлiчвалi, гарматы, танкi. Нават снарады начальства лiчыла, бо за iх адказнасць мела. А за людзей адказваў адзiн Гасподзь Бог...»
«Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна».
«Мусіць, ноччу ўсе раны болей баляць».
«Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба неяк пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. Не век жа быць гэтай вайне. Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. Гэта як з куслівым сабакам: барані Божа яго зачапіць, трэба прайсці міма, быццам яго і не бачыш, але і не паказаць страху — рабіць выгляд, што ён цябе не датычыць. Так і з фашыстамі. Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы жыд з мястэчка? Слава Богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол. А што сын у Чырвонай Арміі, дык ці ж гэта па сваёй ахвоце? То ж служба. Так было пры цары, а можа, і раней. Служылі многія з вёскі, праўда, яму не прыйшлося — падвяло здароўе. Усё ягонае жыццё прамінула тут, на вачах у людзей».
«Я распавёў яму пра выпадак з вайны, калі адзін з паліцаяў расстрэльваў групу землякоў, сярод якіх быў ягоны стрыечны брат. Паліцай быў добры чалавек і як для брата зрабіў выключэнне — падаслаў яму ў магілку свежага хвойнічку. Усё ж брат…»
«Мабыць, для іх самае яркае ўвасабленне вайны — вось гэты салют. Кніжкі пра яе — нуда. Гісторыя — таксама. Але салют — гэта відовішча, і яны яго любяць».