Васіль Быкаў. Чалавек перад знішчальнай сілай абставін
Сто гадоў таму нарадзіўся класік беларускай літаратуры, адзін з самых вядомых у свеце беларускіх пісьменнікаў Васіль Быкаў, чалавек, якому выпаў лёс расказваць балючую праўду пра самае страшнае.

Васіль Быкаў. Крыніца фота: сайт Рады БНР
Дарогай да Ушачаў я ехаў упершыню. Увогуле Віцебшчына для мяне — яшчэ не адкрытая, не прачытаная кніга. Я чалавек поўдня, мне бліжэй маё роднае Палессе, якое для мяне ёсць асобным сусветам, з яго балотамі, рэкамі, ярамі. І таму я здзіўлены і ўражаны: за вокнамі машыны — пейзаж, які не мае і намёку на звыклую раўніннасць Мінска, дзе я цяпер жыву, і яго ваколіц. Пакручасты зялёны лабірынт палёў, узгоркаў, нізін, тунэлі вялізных, ажно да самых аблокаў, хвой і люстраная роўнядзь азёраў, у якую глядзіцца неба...
Менавіта ў такіх дэкарацыях, дзе сама прырода мае нялёгкі характар і выяўляецца ва ўсёй сваёй адметнасці і разнастайнасці, і з'явіўся ў беларускім сюжэце Васіль Быкаў — асоба незвычайная, ва ўсіх сэнсах унікальная і вельмі важная для нас усіх як голас сумлення, той голас, які гучаў, калі астатнія маўчалі.
«Праўду гаварыць лёгка і прыемна», — гаварыў булгакаўскі Іешуа Понцію Пілату. Для Быкава гэта ніколі не было ані лёгкім, ані прыемным — але адзіна магчымым у свеце, вывернутым вантробамі вонкі, дзе чорнае названа белым, вайна — свяшчэннай, здраднікі і каты — героямі, а тыя, хто меў патрэбу ў абароне ад злога, прайшлі праз чэкісцкае пекла і наўрад ці самі змаглі б расказаць пра тое, што з імі зрабілі «бацькі нацыі».
Глядзіце таксама

Чалавек з такім пакліканнем — гаварыць праўду — нараджаецца надзвычай рэдка і мае мала шанцаў на поспех. Пасынак лёсу — так можна было б назваць пісьменніка, калі б не народная любоў. Не мае сэнсу пераказваць тут біяграфію Быкава, каб пацвердзіць, што лёс не быў з ім ласкавым, — гэта ведае кожны школьнік. Дастаткова толькі сказаць, што, як і любы праўдаруб, ён не быў улюбёнцам уладаў ні пры Саветах, ні ў найноўшыя часы, а наадварот цярпеў крытыку і перажываў выгнанне.
Што такое «застацца без зямлі, на якой вырас», сёння на ўласнай скуры зведалі тысячы, дзясяткі і сотні тысяч беларусаў. Гэта не толькі немагчымасць больш хадзіць па любімых вуліцах/сцежках/палях, бачыць звыклы кантэкст, чуць родную мову і разумець паводзіны людзей. Застацца без радзімы — гэта значыць застацца без сябе таго, якім ты быў там. А ў выпадку з Васілём Быкавым усё нашмат больш балюча і трагічна. Праўда, якую ён даносіў сваімі творамі, была пра гэтую зямлю і гэтых людзей, яна была зразумелая толькі тут і зусім непатрэбная ў Фінляндыі, Германіі і Чэхіі, дзе пісьменніку давялося пражыць больш за чатыры гады.
Чаму я спыніўся менавіта на гэтым моманце? Таму што такой была кульмінацыя сюжэта пра Быкава-чалавека, пра таго, хто нарадзіўся ў краі блакітных азёраў і быў пазбаўлены яго, фактычна, за самога сябе. Не за прэтэнзіі на ўладу, як гэта часта здараецца з рэвалюцыянерамі і палітычнымі апанентамі, не за крымінальныя злачынствы ці якую яшчэ трасцу — а за тое, што ён быў Васілём Быкавым, чалавекам, які не мог маўчаць.
Хто яго ведае, як там насамрэч усё перажывалася ў душы творцы, але збоку падаецца, што менавіта выгнанне, немагчымасць суіснаваць са сваёй зямлёй тут і цяпер у рэшце рэшт і падкасілі пісьменніка, які памёр незадоўга пасля вяртання на радзіму.
Быкава выгналі за праўду — нязручную, непрыемную. А ўсё таму, што ён бачыў наскрозь гэтую прагнілую сістэму, якая дзеля свайго існавання гатовая прадацца прывіду імперыі і страціць незалежнасць:
«Калі б Беларусь была менавіта незалежная, няхай бы яна была бедная, неразвітая, адсталая ці слаба развітая – але калі б яна мела незалежнасць, усё астатняе прыклалася б. А пакуль што яна не Беларусь, яна проста ператвараецца ў чарговую губерню Расіі. Хіба не пра гэта сведчыць уся палітыка сучаснага беларускага рэжыму?»
Глядзіце таксама

Не трэба быць геніем, каб пабачыўшы на свае вочы сталінскія 1930-я, перажыўшы вайну і Чарнобыль, зразумець, хто такі Лукашэнка і куды ён вядзе краіну. Вайна навучыла Быкава глядзець праз прыцэл і бачыць ворага наскрозь. Вайна наогул шмат чаму яго навучыла — і гэта тыя ўрокі, якія не забываюцца.
Напрыклад, афарыстычнай стала назва аднаго з самых вядомых раманаў пісьменніка «Мёртвым не баліць». Сам сабой напрошваецца працяг «баліць жывым» — і менавіта гэты боль гнаў Быкава па старонках яго кніг, прымушаў выпісвацца, расказваць гісторыі, якія растлумачылі б чытачу, якую насамрэч пачвару спараджаюць тыя, хто вырашаюць пытанні гвалтам і зброяй, і наколькі крохкім і датклівым становіцца чалавечае аблічча перад тварам пагрозы.
Але пра гэта сказана і напісана шмат. Пра Быкава наогул паспрабуй скажы нешта новае — такі ўжо лёс «фамільнага срэбра» беларускай літаратуры. Той, хто ўзначальвае літаратурны Алімп (а ў выпадку з Васілём Быкавым гэта, несумненна, так — і заслужана), мімаволі прыцягвае да сябе ўсю ўвагу прыхільнікаў мастацкага слова.
Вайна, якую многія вучыліся забываць, Быкава адпускаць не збіралася. У некаторым сэнсе, усё, што адбывалася потым, было працягам франтавога жыцця, змаганнем за свабоду і справядлівасць, толькі ўжо не трэба было рабіць акопы, кідацца на танкі і страляць. Куляй стала слова, якое ў быкаўскай прозе трапнае, вострае і б'е ў самае сэрца. Слова-абвінавачанне, слова-абарона, слова-прысуд. Менавіта па гэтай схеме пабудаваныя ўсе яго творы. І калі сам пісьменнік нарадзіўся на фоне маляўнічых пейзажаў Паўночнай Беларусі, то сваіх герояў і чытачоў ён змясціў у дэкарацыі залы суда, дзе ідзе бясконцы працэс разбору чалавечай душы. Душы ў крытычных для яе абставінах, у якіх, згодна з Сартрам, яна і вымушаная праявіцца самым відавочным чынам: або герой, або здраднік; міласэрнасць ці помста; любоў і нянавісць.
Глядзіце таксама

І самым яркім, самым страшным такім «судом» з'яўляецца аповесць «Знак бяды», у якой галоўныя героі — не людзі абавязку і клятваў, не салдаты і не партызаны, а звычайныя сяляне, для якіх вайна страшная і аднолькава няміласцівая з усіх бакоў — і ад «сваіх», і ад «чужых». Ад звыклага свету каменя на камені не засталося, учарашнія суседзі ператварыліся ў драпежнікаў, ад якіх трэба ўцякаць, але ўцякаць няма куды — паўсюль вар'яцтва. Застаецца замерці і чакаць, заб'юць ці не, або ўдарыць першымі. Сцепаніда і Пятрок спрабуюць і тое, і другое, кожны па-рознаму, па-свойму. Па-свойму ж яны прыходзяць да фіналу. Нам паказваюць тое, што ў мірныя часы называлася б забойствам і давядзеннем да суіцыду, а ў часы вайны такіх назваў не мае — там людзі проста знікаюць пры розных абставінах, якім ніхто не надае ўвагі. І толькі пісьменнік спыніцца, каб паказаць нам дэтальна трагедыю няўдалага самавыратавання або ўдалага самаспалення.
Быкаў лічыў, што чалавек адрозніваецца ад жывёлы здольнасцю распараджацца ўласным жыццём. І ў гэтым сэнсе тыя яго героі, якія адкрыта ідуць на смерць дзеля розных мэт, ёсць увасабленнем чалавечнасці — такой, якой яна толькі і можа быць у перакуленым свеце.
Жан-Поль Сартр праз гэты выбар вызначаў свабоду — калі над чалавекам не мае ўлады нават страх смерці. Калі смерць становіцца таксама выбарам. Гэта і ёсць найвышэйшая ступень свабоды, той самай свабоды, за якую ўсё жыццё змагаўся Васіль Быкаў — свабоды быць і сысці там і тады, дзе і калі выбраў ты сам, а не вырашылі за цябе. Свабоды, якой яму ўдалося ўдыхнуць перад тым, як паставіць кропку.
І ўжо зусім не метафарычны, а цалкам сабе рэальны суд бачыць чытач у прыпавесці «Жоўты пясочак» — а дакладней, ужо вырак, яго выкананне. Гэта адзін з тых твораў, які расказвае не толькі пра ворагаў-«чужых», але і пра ворагаў-«сваіх» — сталінскіх катаў, якім для расстрэлу людзей шмат не трэба было. Перад тварам смерці героі Быкава паводзяць сябе абсалютна па-рознаму: хтосьці спрабуе гандлявацца, як былы чэкіст, хтосьці, як літаратар, адмаўляецца ад уласных вершаў... Але ўсе яны маюць нешта агульнае: адсутнасць будучыні. І гэта той вырак, які між радкоў выносіць сам аўтар — ім, нам, нашым нашчадкам, якіх чакае сваё кола гісторыі і свае нявывучаныя ўрокі, — чалавек губіць сябе сам, і толькі ў яго ўладзе іншы выбар. І выбар гэты вызначае ўсё астатняе.