Быкаў-Надсан. Да стагодзьдзя Васіля Быкава

Васіль Быкаў і Аляксандар Надсан былі амаль аднагодкамі: айцец Аляксандар быў на два гады маладзейшы. Абодва мэтры беларускага слова. Волаты беларушчыны. Маральныя аўтарытэты нацыі. Знаёмыя. Адзін савецкі беларус, другі — закардонны. 

3b672f57715c9045f93145b8e6c5400c.jpg

У інтэрвію, публікацыях айцец Аляксандар з пашанай згадваў Васіля Быкава, ставіўшы яго ў адзін шэраг з Купалам, Коласам і Багдановічам. У інтэрвію, якія даваў Васіль Быкаў, імя Аляксандра Надсана ўсплывала выключна, як прыклад годнасьці і руплівасьці. У гутарцы зь Юрасём Залоскам Народны пісьменьнік не аднойчы з сантымэнтам згадваў айца Надсана, у прыватнасьці прыкрую гісторыю цкаваньня ў беларускай прэсе айца, калі ён прывозіў лекі пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі.

Вядома, што аднойчы Васіль Быкаў наведаў лёнданскую Скарынаўку — у траўні 1986 году. Праўда, у адным інтэрвію сам айцец Аляксандар наблытаў гады і казаў, што В. Быкаў быў у Скарынаўцы ў 1985 годзе. Але ў дэдыкацыях пісьменьнікам кнігаў Скарынаўцы стаіць 1986 год.

У інтэрвію Кастусю Лашкевічу айцец Аляксандар больш падрабязьней распавёў пра сустрэчу з В. Быкавым: 

«У 1985-м (дакладней у 1986) да нас завітаў Васіль Быкаў. Яго накіравалі ў Лёндан на нейкую канфэрэнцыю з палітычным ухілам. Дык ён зьбег адтуль і з ангельцам прыехаў да нас. Потым распавядаў, што на канфэрэнцыі поўная нуда ды яшчэ па-ангельску. Агледзеў наш збор. Вельмі прыемна правялі дзень. Калі я бываў у Менску, заўсёды да яго заязджаў, прывозіў лекі ад астмы. Гэта быў вельмі цікавы чалавек. Сам з Віцебшчыны, больш за 10 год служыў у савецкай арміі, перажыў русіфікацыю, але застаўся беларусам! Ён распавядаў мне, што не давяраў расейскім перакладнікам, таму ўсе свае творы перакладаў сам. Поўная павага да яго». 

У Менску В. Быкаў і А. Надсан сустракаліся ня толькі прыватна, але і публічна — напрыклад, падчас заснаваньня і дзейнасьці «Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэньня “САКАВІК”».

Зрэшты, у Скарынаўцы ў архіве а. Аляксандра захоўваецца адзіны афіцыйны ліст 1993 году ад Васіля Быкава, на той момант прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру, айцу Аляксандру — паведамленьне аб прызнаньні Аляксандра Надсана правамоцным сябрам ПЭН-цэнтру. 

list_bykava_nadsanu_1993.jpg

Пазьней, ужо пасьля сьмерці В. Быкава, айцец Аляксандар, выдатны знаўца беларускай літаратуры ды творчасьці В. Быкава ў прыватнасьці, не аднойчы ў сваіх велікодных пасланьнях будзе цытаваць Народнага пісьменьніка ў разважаньні пра палон і лютаваньне цемры на радзіме ў 2006: 

«Адзін з герояў аповесьці Васіля Быкава так казаў пра палон: "У палоне чалавек губляе ўсё, што азначала жыцьцё. Застаецца адно толькі пры ім — яго душа, як у Ісуса"». 

А ў сьвяточным казаньні 2007 году а. Аляксандар зноў спасылаўся на тэкст В. Быкава, каб праілюстраваць сілу аднаўленьня чалавека і ўпэўненасьць апошняй мэты беларуса:

«Герой аповесьці Васіля Быкава “Трэцяя ракета”, адзіны беларус у невялікай шматнацыянальнай вайсковай адзінцы, успамінаючы сваю далёкую бацькаўшчыну, разважаў: “І ў гэтым невялічкім разьліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я — беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы ня так якое рускае слова, чую ад Задарожнага абразьлівае “трапка”, — хай сабе не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсьць у мяне свая вартасьць, і ён, як бы ні хацеў, ня можа абразіць мяне”».

Пасланьні Быкава, агучаныя ў казаньнях айцом Аляксандрам, сяньня як ніколі актуальныя, сэнсоўныя, бо падзеі 2020 году і шлейф, які цягнецца ад іх да сяньня так выразна выявілі гэты маўклівы і стрыманы гонар беларушчыны…