Ваеннымі дарогамі Васіля Быкава: дзе ваяваў клясык
У дзень сьмерці волата беларускае літаратуры кінем погляд на месцы і падзеі, якія непасрэдна сталі прычынай разгараньня яго пісьменьніцкага генія. Дзе служыў Васіль Быкаў?
Вайна сустрэла Васіля Быкава, як і шматлікіх сучасных беларусаў у новую вайну, ва Ўкраіне, дзе ён зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка Сумскай вобласьці. Малады хлопец быў мабілізаваны на абарончыя працы. У якасьці байца інжынэрнага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа.
Зімой 1941 – 1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў Аткарску Саратаўскай вобласьці Расеі, дзе навучаўся ў чыгуначнай школе. У жніўні 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію Аткарскім РВК, скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. З 80 чалавек яго выпуску ацалела толькі чацьвёра.
Паглядзім на падзеі 399 стралковага палка 111 стралковай дывізіі, дзе пачаў служыць Васіль Быкаў у жніўні 1942 года.
Апэратыўная зводка за 22 жніўня 1942, да 15 гадзіны дня
Праціўнік абараняе рубеж: Губіна, Дуракова, Марцюкова, Мурылёва, Гарадзяніна, Горбава.
Напрацягу начы і першай паловы дня вёў кулямётны, мінамётны і артылерыйскі агонь.
У ноч з 21 на 22 жніўня было заўважанае падцягваньне пяхоты да 30 жаўнераў у раён Марцюкава.
111 Стралковая дывізія (у якой і служыў Васіль Быкаў) абараняе рубеж Бурукава, Ханіна, Падсасеньне, Горы-Казекі, Борнікава. Напрацягу начы ўзмацняла абарончы рубеж.
468 Стралковы полк абараняе мінулы рубеж. Баявая зброя 150-200 мэтраў на поўдзень Ханіна. Полк напрацягу начы ўзмацняў свой абарончы рубеж. Страты: забіты 1, паранены 1.
399 Стралковы полк (полк Быкава ў складзе 111 дывізіі) абараняе мінулы рубеж. Полк напрацягу начы ўзмацняў свой абарончы рубеж.
Полк стратаў ня меў.
532 Стралковы полк абараняе мінулы рубеж. Баявая зброя 150-200 мэтраў на поўнач Марцюкова, паўночным захадзе Мурылёва і поўначы Гарадзяніна. Полк напрацягу начы ўзмацняў свой абарончы рубеж. Вёў артылерыйскі, кулямётны агонь па знойдзеных цэлях. Стратаў ня мае.
Артылерыя вяла агонь па знойдзеных цэлях праціўніка. Сувязь з часткамі ранейшая.
Кароткі баявы шлях дывізіі Быкава
Са жніўня 1942 года па канец сакавіка 1944 года маем наступны дакумэнт:
111 Стралковая дывізія сфармаваная на базе 50 Асобнай стралковай брыгады 16 ліпеня 1942 года ў горадзе Бежэцк Калінінскай вобласьці і ўваходзіла ў склад 2-й рэзэрвовай арміі.
30 ліпеня 1942 года ў складзе 30-й арміі Калінінскага фронту дывізія ўвайшла ў бой ля горада Ржэў і да 4 жніўня 1942 года прарвала абарону праціўніка, завалодала ўмацаваным апорным пунктам ля Ржэва – населеным пунктам Горы-Казекі і ў наступных баях завалодала населенымі пунктамі: Мурылёва, Марцюкова, Добрае, домам адпачынку імя Сямашкі і выйшла на паўночны бераг ракі Волга.
26 верасьня 1942 года дывізія перайшла ў аператыўнае падпарадкаваньне 39 арміі і рашучым ударам разам з часткамі арміі прарвала абарону праціўніка і заняла населеныя пункты: Кордкіна, Губіна, Дуракова, Пачынкі і зноў выйшла на паўночны бераг ракі Волга, чым цалкам ліквідаваная заволжская групоўка праціўніка.
За пасьпяховае выкананьне заданьня дывізія атрымала падзяку ад Ваеннага савета арміі і фронта.
30 верасьня 1942 года дывізія перайшла ў склад 61 арміі Заходняга фронта і заняла абарону ў раёне фартэцыі Белеў.
8 студзеня 1943 года дывізія перадыслякавалася ў раён Багучарава і ўвайшла ў склад 3 танкавай арміі. Ва ўпартых зімовых наступальных баях з 8 студзеня па 2 сакавіка 1943 года дывізія прайшла з баямі ад Дона да Харкава, вызваліла больш 300 населеных пунктаў.
З сакавіка па 12 ліпеня 1943 года дывізія пасьля выйсьця з баёў зноў сфармавалася ў горадзе Больша-Троіцкае Курскай вобласьці ў складзе 69 арміі Варонежскага фронту.
З ліпеня па кастрычнік 1943 года дывізія ўдзельнічала ў баях на Белгарадзкім, Харкаўскім і Крэменчугскім кірунках у складзе 7 гвардзейскай арміі Стэпнага фронта, вызваліла каля 800 населеных пунктаў.
З 1 кастрычніка па 26 кастрычніка 1943 года дывізія зноў фармавалася ў сяле Востравярхоўка Харкаўскай вобласьці ў складзе 69 арміі 2 Украінскага фронта.
У лістападзе 1943 года дывізія была перададзеная ў 5 гвардзейскую армію, у складзе якой уступіла ў баявыя дзеяньні ў раёне горада Аляксандрыя, вызваліла гарады Аляксандрыя, Кіраваград, Знаменка і шэраг іншых населеных пунктаў.
За вызваленьне горада Аляксандрыя дывізіі прысвоенае найменьне Аляксандрыйскай.
З сакавіка 1944 года дывізія вядзе баявыя дзеяньні ў складзе 53 арміі 2 Украінскага фронта.
Увосень 1943 года Быкаву прысвоенае званьне малодшага лейтэнанта.
Памылковая «сьмерць» Васіля Быкава
Падчас Кіраваградзкай апэрацыі малады хлопец быў паранены ў нагу і жывот, памылкова запісаны загінулым. Падзеі пасьля раненьня сталі асновай аповесьці «Мёртвым не баліць».
Бацькі Васіля Быкава атрымалі паведамленьне, што сын гераічна загінуў у баях з нямецкімі захопнікамі каля Кіраваграда, а яго імя было напісанае на агульным абэліску. Уявіце стан бацькоў пры першым паведамленьні і праз некаторы час, калі іх сын раптоўна «ўваскрос».
У пачатку 1944 года Васіль Быкаў тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі. Мы знайшлі дакумэнты таго часу, у якіх і пазначаныя трагічныя, але дзякуй Богу не фатальныя падзеі для хлопца з Ушаччыны.
Ад 7 сакавіка 1944 года датуецца Загад пад грыфам «таемна» Галоўнага ўпраўленьня кадраў Народнага камісарыяту абароны СССР за №0736/пог.
Ніжэйпайменны афіцэрскі склад, які загінуў у баях супраць нямецка-фашысцкіх войскаў, выключаецца са сьпісаў Чырвонай Арміі – Віцебскі Аблваенкамат пад нумарам 6:
Лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч – камандзір узвода 399 стралковага палка 111 стралковай дывізіі.
Загінуў 10 студзеня 1944 года.
Нарадзіўся 1924 года, сябра ВЛКСМ.
Бацька Быкаў Уладзімер Фёдаравіч
Пражывае – Ушацкі раён, вёска Бычкі.
Мы даведваемся таксама падрабязкі, якія безумоўна не маглі не адбіцца на здароўі бацькоў пісьменьніка:
Першаснае месца пахаваньня: Украінская ССР, Кіраваградзкая вобласьць, Кіраваградзкі р-н, с. Вялікая Севярынка, плошча цэнтра сяла.
Але Васіль Быкаў выжыў і ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай апэрацыі, вызваленьні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Вугоршчыну, Югаславію, Аўстрыю — старэйшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі.
Узнагароды ў вайну
Васіль Быкаў атрымаў дзьве афіцыйныя ўзнагароды за час Другой сусьветнай вайны.
9 траўня 1945 года будучы пісьменьнік стаў носьбітам мэдаля «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.»
А 24 траўня 1945 года ён атрымаў Ордэн Чырвонай Зоркі.
Таемна. Загад №08/н па 10 Асобнай Зьнішчальнай Супрацьтанкавай Артылерыйскай Крыварожскай ордэна Кутузава другой ступені брыгадзе РГК падпісаны камандзірам брыгады палкоўнікам Мількоўскім і кіраўніком штаба брыгады Вайтэнка.
Загад №08/н па 10 Асобнай Зьнішчальнай Супрацьтанкавай Артылерыйскай Крыварожскай ордэна Кутузава другой ступені брыгадзе
Ад імя Прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР, за выдатнае выкананьне баявых заданьняў Камандаваньня на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесьць і мужнасьць – Узнагароджваю:
Лейтэнанта Быкава Васіля Ўладзімеравіча, камандзіра ўзвода 1245 Зьнішчальнага Супрацьтанкавага Артылерыйскага палка.
У апісаньні падставаў узнагароджаньня цікавым і шматзначным падаецца пункт №5: нацыянальнасьць. Сінім па белым пісар прапісаў: расеец. Таксама з дакумэнта даведваемся, што Васіль Быкаў да гэтага моманту тры разы быў паранены.
Глядзіце таксама
Афіцыйнае апісаньне подзьвіга будучага пісьменьніка:
У баі пад вёскай Кюнгеш 23 сакавіка 1945 года тав. Быкаў праявіў сябе сьмелым і мужным афіцэрам.
Праціўнік, абкружаны ў гэтым раёне спрабаваў выйсьці з боем з акружэньня. Узвод лейтэнанта Быкава прыняў бой.
Выкаціў зброю на 400-500 мэтраў да дарогі, пачаў весьці агонь па мотакалёне, якая адступала.
У выніку боя ўзвод тав. Быкава спаліў адзін бронетранспартэр і тры аўтамашыны праціўніка.
Тав. Быкаў дастойны ўзнагароджаньня ордэнам Чырвонай Зоркі.
15 траўня 1945 года
Камандзір палка палкоўнік Парамонаў.
Афіцыйнае апісаньне подзьвіга будучага пісьменьніка
Можам паглядзець і на больш поўную карціну баявога падразьдзяленьня Васіля Быкава ў сакавіку 1945 года з Справаздачы аб дзейнасьці 1245 Зьнішчальнага Супрацьтанкавага Артылерыйскага палка і таксама з Матэрыялаў па асобных асабліва жорсткіх баявых апэрацыях 1245 Зьнішчальнага Супрацьтанкавага Артылерыйскага палка.
У ноч на 23 сакавіка 1945 года (перыяд подзьвіга Васіля Быкава) полк заняў супрацьтанкавую абарону ў раёне Кюнгеш, дзе другая батарэя вяла агонь па матакалёне, якая адыходзіла, у выніку боя батарэя зьнішчыла адзін танк Т-4, бронетранспартэр і разьбіла 3 аўтамашыны суперніка.
23 сакавіка 1945 года на падставе баявога распараджэньня №20 полк выйшаў са складу 236 СД 33 СК і засяродзіўся на паўночна-заходніх ваколіцах Балатонфекэяр для наступных дзеяньняў.
Дакумэнты вайсковай часткі Васіля Быкава
За сакавік 1945 года палком зьнішчана жывой сілы і тэхнікі праціўніка:
Танкаў Т-4 – 2 шт
Сярэдніх танкаў – 2 шт
Бронетранстпартэраў – 2 шт
Разьбіта аўтамашынаў – 4 шт
Разьбіта павозак – 3 шт
Зьнішчана жывой сілы суперніка звыш батальёна пяхоты.
Беларускі хлопец Васіль выжыў у вайне
За кожным радком — страшэнныя эпізоды, страшэнныя імгненьні вайны, дзе кожная хвіліна магла стаць апошняй для цябе і для твайго суседа. Васіль Быкаў здолеў застацца ў жывых, а колькі не змаглі. Праз усю сваю творчасьць пісьменьнік імкнуўся давесьці пачварнасьць самога факту ваенных дзеяньняў і злачынных загадаў альбо ганебных учынкаў. Кожны чалавек праз кожны дзень ці хвіліны мусіць рабіць выбар. Маральны і часам несьвядомы. Вайна — гэта жах, трэба не забываць.
Васіль Быкаў пасьля сканчэньня вайны крыху адпачыў на цывільнай працы, і з 1949 па 1955 год зноў служыў у арміі, адкуль звольніўся ў запас у званьні маёра.