«Ва ўяўленні беларускіх генералаў найлепшы спосаб не справакаваць правакацыі — пагрымець танкамі на мяжы»

Раптоўная праверка войскаў на самай мяжы з Украінай не можа не выклікаць неўразуменне, піша ТГ-канал «Лісты да дачкі». Ці ж беларускія генералы забылі, што адтуль можа «прыляцець» — і зусім не вербальна?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Здаецца, беларускія генералы захацелі сабе ў жыцці вострых адчуванняў. Я нават не ведаю, навошта беларускім генералам гэта трэба, але ўчора Міністэрства абароны абвясціла аб пачатку інтэрвенцыі ў бок мяжы з Украінай.

І заўважце, не якой-небудзь вербальнай інтэрвенцыі, як яны звычайна гэта робяць. А нармальнай такой інтэрвенцыі з артылерыяй, сіламі спецыяльных аперацыяй і ракетнымі войскамі. Ну, прынамсі, яны паабяцалі ўсё гэта перанесці бліжэй да Украіны ў рамках раптоўнай праверкі боегатоўнасці войскаў. Праўда, я нешта не бачыў, каб што-небудзь перамясцілі. Так што пакуль інтэрвенцыя атрымліваецца ўсё-ткі трошкі вербальная.


Глядзіце таксама

Але, я думаю, абавязкова перамесцяць. Усё-ткі беларускія генералы ніколі не вагаліся з інтэрвенцыямі на беларускую тэрыторыю. Калі не лічыць вербальных, то інтэрвенцыі супраць бяззбройнага беларускага насельніцтва — гэта адзіны від інтэрвенцый, на які беларускія генералы здольныя. Таму што чужое ўзброенае насельніцтва можа балюча адказаць. Так балюча, што не схаваешся нават у спецыяльным генеральскім бункеры.

А інтэрвенцыі на беларускай тэрыторыі для беларускіх генералаў — спосаб падняць сваю геапалітычную самаацэнку. І зрабіць уражанне.

Вось гэтым разам генерал Хрэнін вырашыў зрабіць уражанне на ўкраінскіх калег. Можа быць, яшчэ трошкі на польскіх. І на NATO. Абавязкова трэба зрабіць уражанне на NATO. Беларускія генералы любяць рабіць уражанне на NATO. Асабліва пакуль NATO не звяртае на іх увагі.

Таму праверку боегатоўнасці генерал Хрэнін абвясціў на наступны дзень пасля таго, як Памежны камітэт заўважыў правакацыі па ўкраінскім баку мяжы. Ну, вы ў курсе, з украінскага боку беларускіх генералаў пастаянна правакуюць. Як пачалі правакаваць у 2022-м сакрэтнымі мапамі, адкуль рыхтаваўся напад, дык правакуюць дагэтуль. То капаюць наступальныя равы, то рыхтуюцца да інтэрвенцыі міннымі палямі. Вось гэтым разам генералы вырашылі, што іх хочуць справакаваць цяжкай замежнай тэхнікай.


Глядзіце таксама

Мабыць, ва ўяўленні беларускіх генералаў найлепшы спосаб не справакаваць правакацыі — пагрымець танкамі на мяжы. І я, вядома, не разбіраюся ў стратэгіях і тактыках, але мне здаецца, што спосаб трошкі сумнеўны.

Я разумею, на што генералы разлічваюць. Генералы разлічваюць, што, як раней іх ніхто не прымаў сур'ёзна, так і цяпер не звернуць увагі. Што, з аднаго боку, яны будуць мець вельмі баявы выгляд у тэлевізары. А з іншага боку, захаванасцю фізічнай цэласнасці генеральскіх арганізмаў рызыкаваць не трэба.

Але ёсць нюанс. Гармата — яна ж, як вядома, дурная. І, калі шмат гармат аказваюцца ў непасрэднай блізкасці адна ад адной, паміж імі можа ўспыхнуць раптоўная непрыязнасць — незалежна ад жаданняў беларускіх генералаў. А, у адрозненне ад беларускіх генералаў, генералы з іншага боку мяжы вучыліся ваяваць не ў тэлевізары.