«Лялька Пуціна» ці «голуб міру»? У якую гульню гуляе Лукашэнка
Арганізаваны Украінай «Саміт міру» прайшоў, але яго вынікі будуць бачныя толькі зараз — па тым, як будзе сябе паводзіць прапаганда.
Беларусь, як і Расію, не запрасілі на «Саміт міру» ў Швейцарыі. Але афіцыйны Мінск удзельнічаў у дыпламатычнай гульні вакол гэтага форуму. Прычым гуляў не ў сваю, а ў чужую гульню. Яе вяла Масква.
Вакол «Саміту міру», які адбыўся ў Швейцарыі 15-16 чэрвеня, ішла актыўная дыпламатычная барацьба. Украіна і Захад імкнуліся стварыць з дапамогай гэтага форуму нейкую вельмі нефармальную праўкраінскую і антырасійскую кааліцыю. «Формула міру» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага павінна была стаць палітычнай асновай выніковага дакумента саміту. Гэтая формула прадугледжвае вывад расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і вяртанне да межаў 1991 года, піша Валерый Карбалевіч на «Позірку».
З-пад сукна вынялі «Стамбульскія пагадненні»
Расія спрабавала актыўна процідзейнічаць правядзенню саміту ці хаця б мінімізаваць яго эфект. Для вырашэння гэтай задачы быў падключаны афіцыйны Мінск. Беларусь, як і Расію, не запрасілі на форум.
Беларуская прапаганда з гэтай нагоды моцна абуралася. Маўляў, Аляксандр Лукашэнка так шмат гаворыць пра мір, заклікае да перамоваў, нават прэтэндуе на статус пасярэдніка, а Мінск пакінулі ў баку ад такога мерапрыемства.
Два месяцы таму Масква зрабіла «ход Лукашэнкі». «Малодшага брата» запрасілі ў Крэмль, каб з яго дапамогай агучыць новую ініцыятыву, паказаць такі своеасаблівы пернік Украіне і Захаду. 11 красавіка Крэмль вуснамі Лукашэнкі прапанаваў праціўнікам вярнуцца да «Стамбульскіх пагадненняў». Яны нібыта былі парафіраваныя Расіяй і Украінай у сакавіку 2022 года.
Згодна з імі, Украіна адмаўляецца ўступаць у NATO і фіксуе свой нейтральны статус. Але галоўная расійская прынада была складзеная ў тэрытарыяльным пытанні. Расія прапаноўвала, каб Кіеў прызнаў Крым расійскім, а так званыя «ДНР» і «ЛНР» — незалежнымі дзяржавамі (на той момант гэтыя два ўтварэнні мелі менавіта такі статус).
Лёс астатніх тэрыторый, захопленых Расіяй падчас вайны, у такім выпадку падвісае, застаецца прадметам перамоваў. То-бок, гэта быў намёк, што Расія гатовая вярнуцца да тэрытарыяльнай сітуацыі на 23 лютага 2022 года, да пачатку расійскай агрэсіі.
Гэтую прынаду прапанавалі не столькі нават Украіне, колькі Захаду, які аказаўся на скрыжаванні перад прыняццем важных стратэгічных рашэнняў адносна далейшай падтрымкі Кіева. Фактычны статус-кво, які быў перад пачаткам вайны, паводле гэтай задумы, павінен быў ператварыцца ў юрыдычны (Украіна губляе Крым і Данбас).
Гэтая расійская «формула міру» — хай у схаванай, завуаляванай форме, паўнамёкам — і была прапанаваная ў Крамлі 11 красавіка. Паводле логікі Масквы, Захад быў гатовы яе прыняць, націснуць на Кіеў і такім чынам скончыць вайну. Гэта быў такі хітры ход, каб сарваць канферэнцыю ў Швейцарыі.
Акрамя таго, апошнім часам Крэмль неафіцыйна прапаноўваў спыніць вайну, захоўваючы цяперашнюю лінію фронту, і пачаць перамовы. Гэтую прапанову Лукашэнка неаднаразова паўтараў, выкладаючы расійскую пазіцыю.
Паказальна, што ідэю вяртання да «Стамбульскіх пагадненняў» агучыў менавіта ён. Уладзімір Пуцін толькі ківаў галавой. У гэтым падвойны сімвалізм. З аднаго боку, прысутнасць кіраўніка іншай дзяржавы быццам бы ўзмацняла значэнне гэтай прапановы Крамля. У выпадку чаго можна лёгка ад гэтай прапановы адмовіцца. Маўляў, а хто выступіў з такім дыпламатычным жэстам? Лукашэнка? Дык які з яго попыт?
Крэмль раптам зрабіў новы ход
Уласна кажучы, менавіта гэта і адбылося. Перад самітам расійскі кіраўнік зрабіў заяву, у якой выклаў свае ўмовы міру. Яго пазіцыя стала больш жорсткай. Цяпер пра вяртанне да «Стамбульскіх пагадненняў» ужо і гаворкі няма.
Пуцін абвясціў новыя папярэднія ўмовы Масквы для пачатку мірных перамоваў: вывад украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, нейтральны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя».
Фактычна крамлёўскі правадыр выставіў ультыматум, згодна з якім мір магчымы толькі пры ўмове поўнай капітуляцыі Украіны і Захаду. І ніякіх кампрамісаў. Калі прапанова спыніць вайну на цяперашняй лініі фронту і пачаць перамовы магла быць падтрыманая некаторымі заходнімі палітыкамі, то патрабаванне поўнай і безумоўнай капітуляцыі праціўніка наўрад ці атрымае падтрымку нават з боку патэнцыйных саюзнікаў РФ.
Гэта значыць Пуцін цалкам дэзавуяваў красавіцкую заяву Лукашэнкі, зрабіў яго тагачасныя тэзісы палітычна нікчэмнымі. І тым самым паставіў беларускага кіраўніка ў няёмкае становішча. Масква выкарыстала яго, каб зрабіць ілжывы ход. І моцна дэвальвавала яго рыторыку, што і без таго не вельмі высока ацэньваецца.
«Лялька Пуціна ў Беларусі»
Ці разумеў сам Лукашэнка, што гуляе ў хітрую крамлёўскую дыпламатычную гульню? Або яго выкарыстоўвалі наўздагад?
Па вялікім рахунку, гэта не мае значэння. Думаю, ён нават ганарыцца гэтым. Маўляў, няважна ў якой якасці, затое ён у гульні. Гэта самае галоўнае. Ён — неабходная фігура на гэтай шахматнай дошцы, хай і не вельмі важная. Ці, гаворачы па-іншаму, кіраўнік Беларусі сыграў чужымі (расійскімі) картамі.
Паказальна, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, выступаючы на саміце, назваў Лукашэнку «лялькай Пуціна ў Беларусі».
Што ў сухім астатку ад самога швейцарскага форуму? Яго выніковы дакумент змяшчае шэраг праўкраінскіх і антырасійскіх тэзісаў:
- нагадвае пра рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, якія асуджаюць расійскую агрэсію;
- пацвярджае прыхільнасць прынцыпам абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці любой дзяржавы, у тым ліку Украіны, у міжнародна прызнаных межах;
- падкрэслівае, што Запарожская АЭС павінна знаходзіцца пад поўным суверэнным кантролем Украіны (цяпер яна захопленая Расіяй);
- гаворыць пра недапушчальнасць пагроз прымянення ядзернай зброі ў кантэксце вайны супраць Украіны (такія пагрозы неаднаразова выказваліся афіцыйнымі асобамі Расіі і Беларусі);
- настойвае на тым, каб усе дэпартаваныя і незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці, а таксама ўсе іншыя грамадзянскія асобы Украіны, якія былі незаконна затрыманыя, былі вернутыя ва Украіну. (Гэты пункт, асабліва тое, што тычыцца дзяцей, мае непасрэднае дачыненне да Беларусі.)
Сёння гэта максімум, чаго можна было дамагчыся ад саміту. Цяпер пачынаецца палітыка-дыпламатычная барацьба за інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Прапаганда ў Расіі і Беларусі паўтарае пра правал мерапрыемства. Украіна і Захад ацэньваюць яго як адносны поспех. Ну а Лукашэнка, трэба думаць, пры выпадку зноў выступіць у ролі рупара Крамля.