На што здольная беларуская армія?
Імавернасць таго, што Лукашэнка ўсё-ткі адправіць вайскоўцаў ваяваць на баку Расіі супраць Украіны, не нулявая. І, нягледзячы на адсутнасць баявога досведу, украінцы не рызыкуюць недаацэньваць паўночны фланг.
Пагроза прамога ўступлення Узброеных сіл Беларусі ў вайну на баку расійцаў навісае над поўначчу Украіны з 24 лютага 2022 года. Як і магчымасць паўторнай наземнай атакі на Кіеў, гэта адзін са сцэнарыяў, які ўкраінскае войска вымушанае ўвесь час улічваць.
У медыяпрасторы тэма «беларускай пагрозы» актуалізуецца з пэўнай перыядычнасцю і прывязкай да падзей — накшталт стварэння сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі з Расіяй восенню 2022 года, вайсковых вучэнняў або перасоўванняў войскаў, а таксама праз заявы Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён мяняе танальнасць ад «голуба міру» да «ястраба вайны», піша «Бі-бі-сі».
Тым часам беларуская прапаганда спрабуе прасоўваць вобраз «магутных Узброеных сіл Беларусі», гатовых ваяваць ледзь не з усім усходнім флангам NATO і прабівацца праз Сувалкскі калідор. Гэта выклікае як мінімум скепсіс адносна ваяўнічасці арміі без баявога досведу.
«Беларусь — закрытая краіна. І па іх відэа цяжка ацаніць рэальную баяздольнасць арміі. Але гісторыя паказвае, што перамяншэнне ўзроўню суперніка нясе пагрозу. Трэба заўсёды зыходзіць з таго, што ён можа быць значна мацнейшым, чым здаецца», — папярэджвае галоўны рэдактар «Défense Express» Алег Каткоў у размове з украінскай службай «Бі-бі-сі».
Што ж уяўляе сабой сёння войска Беларусі, якое за апошнія два гады атрымала ад Расіі комплексы С-400 і «Іскандэр-М», а таксама, імаверна, тактычную ядзерную зброю?
Гісторыя Узброеных сіл Беларусі
Сучасныя Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь — спадчыннік Беларускай ваеннай акругі СССР.
Як адзін з заходніх фарпостаў Савецкай арміі часоў Халоднай вайны, гэта было магутнае фарміраванне, якое на канец 1980-х уключала больш за 200 тысяч чалавек.
У яго ўваходзілі дзве танкавыя, адна агульнавайсковая і адна паветраная арміі, а таксама шматлікія сухапутныя дывізіі, уключаючы артылерыйскія і ракетныя часткі і брыгады дэсантнікаў і спецназаўцаў.
Таксама ў Беларусь у розны час выводзілі частку падраздзяленняў групы савецкіх войскаў з Усходняй Германіі — напрыклад, 6-ю гвардзейскую танкавую дывізію.
Таму з распадам СССР новаствораная беларуская армія атрымала вялікую спадчыну савецкай тэхнікі і ўзбраенняў, якое паспяхова экспартавала на працягу 1990-х і 2000-х гадоў — аналагічна таму, як гэта рабіла і Украіна.
Частка ж танкаў, БМП, БТР, САУ і іншай тэхнікі, якая не была распрададзеная, стала асновай механізаваных і артылерыйскіх частак незалежнай Беларусі або была закансерваваная.
Колькасць байцоў арміі Беларусі
У параўнанні з вялізнай 200-тысячнай Беларускай вайсковай акругай СССР, цяперашні памер войска Беларусі характарызуюць як «кампактны».
На прэс-канферэнцыі ў 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ва ўмовах мірнага часу беларускае войска налічвае 75 тысяч чалавек.
Аднак у 2022 годзе брытанскі «Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў» (IISS) ацэньваў колькасць беларускіх вайскоўцаў у баявых падраздзяленнях у 48 тысяч байцоў.
Разам з грамадзянскімі пасадамі (медыкі, кіроўцы, работнікі кухні) памер Узброеных сіл Беларусі сапраўды можа дасягаць 70-75 тысяч.
Паводле слоў міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна ў тым жа 2022 годзе, 60% яго арміі — «кантрактнікі». Гэта значыць, частка тэрміновай службы застаецца досыць вялікай.
За два гады колькасць асабістага саставу наўрад ці магла адчувальна вырасці — незалежныя маніторынгавыя групы нарошчвання сіл не фіксавалі, а сам Аляксандр Лукашэнка рэгулярна запэўнівае, што праводзіць мабілізацыю не збіраецца.
У той жа час гэта не перашкодзіла яму на згаданай леташняй прэс-канферэнцыі прыстрашыць, што ва ўмовах вайны Беларусь зможа нарасціць колькасць свайго войска да паўмільёна.
Паводле ацэнак «Зеркало», нават з улікам рэзервістаў і іншых сілавікоў (міліцыі), выйсці на 500 тысяч «штыкоў» для Узброеных сіл выглядае нерэалістычнай задачай — як з пункту гледжання забеспячэння такой колькасці зброяй і тэхнікай, так і з пункту гледжання таго, ці вытрымае гэта эканоміка краіны.
Боегатоўнасць нават наяўных 50 тысяч вайскоўцаў многімі аглядальнікамі ацэньваецца скептычна — ніхто з іх не ўдзельнічаў у рэальных баявых дзеяннях (нават у якасці міратворцаў).
У студзені 2022 года пасля беспарадкаў у Казахстане «беларуская батальённа-тактычная група» вылецела туды ў рамках аперацыі АДКБ для патрулявання некалькіх аб'ектаў.
Але і тады ні ў якіх баявых сутыкненнях беларускія вайскоўцы ўдзелу не прымалі, а самай вялікай цяжкасцю адзін з удзельнікаў назваў вецер у стэпе.
Таксама вядома, што беларускія ўлады прыцягвалі вайскоўцаў (у прыватнасці, 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння) да падаўлення пратэстаў у Мінску ў 2020 годзе. Але гэта нельга лічыць баявым досведам.
Асноўная ж актыўнасць арміі — гэта ўдзел у вучэннях кшталту «танкавага біятлона» ў Расіі або нядаўнія авіяцыйныя вучэнні з тымі ж расійцамі.
Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага ў складзе УСУ Дзяніс «Кот» Прохараў лічыць, што рэальна да баявых дзеянняў гатовыя каля 5 тысяч вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь.
Аднак нават нягледзячы на агульныя скептычныя ацэнкі па колькасці і боегатоўнасці, Узброеныя сілы Беларусі — гэта рэгулярнае войска, якое мае сваю структуру і розныя віды цяжкага ўзбраення.
Структура беларускага войска
Аснова цяперашняй беларускай арміі — чатыры механізаваныя брыгады, дзве брыгады дэсантнікаў, а таксама сілы спецаперацый (ССА).
Менавіта дэсантнікаў і спецназаўцаў праўладныя медыя часцей за ўсё паказваюць у прапагандысцкіх роліках, якія павінны сімвалізаваць сілу і боегатоўнасць арміі.
Тыповыя відэа пра беларускіх дэсантнікаў мала змяніліся з 1990-х — часта на іх паказваюць разбіванне цвёрдых прадметаў аб галаву пад музыку ці акрабатычныя фігуры са сцягамі.
Акрамя таго, Узброеныя сілы Беларусі маюць адчувальную артылерыйскую і ракетную кампаненту: дзве артылерыйскія брыгады, чатыры зенітныя ракетныя брыгады і тры зенітныя ракетныя палкі, адна ракетная і адна рэактыўна-артылерыйская брыгада.
Авіяцыя сканцэнтравана на трох галоўных авіябазах (Баранавічы, Ліда і Мачулішчы) і аб'яднаная ў адну структуру з СПА, зенітнымі ракетнымі і радыётэхнічнымі войскамі.
Ёсць яшчэ транспартныя войскі, а таксама розныя дапаможныя падраздзяленні: інжынерныя, сувязь, РЭБ, радыяцыйная, хімічная, біялагічная абарона (РХБ).
Мае Беларусь і сваю тэрабарону — «тэрытарыяльныя войскі». Яны павінны склікацца на выпадак вайны або ваеннага становішча, але з 2022 года рэгулярна праводзяцца зборы і «праверкі боегатоўнасці» тэрабароны, якія, зрэшты, не з'яўляюцца маштабнымі. На нядаўнія красавіцкія вучэнні выклікалі тры тысячы ваеннаабавязаных.
Узбраенне беларускага войска
Большасць беларускай бронетэхнікі — спадчына савецкай арміі. У прыватнасці, гэта тычыцца танкаў.
У 2020 годзе маскоўскі «Цэнтр аналізу стратэгій і тэхналогій» у дакладзе пад назвай «Саюзнікі» так пісаў пра Беларусь: «Фармальна краіна мае на ўзбраенні 1276 танкаў, але пераважная большасць з іх знаходзіцца ў рэзерве (на кансервацыі. — Заўв. рэд.). У страі толькі 446 танкаў Т-72Б і Т-72Б3, якія і складаюць аснову парку дзеючых частак. Але нават гэтая лічба выглядае завышанай».
Танкі Т-72Б, якія з'яўляюцца асновай танкавага парку, — гэта мадэрнізацыя савецкага асноўнага танка, створаная ў сярэдзіне 1980-х.
Т-72Б3 — больш новая расійская мадэрнізацыя (з 2011 года і пазней). Зрэшты, такіх машын, паводле розных ацэнак, у беларусаў толькі каля двух дзясяткаў.
У той жа час Беларусь распрацавала цеплавізійныя прыцэлы «Хвоя-У», якія ўсталёўваюцца ў тым ліку і на Т-72Б3.
Таксама сама Беларусь спрабуе з 2022 года мадэрнізаваць свае Т-72Б да версіі Т-72БМ2 са згаданымі прыцэламі «Хвоя-У» і супрацькумулятыўнымі рашоткамі.
Што тычыцца танкаў, якія знаходзяцца на кансервацыі, то гэта пераважна старыя Т-72А пачатку 1980-х. Як піша «Belsat», у 2022 годзе Беларусь перадала больш за сотню такіх танкаў Расіі для вайны ва Украіне.
Алег Каткоў звяртае ўвагу, што зафіксаваныя эшалоны раскансерваваных беларускіх танкаў, адпраўленых Расіі, могуць быць толькі часткай ад таго, што рэальна перададзена расійцам.
«Пытанне ў тым, якія танкі вывозіліся ў Расію — ці не былі яны знятыя з дзеючых беларускіх брыгад. Як і па боепрыпасах — колькі іх засталося для артбрыгад?» — звяртае ўвагу Каткоў.
Акрамя танкаў, механізаваныя часткі беларусаў абсталяваныя БМП-2. Гэта гусенічная баявая машына пяхоты, якая распрацоўвалася ў СССР з 1970-х.
Дакладная колькасць БМП-2, якія знаходзяцца ў страі ў войску, невядомая. Яна можа складаць некалькі соцень.
Зрэшты, вядома, што дзясяткі такіх машын таксама адправіліся расійцам у 2022 годзе.
У той жа час беларускія механізаваныя брыгады і падраздзяленні ССА атрымліваюць ад Расіі больш новыя БТР-80 і БТР-82, хоць, верагодна, у меншых колькасцях.
Мясцовыя канструктары распрацоўваюць і ўласны бронетранспарцёр «Volat V2», які пазіцыянуецца як выключна беларускі праект. Гэта колавы БТР, на які могуць быць усталяваныя розныя баявыя модулі — напрыклад, ад тых жа БМП-2 з 30-мм гарматай ці ж модуль «Адунок-БМ-30» (30-мм гармата 2А42 са спараным кулямётам ПКТ).
Ваенныя аглядальнікі ацэньваюць «Volat V2» як перспектыўную распрацоўку, «аб'ектыўна лепш за ўсё, што можа прапанаваць Крэмль» у гэтай нішы баявых браніраваных машын.
«Аднак трэба разумець, што да серыйных колькасцей "Волату" яшчэ далёка», — адзначае Алег Каткоў.
Але ці не самай вядомай сучаснай распрацоўкай беларускага абаронпрама з'яўляецца «аналаг HIMARS» — ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз-М» з далёкасцю да 300 км.
«Паланэз-М» лічыцца галоўным дасягненнем беларускага абаронпрама, хоць створаны пры супрацоўніцтве з Кітаем
Устаноўка выкарыстоўвае кітайскія ракеты А200 і А300, якія могуць ляцець па ўскладненай квазібалістычнай траекторыі. У комплекс уваходзяць пускавая ўстаноўка з васьмю ракетамі, камандная і транспартна-зараджальная машыны — усё на базе васьміколавых цягачоў МЗКЦ-7930 «Астролаг», якія вырабляюцца ў Мінску.
Прапаганда падае «Паланэз» як грозную зброю, што павінна стрымаць любога агрэсара, які адважыцца напасці на Беларусь.
Зрэшты, паводле даных IISS, Узброеныя сілы маюць толькі шэсць такіх комплексаў.
«Паланэзаў» мала, і наўрад ці яны могуць адыграць вырашальную ролю ў канфлікце. Хай яны і маюць далёкасць 300 км, але Украіну і так штодня закідваюць балістычнымі ракетамі, кажа галоўны рэдактар «Defense Express».
Акрамя апісанага ўзбраення, беларускае войска мае таксама шматлікія ўзоры ўзбраення савецкай вытворчасці: АТРК «Кропка-У», цяжкія самаходныя ўстаноўкі «Мста-С», «Гіяцынт-С», «Гваздзік», самаходныя мінамёты «Нона», залпавыя сістэмы «БелГрад» (беларуская мадэрнізацыя «Градаў»), «Смерч», «Ураган», супрацьпаветраныя зенітныя комплексы «Тунгуска», «Бук-МБ» (беларуская мадэрнізацыя «Букаў»), С-300 і «Тор-М2».
Паказальнай стала перадача расійцамі Беларусі пасля 2022 года найноўшых комплексаў С-400 і «Іскандэр-М» — пра «Іскандэраў» Лукашэнка спрабаваў дамовіцца з Крамлём яшчэ ў 2009 годзе.
Ваенна-паветраныя сілы прадстаўлены савецкімі знішчальнікамі МіГ-29 і штурмавікамі Су-25, некалькімі больш новымі расійскімі шматмэтавымі знішчальнікамі Су-30см, ударнымі верталётамі Мі-24 і новымі Мі-35, а таксама транспартнай авіяцыяй (Іл-76, Ан-26, Мі-8).
Тактычная ядзерная зброя
Пра перадачу Беларусі тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў вясной 2023 года, і ўжо з мінулага лета пачалі з'яўляцца паведамленні, што ядзерныя боегалоўкі ўжо тут.
Уласна, згаданыя ракетныя комплексы« Іскандэр-М» і могуць быць носьбітамі ядзернай зброі. Як і штурмавікі Су-25, пра адпаведную мадэрнізацыю якіх заяўлялі ў Мінску.
IISS звярнулі ўвагу, што з «Іскандэрамі-М», далёкасць якіх дасягае 500 км, пагроза тактычнай ядзернай зброі распаўсюджваецца ўжо не толькі на Польшчу і балтыйскія краіны (для якіх яна тэарэтычна існавала і раней з Калінінградскага эксклава РФ), але і на Румынію, Венгрыю, Славакію і невялікую частку Чэхіі.
Пад пагрозай і вялікая частка Украіны — цяпер і з поўначы. Гэта значыць, ядзерная зброя ў Беларусі з адпаведнымі носьбітамі — гэта геапалітычны выклік, які выкарыстоўвае Расія.
«Так Расія знішчыла адразу некалькі базавых дамоваў аб нераспаўсюджванні ракет пэўнай далёкасці», — гаворыць Алег Каткоў.
«У той жа час невядома, ці рэальна Мінск атрымаў ядзерную зброю — гэта значыць зарады і магчымасць іх выкарыстання на сваё меркаванне», — дадае ён.
Уласна, большасць аглядальнікаў лічаць, што «чырвоная кнопка» гэтых боегаловак ўсё роўна ў Маскве. Нягледзячы на ўсе заявы Лукашэнкі, што «гэта наша справа з Пуціным».
Існуюць сумневы і адносна таго, наколькі «ядзерная перадача» наогул мела месца.
«Нам ядзерную зброю не паказвалі. Гістарычна можам даведацца, што ўсё гэта было вялікім блефам», — мяркуе беларускі палітолаг Арцём Шрайбман.
Ці ўступіць Беларусь у вайну наўпрост
Суразмоўца ўкраінскай службы «Бі-бі-сі», які з'ехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года, але падтрымлівае сувязь з былымі суграмадзянамі, кажа, што, паводле яго ўражанняў, прынамсі на пачатку поўнамаштабнага ўварвання беларускія вайскоўцы пераважна былі супраць таго, каб іх войска наўпрост уступала ў вайну ва Украіне.
Гэта ж пацвярджае і галоўная рэдактарка беларускага сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна: «Яны, вядома, не хочуць ваяваць, гэта я дакладна магу вам сказаць. Калі пойдуць, то пойдуць выключна па загадзе і пад прымусам, але выдатна ведаючы, якімі будуць наступствы ўдзелу ў гэтай вайне».
Падобныя думкі выказвае і Арцём Шрайбман: «У яго цяперашнім немабілізаваным стане беларускае войска не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы Украіне на любым кірунку. Яно не ўяўляе сур'ёзнай дапамогі Расіі. Яго задзейнічанне на полі бою перастане адчувацца на працягу некалькіх дзён ці тыдняў. Затое наступствы для Беларусі і беларускага плацдарма Расіі могуць быць доўгайграючымі».
Зрэшты, Алег Каткоў звяртае ўвагу, што нельга не ўлічваць чатыры механізаваныя брыгады і дзве брыгады ПДВ пры падтрымцы яшчэ дзвюх артылерыйскіх брыгад, якія Беларусь можа выставіць як ударныя сілы.
«Калі паставім пытанне, дзе яны могуць пайсці ў наступ, то ўбачым даволі складаны ўчастак для любых наступальных дзеянняў: абмежаваную колькасць дарог, шмат цяжкапраходных лясоў і балот», — паказвае ён.
Гэта значыць, пры такіх умовах, а таксама ўлічваючы падрыхтоўку УСУ і «рэаліі поля бою» сучаснай вайны, масавае выкарыстанне бронетэхнікі выглядае не вельмі верагодным і рацыянальным.
«Але наступ Расіі на поўначы Харкаўшчыну паказвае, што актыўныя наступальныя дзеянні можна весці з мінімумам бранятанкавай кампаненты», — адзначае Алег Каткоў.
А адносна магчымасці прамога ўступлення Беларусі ў вайну папярэджвае: «Такая верагоднасць ёсць. Яна не нулявая. Знаходзіцца ў ілюзіях, што "гэтага не адбудзецца, таму што гэта ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя)" — пагрозліва для Украіны. Менавіта таму Украіна трымае ўздоўж мяжы адпаведныя сілы».