Беларусь — на чацвёртым месцы ў Еўропе па ўзроўні мілітарызацыі: Рыхтуемся да вайны?

Эксперты паставілі Беларусь на чацвёртае месца ў Еўропе па ўзроўні мілітарызацыі. І гэта, відаць, толькі пачатак, піша «Люстэрка».

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

Бонскі міжнародны цэнтр вывучэння канфліктаў (BICC) 5 снежня абнавіў свой Глабальны індэкс мілітарызацыі. Згодна з ім, Беларусь, насуперак першаму радку свайго гімна («Мы, беларусы — мірныя людзі») — адна з чатырох самых мілітарызаваных (то-бок ваенізаваных) краін Еўропы і 19-я — у свеце. Расказваем, як нямецкія даследчыкі вызначаюць узровень мілітарызацыі розных краін, чаму ў Беларусі ён такі высокі і ў каго з нашых суседзяў ён яшчэ большы.


galh1rmwyaa_mkl.jpg

Як лічаць глабальны індэкс мілітарызацыі?

Для пачатку адзначым, што сам свежы рэйтынг і тлумачэнні да яго адлюстроўваюць сітуацыю, якая склалася ў свеце на канец 2022 года. Новы глабальны індэкс падлічаны для 149 дзяржаў. Некаторых краін, якія цалкам маглі б прэтэндаваць на высокія месцы ў рэйтынгу, у ім наогул няма — відаць, праз недахоп аб’ектыўнай інфармацыі пра іх. Гэта, у прыватнасці, Паўночная Карэя, Куба, Эрытрэя. Таксама ў рэйтынгу не прадстаўлен дзяржавы, у якіх працягваюцца ўнутраныя ўзброеныя канфлікты — Сірыя, Лівія, Емен.

Для падліку глабальнага індэкса мілітарызацыі выкарыстоўваюцца тры групы індыкатараў.

  • Першая — гэта памер вайсковых выдаткаў у параўнанні з аб’ёмам унутранага валавога прадукту і ў параўнанні з дзяржаўнымі выдаткамі на ахову здароўя. То-бок такім чынам падлічваюць «вайсковы» складнік эканомікі краіны.
  • Другая — гэта суадносіны паміж колькасцю арміі і ваенізаваных фарміраванняў і агульнай колькасцю насельніцтва і колькасцю медыкаў у краіне. Таксама ў гэтай групе крытэраў улічваецца доля навучанага вайсковага рэзерву да агульнай колькасці насельніцтва. Гэты паказчык даследчыкі ўвялі для таго, каб улічыць рэальны ўзровень мілітарызацыі ў краінах з невялікімі войскамі мірнага часу, якія тым не менш маюць буйныя падрыхтаваныя рэзервы на выпадак вайны — накшталт Швейцарыі.
  • Трэцяя група індыкатараў — гэта колькасць цяжкага ўзбраення, якім валодае дзяржава, у дачыненні да агульнай колькасці яго насельніцтва. Тут даследчыкі ўлічваюць з рознымі каэфіцыентамі бранятэхніку (баявыя браніраваныя машыны і танкі), артылерыю калібрам большым за 100 мм, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, баявую авіяцыю і буйныя баявыя караблі.

Наколькі мілітарызавана Беларусь і чаму

Паводле падлікаў BICC, Беларусь аказалася чацвёртай у спісе самых мілітарызаваных краін Еўропы і 19-й — у свеце. Дзяржавы з пазіцыямі з 1-й да 30-й складальнікі рэйтынгу адносяць да групы «вельмі моцна мілітарызаваных» — адпаведна, трапіла ў гэтую катэгорыю і Беларусь.

Пры гэтым Беларусь адносіцца да групы краін са «слабым узроўнем» вайсковых выдаткаў — гэтая група індыкатараў прынесла нашай краіне менш за ўсё «мілітарысцкіх» балаў. Вайсковы бюджэт Беларусі ў 2022 годзе складаў 792 мільёны даляраў — то-бок усяго каля 1,2% ад ВУП. Эксперты таксама адзначаюць, што канцэпцыя будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл Беларусі прадугледжвае павелічэнне гэтага паказчыка да 1,5% ВУП.

Зрэшты, трэба адзначыць, што ў 2023 годзе выдаткі на нацыянальную абарону ў Беларусі падскочылі адразу больш чым у паўтара разы ў рублёвым выражэнні (з 1,8 да 2,8 мільярда рублёў). Пры гэтым выдаткі на ахову здароўя выраслі ўсяго на 12%. Мяркуючы па такіх паказчыках, у наступным рэйтынгу BICC беларускія бюджэтныя параметры ўжо не будуць выглядаць такімі «міралюбнымі».

Затое адносны памер беларускай арміі і яе забяспечанасць цяжкім узбраеннем ужо цяпер на самым высокім з магчымых — «вельмі вялікім узроўні».

Аўтары рэйтынга сцвярджаюць, што мілітарызацыя Беларусі стала вынікам імкнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да вайсковага саюзу з Расіяй. У выніку наша краіна мілітарызавалася разам з РФ — і адначасова нарасціла колькасць сілавікоў для захавання свайго палітычнага рэжыму. Таксама складальнікі дакумента называюць Расію (разам з Кітаем) галоўным пастаўшчыком зброі ў Беларусь.

Эксперты BICC бачаць прычыну высокай мілітарызацыі Беларусі ў цеснай сувязі паміж кіруючым рэжымам і сілавым блокам, які гарантуе яго бяспеку. Яны звяртаюць увагу на тое, што вайсковая дактрына Беларусі, прынятая ў 2016 годзе, дае ўладам права выкарыстоўваць узброеныя сілы не толькі для барацьбы з вонкавымі пагрозамі, але і для «падтрымання грамадскага парадку» і супрацьдзеяння «каляровым рэвалюцыям». У выніку Лукашэнка выкарыстаў вайсковыя падраздзяленні, каб задушыць масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Генадзь Шутаў, забіты стрэлам з пісталета ў патыліцу 11 жніўня 2020 года падчас здушэння пратэстаў у Брэсце вайскоўцам УС РБ капітанам Раманам Гаўрылавым. Фота з архіва сям'і

Генадзь Шутаў, забіты стрэлам з пісталета ў патыліцу 11 жніўня 2020 года падчас здушэння пратэстаў у Брэсце вайскоўцам УС РБ капітанам Раманам Гаўрылавым. Фота з архіва сям'і

Таксама аўтары рэйтынга звяртаюць увагу на тое, што ў 2021 годзе Беларусь прыняла агульную з Расіяй вайсквую дактрыну Саюзнай дзяржавы, у адпаведнасці з якой наша краіна ператварылася ў заходні фланг беларуска-расійскай групоўкі, скіраваны супраць NATO.

Іншая крыніца высокага ўзроўню мілітарызацыі Беларусі — гэта багатая вайсковая спадчына СССР, ад якой наша краіна атрымала шмат цяжкай баявой тэхнікі. Акрамя таго, як адзначаюць складальнікі рэйтынга, у апошняе дзесяцігоддзе Мінск пачаў нарошчваць закупкі новых узбраенняў і ваеннай тэхнікі ў Расіі.

Што да колькасці войска, то па гэтым параметры Беларусь на першы погляд не падаецца надта мілітарызаванай краінай. BICC мяркуе, што ў беларускіх узброеных сілах служыць 48 тысяч чалавек — што дае адносна невысокі паказчык: 5 вайскоўцаў на 1000 жыхароў краіны. Аднак з улікам 110-тысячнага персаналу розных ваенізаваных фарміраванняў (накшталт унутраных войскаў МУС, памежнікаў і гэтак далей) гэта дае ўжо прынцыпова большую лічбу — 17 чалавек на 1000 жыхароў. Такі паказчык супастаўны з аналагічным у традыцыйна моцна мілітарызаванай Арменіі. Колькасць беларускага навучанага рэзерву BICC ацэньвае ў 290 тысяч чалавек.

Сярод падзей нядаўняга часу, якія паўплывалі на мілітарызацыю Беларусі, складальнікі рэйтынга называюць адыход Лукашэнкі ў лістападзе 2021 года ад спачатку нейтральнай пазіцыі ў расійска-ўкраінскім канфлікце. Тады палітык у інтэрв'ю крамлёўскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву заявіў, што «дэ-юрэ Крым стаў расійскім». Пасля гэтага афіцыйны Мінск усё больш адкрыта пераходзіў на бок РФ. Напярэдадні яе ўварвання ва Украіну Беларусь дала сваю тэрыторыю для сумесных манеўраў сваёй і расійскай армій. Пад іх прыкрыццём Расія сканцэнтравала на беларуска-ўкраінскай мяжы групоўку для ўварвання, а потым і напала адтуль на нашу паўднёвую суседку.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Хоць афіцыйна беларускія войскі не ўдзельнічаюць у канфлікце, Лукашэнка заяўляў пра намер павялічыць узброеныя сілы, стварыўшы падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны агульнай колькасцю 45 тысяч чалавек. Акрамя таго, працягваецца інтэграцыя ўзброеных сіл Беларусі і Расіі. А з сярэдзіны 2023 года Расія пачала размяшчаць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.

Хто ў свеце самы мілітарызаваны, а хто — самы мірны?

Становішча Беларусі ў глабальным рэйтынгу мілітарызацыі за 2022 год змянілася мала. Яна набрала толькі на 1 бал больш, чым у рэйтынгу папярэдняга года (172 супраць 171), але перамясцілася пры гэтым на адну пазіцыю ніжэй — з 18-га на 19-е месца.

Значна больш ашаламляльныя перамены адбыліся ў нашай паўднёвай суседкі — Украіны. Расійскае поўнамаштабнае ўварванне і неабходнасць супрацьстаяць яму зрабілі Украіну ў 2022 годзе самай мілітарызаванай краінай свету, «пасунуўшы» з першага месца Ізраіль (тут нагадаем, што рэйтынг зафіксаваў сітуацыю, якая склалася яшчэ да нападу тэрарыстаў ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку гэтага года).

Артылерысты Узброеных сіл Украіны. Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Артылерысты Узброеных сіл Украіны. Фота: facebook/GeneralStaff.ua

У леташнім рэйтынгу Украіна знаходзілася па ўзроўні мілітарызму на 19-м месцы — акурат следам за Беларуссю. Цяпер жа першая дзясятка самых мілітарызаваных краін свету выглядае так (вылучаны краіны Еўропы):

  • Украіна (19-е месца летась)
  • Ізраіль (1-е месца летась)
  • Арменія (3-е месца летась)
  • Катар (6-е месца летась)
  • Бахрэйн (2-е месца летась)
  • Саудаўская Аравія (5-е месца летась)
  • Грэцыя (9-е месца летась)
  • Сінгапур (7-е месца летась)
  • Азербайджан (13-е месца летась)
  • Расія (11-е месца летась).

Што да нашых заходніх суседзяў, якія, на думку прапаганды, імкліва «напампоўваюцца і зброяй, і натаўскімі вайскоўцамі», усе яны размяшчаюцца ў рэйтынгу мілітарызацыі ніжэй за Беларусь з яе 19-м месцам. Хоць і скарацілі разрыў за апошні год, знаходзячыся пад уражаннем ад поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну:

  • 21. Літва (27-е месца летась)
  • 46. Польшча (50-е месца летась)
  • 64. Латвія (69-е месца летась).

На супрацьлеглым полюсе найменш мілітарызаваных краін свету размясцілася дзясятка вельмі разнастайных па ўзроўні развіцця і геаграфічным размяшчэнні дзяржаў. Зрэшты, нешта агульнае можна знайсці і ў іх: восем з дзесяці найменш ваяўнічых краін свету размешчаны на астравах — што, імаверна, само па сабе трохі ўмацоўвае іх упэўненасць ва ўласнай бяспецы. А гэта ў сваю чаргу пазбаўляе іх неабходнасці павялічваць вайсковыя бюджэты і арміі:

  • 140. Гватэмала
  • 141. Мадагаскар
  • 142. Ірландыя
  • 143. Гана
  • 144. Каба-Вердэ
  • 145. Трынідад і Табага
  • 146. Папуа-Новая Гвінея
  • 147. Маўрыкій
  • 148. Мальта
  • 149. Гаіці.