652-гі дзень вайны: Украіне дапамагаюць усё больш неахвотна
Расійская армія атакавала Цягінку Херсонскай вобласці, пацярпелі чатыры чалавекі. Дапамога Украіне дасягнула мінімуму за ўвесь перыяд вайны.
У Сербіі зарэгістравалі філіял расійскай «грамадскай арганізацыі» «Іншая Украіна», якую пасля абмену вязнямі ў РФ стварыў Медвядчук. Кіраўніком падраздзялення арганізацыі стаў кандыдат у дэпутаты парламента Сербіі Драган Станоевіч, які публічна падтрымлівае агрэсію РФ.
Расія і Саудаўская Аравія дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва ў абароне, гаворыцца ў супольнай заяве паводле вынікаў візіту Пуціна. Што тычыцца вайны ва Украіне, то Расія выказала ўдзячнасць за намаганні наследнага прынца Саудаўскай Аравіі — у тым ліку за «вызваленне шэрагу зняволеных розных нацыянальнасцей».
Украіне дапамагаюць усё больш неахвотна
- Дапамога Украіне дасягнула мінімуму за ўвесь перыяд вайны, паведамляе Кільскі інстытут сусветнай эканомікі. Так, са жніўня па кастрычнік 2023 года агульны кошт новых пакетаў ацэньваецца ў 2,11 млрд еўра — гэта самая нізкая сума са студзеня 2022 года.
Нядаўна выдзеленая дапамога амаль на 90% меншая, чым за той жа перыяд 2022 года. З 42 апытаных донараў толькі 20 абяцалі даць новыя пакеты дапамогі за апошнія тры месяцы, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам з пачатку вайны.
- Міністр абароны ЗША Лойд Осцін правёў у Пентагоне сустрэчу за закрытымі дзвярыма з украінскім калегам Рустэмам Умеравым. Як паведаміла прэс-служба Пентагона, перамовы тычыліся стратэгічных мэт Украіны на наступны год і доўгатэрміновага бачання будучых Узброеных сіл.
- Украіна запрасіла ў ЗША новыя віды ўзбраення для адбіцця расійскіх нападаў, сярод якіх, між іншым, сучасная сістэма СПА THAAD, знішчальнікі F-18 «Hornet», беспілотнікі MQ-9B «Sky Guardian», верталёты «Apache» і «Black Hawk», паведамляе «Reuters» са спасылкай на дакументы.
- Рэспубліканцы ў Сенаце праз супярэчнасці з іміграцыяй заблакіравалі 66 мільярдаў долараў дапамогі Украіне. Законапраект аб дапамозе Украіне, Ізраілю і Тайваню не набраў дастатковай колькасці галасоў для прасоўвання. Заканадаўчая ініцыятыва прадугледжвала выдзяленне пакета дапамогі ў памеры 106 млрд долараў, з якіх больш за палову сродкаў прызначалася Украіне.
Байдэн назваў шантажом дзеянні рэспубліканцаў у Кангрэсе, якія пагражаюць спыніць падтрымку Украіны, калі яны не даб'юцца змен у палітыцы гарантавання бяспекі мяжы з Мексікай. «Гэта палітычны шантаж у чыстым выглядзе. Стаўкі занадта высокія, а наступствы занадта значныя для палітычнага балансавання на мяжы вайны», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Амбасадар Украіны ў ЗША Аксана Маркарава паведаміла, што законапраект у бліжэйшы час можа быць зноў унесены на разгляд у Сенат ЗША, паколькі сенатары не падтрымалі спыненне дэбатаў па дакуменце. «Што гэта значыць для Украіны? На ўсіх сустрэчах сенатары запэўнівалі нас у тым, што сённяшняе галасаванне — гэта не галасы супраць Украіны», — адзначыла Маркарава.
Паводле слоў амбасадаркі, дыпламаты працягваюць актыўную працу і спадзяюцца, што яшчэ да Калядаў Кангрэс падтрымае ўзгоднены пакет, у якім будзе абаронная, бюджэтная, гуманітарная і энергетычная дапамога для Украіны на 2024 год.
- Японія выдзеліць на аднаўленне Украіны 4,5 млрд долараў, паведаміў прэм'ер Фуміа Кісіда.
Украіна — ЕС
Андрэй Ярмак паведаміў, што правёў тэлефонную размову з міністрам замежных спраў ВенгрыіПетэрам Сіяртам. Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны запэўніў, што ў бліжэйшыя дні Вярхоўная Рада плануе прыняць шэраг важных еўраінтэграцыйных законапраектаў, і Украіна цалкам выканае свае абавязацельствы.
«Адзначыў, што Украіна разлічвае на станоўчае рашэнне снежаньскага пасяджэння Еўрапейскай Рады, якое адбудзецца 14-15 снежня, наконт пачатку перамоў з Украінай аб сяброўстве ў ЕС», — падкрэсліў Ярмак. Бакі абмеркавалі магчымасць сустрэчы Зяленскага і Орбана і дамовіліся працаваць над прызначэннем зручнай даты такой сустрэчы.
Санкцыі супраць дыяментаў з РФ
Дзяржавы G7 паводле вынікаў віртуальнага саміту абвясцілі аб намерах да 1 студзеня 2024 года ўвесці абмежаванні на расійскія дыяменты. Уводзяцца абмежаванні на імпарт непрамысловых дыяментаў, якія здабываюцца, апрацаваных або вырабленых у Расіі, да 1 студзеня 2024 года, а затым далейшыя паэтапныя абмежаванні на імпарт расійскіх дыяментаў, апрацаваных у трэціх краінах. Арыенціровачная дата старту гэтых абмежаванняў — 1 сакавіка 2024 года.
Да 1 верасня 2024 года краіны G7, якія з'яўляюцца асноўнымі імпарцёрамі неапрацаваных дыяментаў, створаць механізм праверкі і сертыфікацыі неапрацаваных дыяментаў і будуць кансультавацца ў гэтым пытанні з краінамі-вытворцамі і партнёрамі.
Навіны вайны
- Уначы супрацьпаветраная абарона знішчыла 15 з 18 БПЛА тыпу «Shahed», якімі Расія атакавала з мыса Чауда (Крым), паведамляе камандаванне паветраных сіл Украіны. Асноўныя напрамкі ўдару — Хмяльніцкая і Адэская вобласці.
- Уначы расіяне атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі каляпартовую інфраструктуру Падунаўя ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер. У выніку трапляння пашкоджана складское памяшканне, элеватар і грузавік, загінуў кіроўца адной з фур. На месцы адбыўся пажар, які аператыўна ліквідавалі супрацоўнікі ДСНС.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 7 снежня: асабовага складу — каля 336 230 (+1120 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5618 (+18), баявых браніраваных машын — 10 482 (+26), артылерыйскіх сістэм — 8045 (+21), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6116 (+33), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 10 561 (+29).
- За мінулыя суткі на фронце адбылося 91 баявое сутыкненне, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, Сілы абароны Украіны адбілі 34 варожыя атакі на аўдзееўскім кірунку (у раёнах на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, Тоненькага, Першамайскага Данецкай вобласці) і 17 атак — на мар'інскім (у раёнах Краснагораўкі, Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці) .
- Акрамя таго, на купянскім кірунку УСУ адбілі атакі ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — у раёнах Цернаў, Вясёлага, Раздолаўкі Данецкай вобласці; на бахмуцкім — у раёнах Багданаўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на шахцёрскім — на поўнач ад Новаданецкага Данецкай вобласці; на запарожскім — на захад ад Вербавага, Новапракопаўкі і Рабоціна Запарожскай вобласці. У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, а на херсонскім кірунку ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
- У «ДНР» працягваюць выносіць «прысуды» палонным абаронцам Марыупаля. «Вярхоўны суд ДНР» асудзіў яшчэ трох азоўцаў — Уладзіслава Чужа, Багдана Бязноську і Святаслава Здаравеньку. Іх прызналі «вінаватымі» ў нібыта «жорсткім абыходжанні з цывільным насельніцтвам».
- Снайпер контрвыведкі СБУ трапіў у расійскага афіцэра з адлегласці ў 3800 метраў — і гэтым пабіў папярэдні сусветны рэкорд.