Радзіма не забудзе? Вайскоўцы робяць прызыў у армію больш жорсткім

Мілітарызацыя ўсё больш пранікае ў грамадства. У руках сілавога блоку — фактычна, карт-бланш на любыя дзеянні. Напрыклад, вайскоўцы могуць забараніць прызыўнікам выезд за мяжу, а яшчэ набіраць у войска асуджаных.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі прыняты важныя змены аб вайсковай службе і мабілізацыі. Цяпер у ваенкамат могуць выклікаць па SMS, для парушальнікаў зрабілі больш жорсткім пакаранне, вайсковыя камісары атрымалі больш паўнамоцтваў для абмежавання права на выезд за мяжу. Акрамя таго, зніжаны патрабаванні па здароўі для прызыўнікоў. А «кантрактнікамі» могуць стаць нават зняволеныя.

Што мяняецца?

Цяпер выклікаць грамадзян у ваенкамат можна будзе не толькі папяровай позвай, але і SMS на мабільны тэлефон. Позва будзе лічыцца ўручанай з моманту адпраўкі паведамлення. Выступаючы ў парламенце, першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч заявіў, што такое паведамленне будзе прыраўноўвацца да позвы толькі ў ваенны час. Выкарыстанне SMS для выкліку на тэрміновую службу, для афіцэраў запасу і на службу ў рэзерве законам не прадугледжана, піша «Deutsche Welle».

Папяровыя позвы прызыўніку змогуць уручаць у любым месцы, а не толькі па хатнім або працоўным адрасе. Па білінгу мабільнага аператара сілавікі могуць вызначыць, дзе цяпер знаходзіцца чалавек. Пры ваенкаматах і КДБ створаць атрады добраахвотнікаў, якія будуць дапамагаць праводзіць прызыў і мабілізацыю.


Глядзіце таксама

Таксама ўлады зрабілі больш жорсткай адказнасць за ўхіленне ад службы ў войску (раней максімальным пакараннем было абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў, цяпер — да трох) і няяўку ў ваенкамат (раней максімальны штраф быў да 5 базавых велічынь, цяпер — да 30).

Ваенныя камісары могуць хадайнічаць аб абмежаванні права на выезд за мяжу. Раней гэта тычылася толькі тэрміновай службы і рэзервістаў, цяпер і тых, хто пазбягае збораў.

На службу па кантракце змогуць набіраць абвінавачаных, якія знаходзяцца пад следствам, ці ўжо асуджаных, у тым ліку зняволеных у калоніях — «для забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі». Рашэнне будзе прымаць Лукашэнка. 

Акрамя таго, у 2023-м улады пашырылі спіс хвароб, з якімі могуць прызываць у войска, змены тычацца 22 з 89 пазіцый. Гэта закранае і тых, каго раней прызналі «непрыдатным да праходжання вайсковай службы ў мірны час». Цяпер іх запрашаюць прайсці пераагляд. Так, раней пры блізарукасці больш 6,0 і да 8,0 дыёптрый прысвойвалі статус «непрыдатны ў мірны час», цяпер — «прыдатны з абмежаваннямі». 

У планах сілавікоў — адмяніць адтэрміноўку для ўсіх студэнтаў, пакуль гэта тычыцца толькі тых, хто з траўня 2023-га пачаў вучобу за мяжой.

Як сілавікі знаходзяць «ухілістаў»?

Калі прызыўнік не з'явіўся ў ваенкамат, на яго заводзяць крымінальную справу. Далей выклікаюць у Следчы камітэт. Калі чалавек хаваецца, абвяшчаюць у вышук, у тым ліку міжнародны. Пры гэтым прозвішчы «ўхілістаў» не заўсёды ўключаюць у публічную базу МУС, таму затрыманне можа стаць нечаканасцю. Паводле звестак Генпракуратуры, Расія рэгулярна высылае прызыўнікоў у Беларусь. 

Да нядаўняга часу так паступала і Арменія, у 2023-м з Ерэвана ў Мінск вярнулі мужчыну, які ў 2018 годзе не з'явіўся на медкамісію ў ваенкамат. Цяпер у Арменіі знаходзяцца чацвёра беларусаў, якіх затрымалі на запыт Беларусі, што ўнесла іх звесткі ў міждзяржаўную базу вышуку СНД. Двое з іх запыталі палітычнага прытулку, бо ў Беларусі, паводле іх слоў, ім пагражае палітычны пераслед — у 2020 годзе яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. 

ЕС не выдае беларускіх прызыўнікоў. «Частка прызыўнікоў, атрымаўшы позву, з'язджае ў краіны Еўрасаюза, якія адмаўляюць нам у экстрадыцыі, спасылаючыся на тое, што ў іх за дадзенае дзеянне крымінальная адказнасць не прадугледжаная», — растлумачыў дзяржСМІ прадстаўнік ваенкамата Гродна і Гродзенскай вобласці Міхаіл Пазнякоў


Глядзіце таксама

Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі «Цэнтра беларускай салідарнасці» Вольга Дабравольская адзначае, што сілавікі могуць выкарыстоўваць «непалітычныя» крымінальныя артыкулы, каб аб'яўляць у міжнародны вышук нязгодных з уладай. Таму праваабаронцы не раяць наведваць краіны, дружалюбныя рэжыму Лукашэнкі, і краіны, дзе зафіксаваныя шматлікія парушэнні правоў чалавека.

Як караюць «ухілістаў»?

Беларускі адвакат, які спецыялізуецца ў справах аб вайсковай службе, адзначае, што за ўхіленне прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Адміністрацыйную справу заводзяць за няяўку без уважлівых прычын у ваенкамат (штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, сёння гэта ад 400 да 1200 рублёў, або 114-343 еўра). Няяўка на медыцынскі агляд цягне ўжо крымінальную адказнасць і караецца штрафам, арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Паводле слоў адваката, часцей за ўсё суды па такіх справах прызначаюць штраф (ад 30 да 1000 базавых велічынь, сёння гэта ад 1200 да 40 000 рублёў, або 343-11 429 еўра). Калі прызыўніка затрымалі на мяжы або экстрадавалі ў Беларусь, хутчэй за ўсё, яго возьмуць пад варту, пакаранне будзе больш суровым — «хімія» або пазбаўленне волі, звычайна тэрмінам на адзін год, удакладняе суразмоўца.


Глядзіце таксама

Прызыўны ўзрост у Беларусі — да 27 гадоў, і як адзначае адвакат, некаторыя прызыўнікі лічаць, што пасля гэтага да іх ужо не будзе пытанняў. «Аднак калі крымінальная справа была ўзбуджаная, а чалавек хаваўся за мяжой, яго затрымаюць, як толькі ён зноў апынецца ў Беларусі ці будзе ўхвалены запыт на яго экстрадыцыю», — тлумачыць спецыяліст. Так, напрыканцы мінулага года ў аэрапорце Мінска затрымалі 28-гадовага беларуса, які сем гадоў таму не з'явіўся на медкамісію ў ваенкамат і з'ехаў у ЗША.

Калі прызыўнік наўмысна наносіць шкоду здароўю або сімулюе хваробу, каб «адкасіць» ад службы, пакаранне больш сур'ёзнае — абмежаванне або пазбаўленне волі да пяці гадоў. Але такія справы — рэдкасць, кажа адвакат: «Быў выпадак, калі хлопец спрабаваў сімуляваць псіхічнае захворванне. Яго накіравалі на абследаванне, камісія прыйшла да высновы, што ён здаровы. У судзе абвінавачаны сказаў, што не хацеў ісці ў войска і прызнаў віну. Суд прызначыў яму год "хатняй хіміі"».