Ці праўда, што прыдатным да службы ў войску хочуць забараніць выезд з краіны на час прызыву?
Аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL паведамляе, што ў Мінабароны рыхтуюцца ўвесці забарону на выезд з Беларусі мужчынам, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую службу ў войску.

З гэтай нагоды «Люстэрка» патэлефанавала ў ваенкамат і ў камісію Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. Вось што там адказалі.
BELPOL спасылаецца на некалькі ўласных крыніц. Паводле іх звестак, улады хочуць абмяжоўваць выезд на час вясновага і восеньскага прызыву. Калі такое рашэнне будзе прынятае, то беларусы, прыдатныя да службы ў войску і якія не прайшлі яе, не змогуць выязджаць з краіны восем месяцаў у годзе.
Як сцвярджаюць экс-сілавікі, такое новаўвядзенне плануецца абгрунтаваць інтарэсамі нацыянальнай бяспекі. Распрацоўка планаў, паводле іх інфармацыі, праходзіць «у строгай сакрэтнасці».
Глядзіце таксама

Пад выглядам усхваляванай грамадзянкі журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў камісію Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. Пытанне пра тое, ці сапраўды ўвядуць такое абмежаванне, у прыёмным пакоі назвалі «дзіўным» і параілі «не тлуміць галаву».
Мы таксама патэлефанавалі ў вайсковы камісарыят Мінскага раёна. Выслухаўшы пытанне, супрацоўнік ведамства запэўніў, што пра такія абмежаванні гаворкі не ідзе:
— Калі б гэта было, гэта было б абвешчана.
Глядзіце таксама

Нагадаем, прызыў на тэрміновую службу праходзіць двойчы на год: з лютага да траўня і са жніўня да лістапада. Сёлета ён пачаўся 12 лютага.
Глядзіце таксама
